На ўрок — з энтузіязмам!

Эфектыўная інтэграцыя інфармацыйных тэхналогій у адукацыю з’яўляецца ключом да вырашэння многіх праблем, якія патрабуюць захавання выразнага балансу паміж лепшымі метадамі традыцыйнага навучання і новым разуменнем самога працэсу навучання. Такая інтэграцыя залежыць ад выкарыстання ІТ для прасоўвання і паглыблення камунікацыі, гэта значыць для забеспячэння новага ўзроўню адукацыі.

Інтэрактыўная дошка — вельмі зручнае навучальнае абсталяванне, якое ўяўляе сабой сэнсарны экран, далучаны да камп’ютара. Праектар перадае з яго малюнак на дошку. У адрозненне ад звычайнага мультымедыйнага праектара інтэрактыўная дошка дазваляе не толькі дэманстраваць слайды і відэа, але і маляваць, чарціць, наносіць на малюнак, які праецыруецца, занатоўкі, уносіць любыя змены і захоўваць іх у выглядзе камп’ютарных файлаў. Усё гэта робіць працэс навучання яркім, наглядным, дынамічным.
Мой вопыт зносін з інтэрактыўнай дошкай пакуль невялікі, але і ён цікавы і пазнавальны для ўсіх, хто толькі пачынае знаёміцца з асаблівасцямі яе ўжывання. Мной паспяхова выкарыстоўваюцца гатовыя дыскі з урокамі, ствараюцца ўласныя прэзентацыі, што робіць урокі больш яркімі і ілюстрацыйнымі.
З дапамогай інтэрактыўнай дошкі я дэманструю прэзентацыі ўрокаў, ствараю мадэлі, актыўна ўцягваючы вучняў у працэс засваення матэрыялу, павышаю тэмп і ход заняткаў. Дошка дазваляе мне выкарыстоўваць шырокі спектр рэсурсаў: прэзентацыйнае праграмнае забеспячэнне, тэкставыя рэдактары, CD і DVD, інтэрнэт, малюнкі, відэафайлы, гукавыя файлы пры наяўнасці гучнагаварыцеляў, праграмнае забеспячэнне для інтэрактыўнай дошкі. Усё, што ёсць на камп’ютары, дэманструецца і на інтэрактыўнай дошцы. На ёй можна перамяшчаць аб’екты і надпісы, дадаваць каментарыі да тэкстаў, малюнкаў і дыяграм, выдзяляць ключавыя вобласці і дабаўляць колеры. Усе рэсурсы можна каменціраваць на экране, выкарыстоўваючы інструмент “Пяро”, і захоўваць створаныя запісы для наступных урокаў. Файлы папярэдніх заняткаў можна заўсёды адкрыць, каб паўтарыць пройдзены матэрыял. Усё, што навучэнцы робяць на дошцы, можна захаваць і выкарыстоўваць у далейшым. Настаўнік заўсёды можа вярнуцца да папярэдняга этапу ўрока і паўтарыць яго ключавыя моманты. Тэксты, малюнкі або графікі можна схаваць, а затым паказаць у ключавыя моманты лекцыі.

Сумесна з навучэнцамі ўсё гэта робім каля дошкі перад класам, што прыцягвае ўсеагульную ўвагу. Работа з інтэрактыўнай дошкай дазваляе таксама праверыць веды вучняў, уцягнуць іх у дыскусію, арганізаваць работу ў групах. Файлы або старонкі неабходна падрыхтаваць загадзя і прывязаць іх да іншых рэсурсаў, якія будуць даступныя на занятку.
Навучэнцам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай. Яны самі часам напрошваюцца на праверку ведаў, каб лішні раз папрацаваць на ёй. Усё гэта напаўняе клас сапраўдным энтузіязмам. Па маіх назіраннях, пры выкарыстанні электроннай дошкі навучэнцы больш уважлівыя, захопленыя і зацікаўленыя, чым пры рабоце на звычайнай дошцы. Нагляднасць электронных інтэрактыўных дошак — гэта каштоўны спосаб засяродзіць і ўтрымліваць увагу навучэнцаў.
Для адукацыйных праектаў сёння асабліва актуальныя мультымедыйныя, інтэрактыўныя, мабільныя, бесправадныя класы. Інтэрактыўныя формы навучання ў школе прадугледжваюць наяўнасць сучасных сродкаў арганізацыі працэсу, якія дазваляюць выкладчыкам захоўваць і дапрацоўваць вучэбны матэрыял, заахвочваюць да новых інавацыйных метадаў выкладання. Менавіта таму інтэрактыўная дошка як сродак фарміравання комплекснага візуальна-тактыльнага рабочага асяроддзя для навучэнца прызнана выкладчыкамі як сапраўды рэвалюцыйнае вынаходства, якое неабходна асвоіць настаўнікам.
Раённае метадычнае аб’яднанне пад кіраўніцтвам Т.У.Пазняковай адным з прыярытэтных напрамкаў у сваёй рабоце лічыць павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у выкарыстанні электронных сродкаў навучання. У 6 школах раёна ўжо ёсць інтэрактыўныя дошкі, іх паспяхова асвойваюць настаўнікi, прымяняюць у сваёй рабоце і дзеляцца вопытам.

На базе нашай школы прайшоў шэраг раённых і абласных семінараў, метадычных аб’яднанняў па выкарыстанні ЭСН у працэсе навучання. Магілёўскі дзяржаўны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў абласны семінар кіраўнікоў раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства “Методыка эфектыўнага выкарыстання электронных сродкаў навучання ў працэсе навучання гісторыі і грамадазнаўства”. У семінары прынялі ўдзел педагогі Дрыбінскага, Крычаўскага, Чавускага, Бялыніцкага, Шклоўскага, Чэрыкаўскага, Магілёўскага раёнаў, а таксама Магілёва і Горак. Адна з задач семінара заключалася ў азнаямленні ўдзельнікаў з вопытам работы педагогаў Горацкага раёна па выкарыстанні ЭСН. З гэтай мэтай былі праведзены адкрытыя ўрокі мной па грамадазнаўстве і З.М.Косаравай (гімназія № 1 Горак) па гісторыі. Пры падвядзенні вынікаў семінара метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін МДАIРА С.В.Селязнёва, а таксама ўдзельнікі семінара далі высокую ацэнку яго арганізатарам.
На практыцы педагогі ўбачылі, што электронныя інтэрактыўныя дошкі падштурхоўваюць вучняў да творчасці, спрыяюць уменню дакладна выкладаць свае думкі. Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках фарміруе ў вучняў вучэбна-пазнавальную, інфармацыйную і асобасную кампетэнцыі. Нагляднасць асабліва каштоўная для работы з няўседлівымі дзецьмі, яна цалкам захапляе іх і дапамагае сканцэнтраваць увагу вучняў на працягу ўсяго ўрока. Тыя з вучняў, каго раней на ўроках было зусім не чуваць і не відаць, цяпер актыўна пачалі абмяркоўваць заданні са сваімі таварышамі.
Сучаснаму настаўніку неабходна навучыцца ўмела выкарыстоўваць інтэрактыўную дошку, тады нашы вучні стануць больш таленавітымі, самастойнымі, больш актыўнымі, і галоўнае, яны навучацца творча мысліць.

Таццяна БЯЗНОСАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
сярэдняй школы № 2 Горак.