Надзейныя партнёры ў агульнай справе

Гісторыя нашай дашкольнай установы пачалася ў 1981 годзе. Сёння яслі-сад, разлічаны на 150 месцаў, наведвае 180 дзяцей. Якасць адукацыйнага працэсу забяспечваюць 23 педагогі. Калектыў установы вылучаецца стабільным складам і высокім творчым патэнцыялам.

За гады работы ў садку назапашаны багаты вопыт узаемадзеяння з бацькоўскай грамадскасцю. Без супрацоўніцтва дашкольнай установы і сям’і немагчыма вырашыць пытанні індывідуальна-дыферэнцыраванай адукацыі дзяцей.
У дашкольным узросце ўплыў сям’і на дзяцей максімальны. Любыя ўздзеянні на іх з боку выхавальнікаў будуць неэфектыўныя, калі гэтыя ўздзеянні не падтрымліваюцца бацькамі і не падмацоўваюцца ў сям’і. Наш педагагічны калектыў аптымістычна настроены на супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў. Вызначаны асноўныя напрамкі гэтай работы: наладжванне і развіццё партнёрскіх адносін; падтрымка і аказанне эфектыўнай дапамогі сям’і ў стварэнні камфортных умоў для развіцця і сацыяльнай адаптацыі дзіцяці; далучэнне бацькоў да сумеснай дзейнасці ў рамках захавання фізічнага і псіхічнага здароўя дзяцей.
У 2005—2008 гадах у садку ажыццяўляўся адукацыйны праект “Фарміраванне пазітыўнага бацькоўства ва ўмовах дашкольнай установы”. Дзякуючы праекту нам удалося далучыць бацькоў да педагагічнага працэсу, павысіць іх сацыяльна-педагагічную культуру, арганізаваць бацькоўскія клубы па інтарэсах. У 2009—2010 гадах наш вопыт работы быў абагульнены і распаўсюджаны на рэгіянальным узроўні ў выглядзе творчай справаздачы.

Фарміраванне пазітыўнага бацькоўства грунтуецца на дыферэнцыраванай псіхолага-педагагічнай асвеце і навучанні ўсіх катэгорый бацькоў, прапагандзе лепшага вопыту выхавання ў сем’ях. Мы ўкаранілі мадэль адкрытай дашкольнай установы як найбольш перспектыўную. Дзякуючы гэтаму ўсе бацькі бачаць, як жывуць і развіваюцца іх дзеці.
На базе ясляў-сада ўжо 7 гадоў працуе раённы кансультацыйна-метадычны пункт “Сацыяльнае партнёрства сям’і і дзіцячага сада”. Наша ўстанова з’яўляецца базавай пляцоўкай для правядзення семінараў-практыкумаў і пасяджэнняў метадычных фарміраванняў раённага маштабу.
Пра эфектыўную работу калектыву сведчыць актыўны ўдзел установы ў розных мерапрыемствах. Сярод іх — абласны метадычны фестываль “Метадычная падтрымка інавацыйных працэсаў у дашкольнай установе”, раённы конкурс вучэбна-метадычных матэрыялаў “Разыначкі выхаваўчай работы” (дыплом І ступені ў намінацыі “Сям’я — радзіма дзіцяці”) і раённы конкурс “Лепшая дашкольная ўстанова года” (2 месца).
Формы ўзаемадзеяння з бацькамі выкарыстоўваюцца ў комплексе. Індывідуальная форма работы ўключае наведванне дзяцей і іх бацькоў дома, удзел бацькоў у адукацыйным працэсе і дзейнасці кансультацыйнага пункта, гутаркі і кансультацыі, валанцёрства. Сярод калектыўных форм работы практыкуюцца бацькоўскія сходы, дні адкрытых дзвярэй, круглыя сталы, сямейныя гадзіны на аснове тэлеперадач, трэнінгі, практыкумы, бацькоўскія клубы па інтарэсах, дабрачынныя акцыі, этнічныя вечарыны, КВЗ, аўкцыёны і пляцоўкі паспяховасці. Наглядна-інфармацыйныя формы работы — гэта бацькоўскія куткі з інфармацыяй пра распарадак дня, спецыяльна арганізаваную дзейнасць дзяцей, штодзённыя поспехі дашкольнікаў, падзякамі бацькам за ўдзел у жыцці ўстановы; сумесныя творчыя выставы, рукапісныя часопісы і тэматычныя газеты, кнігі-шырмы, папкі-перасоўкі, фотарэпартажы з калектыўных мерапрыемстваў; прэзентацыя вопыту лепшага сямейнага выхавання ў выглядзе партфоліа сем’яў; куткі здароўя з рэкамендацыямі і памяткамі медыкаў.

Адной з самых эфектыўных форм супрацоўніцтва з сем’ямі з’яўляецца арганізацыя бацькоўскіх клубаў па інтарэсах. Дзейнасць калектыву па фарміраванні пазітыўнага бацькоўства не мела б станоўчых вынікаў без удзелу бацькоў-актывістаў, якія ўваходзяць у асноўны склад бацькоўскіх клубаў “Неболей-ка”, “Нехворай-ка” і “Пралеска”. Такая форма ўзаемадзеяння дазваляе актывізаваць бацькоў у свабодных і нязмушаных зносінах з дзецьмі ў розных відах дзейнасці, выявіць праблемы, павысіць інтарэс да дашкольнай установы.
Наш калектыў укараніў сістэму работы з сем’ямі ў рамках этнапедагогікі: “Сямейнае кафэ”, “Званая вячэра”, “Гульні маёй бабулі”, “Сямейная гадзіна”, “Парады дзядулі”, “За што я люблю свайго тату?” і інш. Бацькі ведаюць, што пры правядзенні такіх мерапрыемстваў улічваюцца меркаванні сям’і і прапановы па індывідуальным узаемадзеянні з дзіцем. Дзякуючы гэтаму ўмацоўваюцца ўнутрысямейныя сувязі, паколькі педагогі звяртаюць асаблівую ўвагу на тып сям’і і стыль сямейных адносін.
Формы ўзаемадзеяння з бацькамі з’яўляюцца добрым сродкам перадачы культуры аднаго пакалення другому (“Лісты ўнукам”, “Фамільныя гербы сям’і”, “Генеалагічнае дрэва”, міні-сачыненне “Маё дзіця”). Назапашаны вопыт паказаў, што зваротная сувязь неабходна, бо садзейнічае выкарыстанню новых форм пазітыўнага супрацоўніцтва з бацькамі (напрыклад, валанцёрства бацькоў у садку і патранат выхавальнікаў дома).
Работа дашкольнай установы задавальняе запыты бацькоў, пра што сведчыць яе папулярнасць у мікрараёне горада. Гэта нядзіўна, бо ў аснове работы “Каласка” знаходзіцца камфортны псіхалагічны дабрабыт выхаванцаў, бацькоў і педагогаў. Хочацца шчыра падзякаваць усім татам і мамам за актыўны ўдзел у жыцці садка. Бацькі — надзейныя партнёры ў агульнай справе: зрабіць больш якасным і разнастайным жыццё дашкольнікаў як у садку, так і дома.

Валянціна САЎЧУК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 14 Кобрына.