Настаўнікамі славіцца Быхаўская зямля

У нашым раёне прайшло цікавае мерапрыемства, прысвечанае папулярызацыі настаўніцкай дзейнасці. Па ініцыятыве Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі на базе сярэдняй школы № 2 Быхава прайшоў круглы стол “Настаўнікамі славіцца зямля”. Нагодай для яго правядзення стаў конкурс “Працоўная гісторыя краю”. У цэнтры ўвагі былі педагагічныя дынастыі Быхаўскага раёна. Творчыя даследаванні правялі школы раёна. Пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова Алы Віктараўны Замяцінай, педагога-арганізатара Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій, якая адзначыла, што такія круглыя сталы стануць традыцыйнымі.

Ганна Дуброўская, вучаніца 11 класа гімназіі Быхава, прадставіла работу аб педагагічнай дынастыі, прадстаўніцай якой з’яўляецца Таісія Мікітаўна Бабцова. Калі працоўны стаж усіх сваякоў Таісіі Мікітаўны скласці разам, то атрымаецца амаль 500 гадоў. Сама Таісія Мікітаўна 38 гадоў працавала настаўніцай фізікі ў Макранскай сярэдняй школе. Яе бацька да Вялікай Айчыннай вайны працаваў дырэктарам школы. Хоць дырэктараў школ на фронт не бралі, ён усё ж пайшоў ваяваць, бо лічыў гэта сваім абавязкам. Быў рэпрэсаваны, і толькі ў 1953 годзе рэабілітаваны. Таісія Мікітаўна вельмі добра памятае той час і з цеплынёй захоўвае сямейны архіў. У вайну яна скончыла школу і пазней паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут. У інстытуце адразу заўважылі ініцыятыўную дзяўчыну і выбралі яе сакратаром камсамольскай арганізацыі…Хочацца адзначыць, што Таісія Мікітаўна ўжо не адзін дзясятак гадоў супрацоўнічае з раённай газетай “Маяк Прыдняпроўя”. Яе артыкулы друкаваліся і ў шматлікіх іншых перыядычных выданнях Беларусі. Таісія Мікітаўна была асабіста знаёма з І.Х.Баграмянам, выдатным савецкім палкаводцам, П.М.Машэравым, першым сакратаром ЦК КПБ. А ў 2014 годзе Таісія Мікітаўна адзначыла сваё 80-годдзе. Яна ўзнагароджана медалямі “Ветэран працы” і “Медаль мацярынства”.
Пра Анатоля Пятровіча Лісава расказаў Павел Кудзелка, вучань 9 класа сярэдняй школы № 1 Быхава. Анатоль Пятровіч Лісаў нарадзіўся 25 чэрвеня 1932 года. Гэта быў вельмі інтэлігентны чалавек, які ўсё сваё жыццё прысвяціў адукацыі. У 11 гадоў ён застаўся без бацькі, які загінуў на фронце. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага інстытута працаваў у Палянінавіцкай школе, сярэдняй школе № 1 Быхава, амаль 20 гадоў узначальваў аддзел адукацыі Быхаўскага раёна, заслужаны настаўнік БССР. Дочкі Анатоля Пятровіча таксама сталі настаўніцамі.
Андрэй Цывілька, вучань 11 класа Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, з гордасцю распавядаў пра свайго прадзеда Мікалая Раманавіча Грышчанку, які пасля заканчэння школы марыў стаць настаўнікам, бо ў сям’і на той момант ужо былі настаўнікі. Аднак ажыццяўленне мары давялося адкласці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён стаў партызанам. Ваяваў у лясах Быхаўшчыны, быў тройчы цяжка паранены. Служыў Мікалай Раманавіч у складзе 152-га партызанскага палка ў знакамітым атрадзе Грыцана, удзельнічаў у вызваленні Данцыга, Гдыні, Кёзліна, Шчэціна, дайшоў да Берліна. За заслугі перад Айчынай Мікалай Раманавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, медалём Жукава і інш. Пасля вайны працаваў у Ямніцкай школе, пасля — у Лагадаўскай школе. А з 1959 да 1984 года — у Макранскай сярэдняй школе, дзе выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. У Мікалая Раманавіча трое дзяцей, і ўсе яны сталі настаўнікамі. Справу дзядулі працягнулі і ўнукі.
Марыя Лявіцкая, вучаніца 11 класа Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, расказала пра дынастыю, прадстаўніком якой з’яўляецца яе класны кіраўнік Святлана Мікалаеўна Каранеўская, якая зараз працуе настаўніцай матэматыкі ў Макранскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Пасля непрацяглай вучобы ў Магілёўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце Святлана Мікалаеўна паступіла на фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова, бо з дзяцінства марыла стаць педагогам. Яе настаўніцкая дынастыя пачынаецца з бабулі, Еўдакіі Георгіеўны Сафонавай. Маці Святланы Мікалаеўны, Вера Мікалаеўна Каранеўская, таксама працавала настаўніцай, выкладала рускую мову і літаратуру ў Макранскай сярэдняй школе.
Вучні падкрэслілі, што праца настаўніка ва ўсе часы была і застаецца самай паважанай і высакароднай. Менавіта ад настаўніка залежыць лёс чалавека.
Выдатна, калі педагагічныя дынастыі становяцца прадметам даследавання нашых вучняў. Магчыма, што і сярод іх ёсць будучыя настаўнікі.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.