Настаўнікам, якія захоўваюць наша маленства…

Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 25 чэрвеня 2013 года музею гісторыі станаўлення і развіцця Уздзенскай школы-інтэрната прысвоена званне “народны”. Увогуле работа па стварэнні музея пачалася ў 1994 годзе. Падбіраліся экспанаты, фарміравалася асноўная экспазіцыя. За гэты час асноўны фонд музея склаў 1080 экспанатаў, і гэты спіс увесь час папаўняецца.

Асаблівую дапамогу ў папаўненні фондаў музея аказваюць выхаванцы дзіцячага дома і школы-інтэрната. А ў 2009 годзе адкрыта новая экспазіцыя музея, якая прысвечана асноўным этапам станаўлення і развіцця школы: дзіцячаму дому, школе-інтэрнату, санаторнай школе-інтэрнату.
Кіраўнік музея Іна Захарава душой і сэрцам паяднаная з кожным каштоўным экспанатам. Яе змястоўны расказ вяртае наведвальнікаў музея ў той далёкі час, калі пасля вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 15 ліпеня 1944 года ў мястэчку Узда быў адкрыты дзіцячы дом для дзяцей загінуўшых воінаў і партызан. Першапачаткова гэта былі тры хаткі так званага барачнага тыпу. Менавіта сюды з розных куткоў краіны прывозілі худзенькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, з глыбока запалымі ад жаху вачыма. Гэта былі вязні гестапа, канцлагераў. Іх дзяцінства спынілася з разбуральным смерчам, імя якому — вайна. І толькі ў сценах дзіцячага дома застылыя сэрцы нарэшце атрымалі жаданую бацькоўскую ўвагу і любоў, а параненыя душы — цеплыню і сардэчнасць. У знак глыбокай удзячнасці многія выхаванцы ўзялі сабе імёны і прозвішчы сваіх выхавальнікаў.

А стэлажы тым часам быццам магнітам прыкоўваюць погляд. Макет дзіцячага дома, выкананы выхаванцамі школы-інтэрната, нагадаў вядомы з дзяцінства фільм “Рэспубліка ШКІД”, у якім паказваецца, як педагогі навучылі безнаглядных дзяцей годнасці, дапамаглі не згубіцца ў віхуры рэвалюцыйнага часу.
Пад шклом чарговага стэлажа — цудам ацалелая кніга загадаў, знойдзеная ў архіве школы. І першым загадам з’яўляецца запіс аб адкрыцці Уздзенскага спецыяльнага дзіцячага дома. Амаль выцвілыя чарнільныя радкі сведчаць пра тое, як заахвочвалі дзяцей у той нялёгкі пасляваенны час. Напрыклад, за выдатную вучобу і прыстойныя паводзіны вучні атрымлівалі 150 грамаў цукерак і 100 грамаў пернікаў. Хлопцам старэйшых класаў дарылі адрэз тканіны на пашыў кашулі, а дзяўчатам — бязважкія, нібы воблакі, сукенкі.
Выклікае цікавасць і кніга “руху вучняў” па дзіцячым доме 1944 года, запісы якой вяліся ў нямецкім сшытку. Па іроніі лёсу сшытак перавандраваў сюды з нямецкай камендатуры, якая падчас вайны знаходзілася ў будынку сённяшняй раённай бібліятэкі.
Франтавік Пётр Козел стаў першым дырэктарам навучальнай установы. Яго мудрыя прамяністыя вочы, здаецца, пытаюцца з фота: “Ну што, родненькая, цябе турбуе?” Побач з фотаздымкам — пасведчанне Пятра Васільевіча, байца партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады Варашылава, якая дзейнічала на тэрыторыі Уздзенскага, Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў.
Засталіся ў памяці здымкі выхаванцаў дзіцячага дома. За кожнай фатаграфіяй — уласная, глыбокая і драматычная гісторыя…
За сувязь з партызанамі сям’я сясцёр Пальчэўскіх была расстраляна. Жывымі засталіся толькі Тамара і Лена, якіх чуллівыя суседзі схавалі і выгадавалі.
Бацька братоў Міхаіла, Сяргея і Уладзіміра Залескіх загінуў на фронце. Яго жонка актыўна супрацоўнічала з партызанамі, перадавала каштоўныя звесткі аб нямецкай тэхніцы. Старэйшы сын Уладзімір часта суправаджаў маці ў небяспечную зону. У адзін з дзён матчына сэрца, нібы прадчуваючы бяду, забілася ў шалёным рытме: “Валодзя, пабудзь дома. Я спраўлюся адна”. Кола ворагаў замкнулася. Адданая Радзіме жанчына была расстраляна.

