“Накарміць” рухам, “напаіць” павагай

Школа — гэта цэлая стыхія! Тут адчуваеш сябе лёгка і свабодна. Тут знаходзіцца столькі нагод для радасці, а самая галоўная — гэта непасрэдныя зносіны з дзецьмі. Скажаш што-небудзь дзіцяці — і адразу ж бачыш жывую, шчырую рэакцыю. Мне прыносяць задавальненне іх поспехі, узлёты, дасягненні! На маіх уроках няма межаў, якія аддзяляюць настаўніка ад дзяцей. Важна разумець вялікую сілу зносін! І справа гэтая вельмі цікавая — зрабіць і выхаваць нашых дзяцей калі не спартсменамі або пераможцамі Алімпійскіх гульняў, то здаровымі, фізічна развітымі, упэўненымі ў сабе і сваіх сілах грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Заняткі фізічнай культурай і спортам — адна з асноў захавання нашага здароўя. І дзе, як не ў школе, гэтым займацца? Менавіта на ўроках трэба дапамагчы дзіцяці пазбавіцца сутулых плеч і запалых грудзей, развіць у іх сілу, хуткасць, спрыт, гібкасць, упэўненасць. Школьнікам неабходны паўнацэнныя ўрокі фізкультуры — урокі, якія часта прахо-дзяць на свежым паветры, надзвычай актыўныя, добра аснашчаныя сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Вось што асабліва важна для дасягнення намечаных мэт і задач!
Навучыць дзяцей адказна ставіцца да выканання тых або іншых фізічных практыкаванняў, ведаць свой арганізм — задачы сучасных урокаў фізкультуры. Ад гэтага залежыць поспех у будучай дзейнасці чалавека: ці зможа ён самастойна займацца спортам, ці прыжывуцца ў яго сям’і заняткі фізкультурай. Гэта і ёсць новы падыход да вучэбнага прадмета.
Фізічная культура і здароўе — гэта не толькі ўменне біць нагой па мячы або хутка бегаць, гэта і сіла, і энергія, настрой дзяцей, пры якіх вучоба даецца лёгка і працуецца з агеньчыкам. Менавіта гэта з’яўляецца асновай поспеху дзіцяці ў далейшым дарослым жыцці.
Аснову школьнай праграмы па фізічным выхаванні складаюць гімнастычныя і лёгкаатлетычныя практыкаванні, хадзьба на лыжах, рухавыя гульні. Лёгкаатлетычныя практыкаванні маюць вялікае значэнне ў агульнай фізічнай падрыхтоўцы дзяцей. Іх каштоўнасць вызначаецца высокай ступенню прыкладной накіраванасці, магчымасцю развіваць трываласць, хуткасць, хуткасна-сілавыя якасці і здольнасці. Пры выкананні такіх практыкаванняў у работу ўключаюцца амаль усе мышачныя групы. Значна ўзмацняецца дзейнасць сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, істотна павышаецца абмен рэчываў.
Урок фізічнай культуры з’яўляецца асноўнай і абавязковай формай фізічнага выхавання ў школе. На ўроку навучэнцы атрымліваюць неабходны мінімум ведаў, уменняў, навыкаў, прадугледжаных вучэбнай праграмай, павышаюць узровень свайго фізічнага развіцця. Мая галоўная задача, каб дзеці, пачынаючы з самага ранняга дзяцінства, раслі здаровымі, моцнымі, гарманічна развітымі, каб яны добра вучыліся. Фізічная культура адыгрывае галоўную ролю ва ўдасканаленні чалавека, умацаванні яго здароўя.
Для нармальнай разумовай працаздольнасці арганізма неабходны аптымальныя суадносіны працэсаў узбуджэння і тармажэння ў кары галаўнога мозга. Ад мышачнай сістэмы, якая мала працуе, у галаўны мозг ідзе абмежаваны паток інфармацыі, а гэта прыводзіць да зніжэння ўзбуджальнага працэсу і тармажэння ў кары вялікіх паўшар’яў. Узнікаюць умовы для павышэння стамляльнасці, зніжэння працаздольнасці.
У школьнікаў ужо з 2 урока пачынаецца зніжэнне працаздольнасці, якая рэзка падае да 4-га ўрока. З прычыны таго, што працэсы ўзбуджэння ў кары галаўнога мозга пераважаюць над працэсамі тармажэння, дзецям цяжка доўга засяроджваць увагу, напружваць памяць, захоўваць адносна нерухомае становішча цела пры рабоце.
Рухальная актыўнасць зніжае празмерны тонус мазгавых сасудаў, паляпшае мазгавы крываток, спрыяе забеспячэнню нервовых клетак кіслародам, вываду з іх шлакаў. Вось чаму кожнаму настаўніку рэкамендавана на ўроках праводзіць фізкультхвілінкі.
Незаменным сродкам разумовага выхавання дзяцей з’яўляюцца рухавыя гульні. Найважнейшая вартасць рухавых гульняў у тым, што ў сваёй сукупнасці яны, па сутнасці, ахопліваюць усе віды ўласцівых чалавеку натуральных рухаў: хадзьбу, бег, скачкі, барацьбу, лажанне, кіданне і лоўлю, пратыкаванне з прадметамі і таму з’яўляюцца самым універсальным сродкам фізічнага выхавання дзяцей. Гульня дапамагае згуртаваць дзіцячы калектыў, уключыць у актыўную дзейнасць замкнутых і сарамлівых дзяцей. Гульня для дзяцей — важны сродак самавыяўлення, проба сіл. У гульнях мы лепш пазнаём сваіх выхаванцаў, іх характар, звычкі, арганізатарскія здольнасці, творчыя магчымасці, што дазваляе знайсці найбольш правільныя шляхі ўздзеяння на кожнага з дзяцей. І, што таксама вельмі важна, гульні збліжаюць настаўніка з дзецьмі, дапамагаюць наладзіць больш цесны кантакт. Рухавыя гульні і спартыўныя забаўкі вельмі карысныя для здароўя.
Займацца фізкультурай тры разы на тыдзень толькі на ўроках недастаткова, таму кожны вучэбны дзень у нашай установе пачынаецца з ранішняй гімнастыкі, пасля другога ўрока ў нас рухавы перапынак. На ўроках праводзяцца практыкаванні-фізкультхвілінкі, на перапынках дзеці гуляюць. Дома, гуляючы з сябрамі, бегаюць, скачуць, паўтараюць практыкаванні, вывучаныя на ўроках; зімой катаюцца на лыжах, каньках, санках. Падчас падрыхтоўкі дамашняга задання таксама выконваюць фізкультхвілінкі.
Некалі Галілей сказаў: “Вы нічаму не можаце навучыць чалавека. Вы можаце толькі дапамагчы яму адкрыць гэта ў сябе”. Калі вы жадаеце дазволіць самому сабе быць асобай і будаваць адкрытыя ўзаемаадносіны са сваімі вучнямі, то паспрабуйце, навучаючы, ствараць у спартыўнай зале атмасферу ўзаемнай павагі, камфорту і свабоды самавыяўлення. Я думаю, што неабходна дапамагаць вучням захоўваць жывы інтарэс, цікаўнасць у адносінах да сябе, да свету — захаваць і падтрымаць самае дарагое, чым валодае чалавек.

Вольга ВАРАНЬКО,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя
Курманаўскага дзіцячага сада —  
сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.