На ўроках патрэбна паэзія!

Тое, што паэзія на ўроках англійскай мовы сапраўды патрэбна, настаўніца сярэдняй школы № 25 Брэста Ірына Ячнік змагла даказаць на прыкладзе ўласных заняткаў. Яна шчыра захапляецца ёй яшчэ са школьнай парты, але, як прызнаецца, ніколі не думала, што гэта некалі перарасце ў педагагічную дзейнасць і дазволіць гаварыць пра яе як пра настаўніка-наватара.

Вершы Ірына Канстанцінаўна пачала складаць яшчэ ў школьныя гады. Запісаныя ў сшытак, яны сёння захоўваюцца ў сельскай бібліятэцы.
— Мяне заўсёды цікавіла літаратура. Начамі я пісала школьныя сачыненні і ў будучым уяўляла сябе пісьменніцай, — успамінае Ірына Канстанцінаўна. — Аднойчы вырашыла раскрыць тэму ў вершах. Калі паказала напісанае маме, яна не паверыла, што гэта маё. Я засмуцілася і падумала, што настаўніца беларускай мовы скажа тое ж самае, але яна, Галіна Генадзьеўна Бойка, паверыла мне і падтрымала. Я вельмі ўдзячна ёй за гэта, бо з таго часу стала пісаць вершы на беларускай, рускай і нават англійскай мове. А цяпер стараюся падтрымліваць дзіцячую творчасць.
Школу Ірына Ячнік скончыла ў вёсцы Будча, што ў Ганцавіцкім раёне. Паступаць вырашыла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Спецыяльнасць “Англійская мова. Беларуская мова і літаратура” выбрала не выпадкова: гэта былі яе самыя любімыя прадметы. І вось ужо 11 гадоў Ірына Канстанцінаўна выкладае замежную мову з дапамогай… літаратуры.
Як жа паэзія стала асновай кожнага ўрока Ірыны Ячнік? Усё пачалося з таго, што настаўніца паспрабавала ўключаць паэтычныя тэксты ў заняткі. Гэта, як яна заўважыла, садзейнічае лепшаму засваенню граматыкі, пашырае слоўнікавы запас дзяцей, развівае іх камунікатыўныя здольнасці і ўспрыманне маўлення на слых. Сёння вучні Ірыны Ячнік не толькі дэкламуюць вершы, але і займаюцца іх перакладам, складаюць самі і нават спяваюць. Такім чынам, да паэзіі далучаецца музыка, ператвараючы ўрок у захапляльнае відовішча, падчас якога вучэбны матэрыял засвойваецца больш хутка і якасна.
— Звычайна падручнікі прапаноўваюць аб’ёмістыя тэксты, складзеныя рускамоўнымі аўтарамі, а не аўтэнтычныя ўзоры твораў англійскіх або амерыканскіх пісьменнікаў, — тлумачыць Ірына Канстанцінаўна. — Каб паўнацэнна папрацаваць з імі, урока недастаткова. Іншая справа — вершы! Як нішто іншае, яны здольны максімальна дакладна адлюстраваць усе бакі сацыяльнага жыцця народа-носьбіта той мовы, што вывучаецца, прычым у лаканічнай форме. Тут кожная фраза, слова, літара нясуць інфармацыю для развагі і тым самым даюць агромністы штуршок для творчасці, а гэта самае галоўнае. Хачу, каб вучні самі навучыліся ствараць. Кітайская мудрасць гаворыць: “Пачуў — і забыў, убачыў — і забыў, зрабіў — і зразумеў”. Для мяне больш важна менавіта апошняе.