Другі дырэктар, педагог па адукацыі Васіль Куцанаў, узначальваў Уздзенскі дзіцячы дом з 1944 па 1947 год. Выкладчык рускай мовы і літаратуры максімальна аддаваў сябе выхаванцам, завабліваў у казачны свет паданняў, былін і навучаў магутнай рускай мове. Праз гады Васіль Емяльянавіч заняўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кніг па тэхнічнай працы ў школьных майстэрнях.
Дачка дырэктара Ларыса Васільеўна свае першыя крокі рабіла ў гэтай жа ўстанове, а пазней, калі стала жонкай вядомага кампазітара народнага артыста СССР Яўгена Глебава, выдала кнігу з прыгожай паэтычнай назвай “Яўген Глебаў. Лёсу сярэбраныя струны”. Цэлы раздзел у памятным выданні прысвечаны гісторыі дзіцячага дома і санаторнай школе-інтэрнату.
Сэрца ўскалыхнуў лёс заслужанага настаўніка БССР 1968 года, выхаванкі дзіцячага дома Валянціны Вайно. Дзяўчынка рана засталася сіратой. У 1937 годзе бацька быў арыштаваны і расстраляны. Маці памерла пры нараджэнні чацвёртай дачкі. Адзін з афіцэраў НКУС параіў бабулі “раскідаць” дзяцей у чужыя сем’і, па розных вёсках. Валюшу лёс закінуў у вёску Астравок, якая паўтарыла трагічную гісторыю Хатыні. Толькі цудам дзяўчынка пазбегла вогненнага палону. Схаваўшыся ў лесе, яна дачакалася, калі карнікі пакінуць акрываўленую зямлю, і выйшла на дарогу…
Ва Уздзенскім дзіцячым доме сірата рупліва спасцігала асновы школьнай адукацыі. Тады ж цвёрда вырашыла: буду настаўніцай! Паспяхова скончыла педагагічнае вучылішча ў Пінску, філфак сталічнага БДУ. У прафесійнага педагога сёння цэлая плеяда паслядоўнікаў і ўдзячных вучняў.
З 1959 года пачынаецца другі перыяд станаўлення навучальнай установы. На базе Уздзенскага спецыяльнага дзіцячага дома ствараецца сярэдняя агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. Пад кіраўніцтвам дырэктара заслужанага настаўніка БССР Мікалая Бардовіча склаўся выдатны педкалектыў, які даў пуцёўку ў жыццё многім дзецям-сіротам, дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў.
Сярод таленавітых педагогаў, заслужаных настаўнікаў БССР хочацца вылучыць настаўніцу рускай мовы і літаратуры Леаніду Язвінскую, чые энцыклапедычныя веды назаўсёды засвоілі выпускнікі школы-інтэрната, настаўніцу матэматыкі Соф’ю Карачун, выхаванцы якой пакаралі самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы Савецкага Саюза, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Іну Трус, якая на памяць чытала паэму “Яўгеній Анегін”.
У лісце да любімай настаўніцы Іны Трус адна з вучаніц напісала кранальныя словы прызнання: “Такога Настаўніка, як Вы, забыць немагчыма. Вы заўсёды былі для мяне эталонам”.
Сярод выпускнікоў школы-інтэрната даволі шмат вядомых людзей, якія з бляскам зрабілі кар’еру, спраўдзілі сваю мару ў жыцці. Аляксандр Шчасновіч скончыў Чарнаморскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Нахімава і ў цяперашні час працуе старшым экспертам па міжнародным ваенным супрацоўніцтве ў Расабаронэкспарце.

