Нашчадкі гістарычнага фехтавання сабраліся ў сталіцы

У сталіцы прайшоў І Міжнародны турнір па сучасным мечавым баі. У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі сабраліся прадстаўнікі 7 краін, якія прадэманстравалі “рубячую” тэхніку сярэдневяковай клінковай зброяй.

Большасць з тых, хто завітаў на турнір у якасці гасцей, а не ўдзельнікаў, чакалі ўбачыць рыцараў у даспехах. Аднак на пляцоўку выйшлі ратнікі ў спартыўнай экіпіроўцы са спецыяльнай зброяй — спартыўнымі мячамі і шчытамі, вырабленымі з мяккіх палімерных матэрыялаў.
Арганізатары міжнароднага турніру — Федэрацыя сучаснага мечавога бою Расіі, якая ўзнікла ўсяго 4 гады назад.
“Сёння ў нашым руху ўдзельнічаюць больш за 55 гарадоў Расіі, — расказвае прэзідэнт федэрацыі Марыя Давыдава. — Акрамя таго, мы знайшлі прыхільнікаў і за межамі краіны, перш за ўсё ў Беларусі і Украіне. Год назад наш рух падхапілі ў Польшчы, а сёлета да яго далучыліся Латвія, Германія і Ізраіль. Наша агульнае дасягненне ў тым, што ўжо цяпер мы пачынаем падрыхтоўку новага пакалення спартсменаў.
На першы турнір прыехалі больш за 100 байцоў. Нам усім зручна і прыемна сустракацца ў Беларусі. Мы не першы раз у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, да гэтага пастаянна прыязджалі сюды ў якасці ўдзельнікаў рыцарскіх турніраў па баях у даспехах. Як правіла, многія нашы спартсмены “выраслі” з гістарычнага фехтавання”.
Сама Марыя Давыдава — шматразовая чэмпіёнка Расіі па баях у даспехах, старшыня “Таварыства эксперыментальнай гісторыі” і заснавальніца “Акадэміі сярэдневяковага фехтавання і культуры”. Грунтуючыся на гістарычнай аснове, спецыялісты федэрацыі распрацавалі новыя методыкі байцоўскай падрыхтоўкі для юных спартсменаў. Сёння сучасны мечавы бой мае арыгінальныя спартыўныя правілы, сетку спаборніцтваў розных узроўняў, шэраг семінараў для павышэння прафесійнага майстэрства спартсменаў, суддзяў, трэнераў, а таксама спецыяльныя методыкі іх падрыхтоўкі.
У рамках турніру прайшлі спаборніцтвы ў розных намінацыях ад 5 да 35 гадоў, і першай уладальніцай прызавога месца сярод беларусаў стала Настасся Хрысценка з фізкультурна-спартыўнага клуба “Волат”, якая выступала ў намінацыі “Дзяўчаты 16—17 гадоў”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.