Як жа Ірына Ячнік працуе з паэтычнымі радкамі на ўроках? Напрыклад, да таго, як дзеці пачуюць тэкст, яна паказвае ім малюнкі, што ілюструюць яго змест. З іх дапамогай дзеці спрабуюць здагадацца, пра што можа быць верш. Падказку яны могуць убачыць і ў назве. Як варыянт — скласці верш з прапанаваных фраз, на якія разбіты арыгінал. Словам, першая задача — абудзіць фантазію дзяцей, актывізаваць мысліцельную дзейнасць. Пасля таго як настаўнік прачытае тэкст, вучні разважаюць пра яго стыль, вылучаюць галоўную думку. Паўторнае праслухоўванне дазваляе папрацаваць з лексікай і граматыкай. Напрыклад, патрабуецца ўставіць прапушчаныя словы або паставіць іх у патрэбнай форме, падабраць сінонімы або антонімы. Наступны этап — чытанне па групах. Пасля дзеці пераказваюць тэкст. Заключны этап — творчасць: пераклад на беларускую (рускую) мову альбо напісанне ўласнага верша на аснове рабочага тэксту. У тым ці іншым выпадку неабходна захоўваць стыль і рытміку першага.
— Пачынаючы з акравершаў, паступова ўключаючы японскія хайку, танка, рэнга і гэтак далей, мы з дзецьмі папрацавалі амаль з усімі вершаванымі формамі, — расказвае Ірына Ячнік. — Нават спрабавалі авалодаць майстэрствам кароткіх афарыстычных вершаў — грукаў, якія прыдумаў дацкі вучоны, мастак і паэт Піт Хейн.
Сёння ў сярэдняй школе № 25, дзе працуе настаўніца вышэйшай катэгорыі, паспяхова дзейнічае клуб аматараў паэзіі. Ірына Ячнік стварыла яго ў 2008 годзе. Ідэя прыйшла пасля таго, як яна атрымала гран-пры па выніках конкурсу на лепшы пераклад твораў амерыканскага паэта Генры Лангфела (творчае спаборніцтва праводзіў аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста).
Клуб аб’яднаў вучняў 3 — 11 класаў. Яны перакладаюць вершы з англійскай мовы на рускую, беларускую і наадварот. А яшчэ паэтычныя творы ставяць на сцэне. Англамоўныя спектаклі дзеці паказваюць на школьных уроках і вечарынах.
— Карней Чукоўскі і Самуіл Маршак вядомы не толькі як паэты, але і як перакладчыкі. А мы перакладаем іх уласныя творы, — расказвае Ірына Канстанцінаўна. — Таксама працуем з песнямі. Напрыклад, пераклалі на англійскую мову “Новы дзень” лаўрэата другой прэміі дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне — 2006” Андрэя Кунца і многіх іншых вядомых выканаўцаў. Так у нас назбіралася некалькі паэтычных альбомаў, у якіх шмат яркіх дзіцячых думак і забаўных малюнкаў. Ёсць у клубе і свае ілюстратары. Акрамя гэтага, кожны сам робіць малюнак да ўласнага верша або перакладу.
Ірына Канстанцінаўна ўпэўнена, што творчыя здольнасці абавязкова трэба развіваць. Гэта такая ж важная справа, як вучыць дзяцей пісаць і чытаць. Адным натхненнем тут не абысціся. У Японіі, дарэчы, кожнае дзіця абавязкова павінна навучыцца складаць вершы. На ўроках Ірыны Ячнік гэтым займаюцца нават першакласнікі.
Дарэчы, верш, які некалькі гадоў назад напісаў пяцікласнік Арцём Харык, і сёння вывучаюць усе наступныя пакаленні гэтай жа паралелі. Справа ў тым, што хлопчык у цікавай форме выкарыстаў абсалютна ўсю прапанаваную лексіку па тэме “Работа ў доме”. Прычым атрымалася настолькі шчыра, быццам верш нарадзіўся сам па сабе і не было ніякага задання. Ірына Ячнік працавала з Арцёмам з 1 па 9 клас, і ён пастаянна займаў прызавыя месцы ў раённых алімпіядах па англійскай мове.
— Удзельнічаць у спаборніцтве абласнога ўзроўню можна толькі з 10 класа. Я ўпэўнена, што Арцём і там быў бы пераможцам, але ён перайшоў у ліцэй. Не хацелася расставацца з вучнем, які ў 5 класе ўжо ведаў праграму 11-га, — расказвае Ірына Канстанцінаўна.

Радуюць поспехамі на алімпіядах і іншыя дзеці. Выхаванцы Ірыны Ячнік — пастаянныя ўдзельнікі разнастайных творчых конкурсаў. Адзін з іх — “Гісторыя кахання”, ініцыятарам якога выступіла метадыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Філіпавец, — задумваўся для вучняў старшых класаў. Паколькі Ірына Канстанцінаўна займалася з малодшымі дзецьмі, аднойчы прывяла на конкурс і іх. Арганізатары не адмовілі ў магчымасці праявіць сябе, і тыя, выканаўшы вершы і песні на англійскай мове, заслужылі пахвальную грамату ў дадатковай намінацыі “Творчае супрацоўніцтва”. Пасля гэтага конкурс сталі праводзіць і сярод малодшых школьнікаў, штогод чаргуючы ўзрост удзельнікаў, а Ірыну Ячнік запрасілі ў склад журы. Паколькі тут асобна спаборнічаюць і педагогі, яна мае граматы “За творчасць і натхненне, інавацыйны падыход да выкладання замежнай мовы”, “За наватарства ў рэжысуры”.
Выхаваўчую і адукацыйную ролю праграм, якія арганізуе Ірына Ячнік, цяжка пераацаніць. Возьмем, напрыклад, “Хвіліну славы”, калі дзеці змаглі праявіць свае музычныя і вакальныя здольнасці.
— Пачалося з таго, што другакласніца прынесла свой верш “Восень”, і мы з дзецьмі пераклалі яго на англійскую мову, прыдумалі мелодыю, а настаўніца музыкі падабрала ноты, — расказвае Ірына Канстанцінаўна. — Так нарадзілася наша першая песня. Потым знялі кліп. І гэта, можна сказаць, выратавала маю вучаніцу ад дэпрэсіі. Справа ў тым, што, прачытаўшы тэкст, я зразумела: у дзяўчынкі сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы. Можа, другакласніца сама не разумела, што з ёй адбываецца, але жыццё яе дакладна не радавала. Калі ж мы сталі працаваць з яе вершам і яна атрымала галоўную ролю ў кліпе, вучаніца заўважна ажыла! Потым гэтая дзяўчынка напісала шмат іншых (ужо жыццярадасных) песень. Я вельмі рада, што змагла ёй дапамагчы.

Ірына Ячнік актыўна дзеліцца вопытам з калегамі. Выступіўшы ў 2008 годзе на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Моладзь. Творчасць. Інтэлект”, яна атрымала прапанову чытаць лекцыі ў Брэсцкім і Гомельскім абласных інстытутах развіцця адукацыі, а таксама ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А яшчэ Ірына Канстанцінаўна ўдзельнічала ў V Міжнароднай канферэнцыі “Моладзь і адукацыя XXI стагоддзя” (Масква). Сёння яна кіруе творчай групай настаўнікаў Маскоўскага раёна Брэста. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ў 2010 годзе Брэсцкі гарвыканкам узнагародзіў яе граматай.
— Я не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі, — прызнаецца Ірына Ячнік. — Мяне прываблівае яе творчы бок. У нас жа з вучнямі агульная справа! Я шчыра захапляюся паэзіяй, таму атрымліваецца захапляць ёй і дзяцей. Зычу ім і далей імкнуцца да самых высокіх вяршынь!

Алена ГАРМЕЛЬ.
Фота аўтара.