Рэжысёр, сцэнарыст і акцёр Леанід Белазаровіч — член Саюза кінематаграфістаў Расіі, член расійскай Гільдыі кінарэжысёраў. Сярод яго ўдалых работ такія фільмы, як “Кацечка”, “Ціхі голас”, серыял “Белае адзенне”, два вялікія серыялы “Ундзіна-2” і “Чорная багіня”. Сярод апошніх работ — серыял “Дом узорнага ўтрымання” і тэлесерыял “Без права на выбар”.
Доктар эканамічных навук, прафесар, загадчык кафедры эканомікі гандлю БДЭУ Мікалай Шэлег працаваў над стварэннем адзінай сістэмы эканамічнага развіцця Расіі і Беларусі. У 1996 годзе пад яго кіраўніцтвам выканана першая сярэднетэрміновая Праграма развіцця ўнутранага гандлю незалежнай Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе прафесар удзельнічаў у распрацоўцы Праграмы дзеянняў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Вітрына атрыбутыкі школьнага перыяду СССР навеяла настальгічныя ўспаміны. Рука міжволі пацягнулася да горна, барабана, вымпела. Памяць выразна намалявала карціну піянерскіх лінеек, вячорак каля вогнішча. А з якім хваляваннем мы давалі ўрачыстае абяцанне піянера Савецкага Саюза! Шчыра парадавала піянерская і школьная форма для дзяўчынак.
Трэці этап станаўлення і развіцця навучальнай установы ўключае стварэнне ў 1993 годзе санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з зон радыяцыйнага забруджання. Яе ўзначаліла заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Людміла Камашэнкава.
Сёння гэта ўстанова адукацыі “Уздзенская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй”. Тут на працягу адной вучэбнай чвэрці праходзяць аздараўленне дзеці з захворваннямі эндакрыннай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракта і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Акцэнт — на ўмацаванні і захаванні здароўя, навучанні дзяцей навыкам здаровага ладу жыцця. У школе створана сучасная аздараўленчая база, добра абсталявана водалячэбніца, таксама юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць фізіятэрапеўтычныя працэдуры, паплаваць у басейне.
Дзякуючы ўпраўленню адукацыі Мінаблвыканкама, Уздзенскаму райвыканкаму штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Замест старых вокнаў устаноўлены шклопакеты, набыта лінгафоннае абсталяванне ў кабінет замежнай мовы.

З дабрачыннымі канцэртамі санаторную школу-інтэрнат ахвотна наведваюць беларускія артысты. На памятных стэндах музейнай экспазіцыі можна ўбачыць здымкі “Сяброў”, Ірыны Дарафеевай, Сашы Нэма, групы “Да Вінчы”, дыджэя Джымі Нэльсана, ансамбля “Бяседа”.
— У маі 2014 года ўстанове адукацыі спаўняецца 70 гадоў, — дапаўняе кіраўніка музея Іну Захараву дырэктар Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй Людміла Камашэнкава. — Адбудзецца вечар сустрэчы з нашымі выпускнікамі розных гадоў. Чакаем у госці доктара педагагічных навук, прафесара, заслужанага ваеннага спецыяліста Расійскай Федэрацыі, кіраўніка Расійскай ваенна- марской акадэміі імя адмірала флоту М.Г.Кузняцова Адама Рымашэўскага.
Дарэчы, віцэ-адмірал у дар музею перадаў літаратуру і відэаматэрыялы аб ваенна-марскім флоце, макеты баявой падводнай лодкі, вялікага дэсантнага карабля “Мінск”, супрацьлодкавага карабля, а таксама сапраўдную падзорную трубу.
Ёсць у інтэрната яшчэ адна старонка школьнага жыцця — Алея памяці, прысвечаная педагогам дзіцячага дома, школы-інтэрната, санаторнай школы-інтэрната, якія прапрацавалі ў сценах навучальнай установы больш за 15 гадоў. Урачыстае адкрыццё Алеі памяці адбылося ў кастрычніку 2012 года. Догляд за дрэвамі на алеі — клопат дзяцей. За кожным дрэўцам замацаваны вучні пэўнага класа. І ў кожнага — свая гісторыя…
Каля дрэўца з гнуткімі галінкамі-прутамі часта ляжаць кветкі. Іх прыносяць самі настаўнікі для Георгія Жука, настаўніка фізкультуры. Прыветліва ківае дрэва, пасаджанае ў памяць выхавальніка Адама Александровіча. Яго любімым захапленнем было краязнаўства. Менавіта праз пошукавую краязнаўчую работу ён выхоўваў у дзяцей любоў да свайго роднага краю.
На мемарыяльнай дарожцы сустракаю надпіс, які прысвечаны сямейнай дынастыі выхавальнікаў Анатоля і Леаніды Мірончык. Хтосьці з выпускнікоў Леаніды Міхайлаўны сказаў: “Калі вы побач з намі, праблем як быццам няма”.
Алея памяці — сведчанне каштоўнасці школы і асобы настаўніка. Педагогі Уздзенскага дзіцячага дома, школы-інтэрната пражылі годнае жыццё і пакінулі глыбокі след у сэрцах сваіх выхаванцаў.
Нябачная сувязь існуе заўсёды. Мы жывыя, пакуль пра нас памятаюць …

Алена ПАПЛАЎСКАЯ,
прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.