На карысць кожнага педагога

Інфармацыя сёння становіцца ўсё больш значным прадуктам не толькі для пэўных сацыяльных груп, але і для ўсяго грамадства. У інфармацыйным асяроддзі самымі запатрабаванымі з’яўляюцца выданні, якія працуюць на мэтавую аўдыторыю.

У вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста выдаюцца газеты “Зараніца” (для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры), “Слова” (для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры), “Постфактум” (для настаўнікаў гісторыі), “Усё пачынаецца з пачатковай” і “Здоровей-ка” (для выхавальнікаў дашкольных устаноў). Выданні адрасаваны аўдыторыі, якую цікавяць рэгіянальныя навіны адукацыі і выхавання. Інфармацыйная прастора газет даволі шырокая: ліцэй, 3 гімназіі, 21 сярэдняя школа, 6 вучэбна-педагагічных комплексаў, пачатковая школа, 33 дашкольныя ўстановы.
Газета “Постфактум” з’яўляецца своеасаблівай трыбунай грамадскай думкі. На старонках выдання можна азнаёміцца з раздзеламі “Педагагічная гасцёўня”,
“Весткі з урокаў” і “Аб выніках работы”. Нататкі дырэктара сярэдняй школы № 7 Святланы Язерскай “Аб сэнсе жыцця і неабходнасці цаніць час” заклікаюць да глыбокага роздуму. Не менш цікавыя і “Падарожжы па Берасцейшчыне”. Рэдактар газеты настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 19 Валянціна Дзямчук імкнецца разнастаіць рубрыкі, каб прыцягнуць увагу чытачоў да актуальных матэрыялаў.
Газета “Усё пачынаецца з пачатковай”, якую курыруюць настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 25 Мая Алесяюк і метадыст раённага ВМК Інеса Іванюк, складаецца з рубрык “Педагагічнае майстэрства”, “Навіны раённых метадычных аб’яднанняў”, “Нашы традыцыі” і “Перадавы вопыт”. Актыўнымі аўтарамі выдання з’яўляюцца Ала Кулагава з дзіцячага сада — пачатковай школы № 3, Святлана Арлова з гімназіі № 4 і Святлана Буняк з дзіцячага сада — пачатковай школы № 1.

Метадыст раённага ВМК Таццяна Паўлючук звязвае гісторыю з’яўлення газеты “Здоровей-ка” з Рэспубліканскай акцыяй “Здаровы я — здаровая краіна”. Менавіта штодзённая праца калектываў дашкольных устаноў скіравана на ахову і ўмацаванне здароўя выхаванцаў, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця. Вопыт работы ў гэтым напрамку прадставілі педагагічныя калектывы ясляў-садоў №№ 53, 59, 47, 32, 42, 62, 64 і 15. На старонках газеты знаходзяць адлюстраванне ход раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, пытанні харчавання, парады на кожны дзень, вынікі семінара “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга ўзросту”.
На старонках “Слова”, якое рэдагуюць настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 37 Маргарыта Скачкова і метадыст раённага ВМК Святлана Смірнова, шырока прадстаўлена творчасць педагогаў і вучняў. Шмат увагі ўдзяляецца рэгіянальным навінам, юбілеям настаўнікаў, знаёмству з цікавымі метадычнымі знаходкамі.
Сакавітай беларускай мовай вітае чытачоў “Зараніца”, за выпуск якой адказваюць настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 Алена Піскун і намеснік дырэктара сярэдняй школы № 6 Святлана Насуліч. Традыцыйнымі на старонках газеты з’яўляюцца матэрыялы, падрыхтаваныя паводле сустрэч з пісьменнікамі, — Алесем Разанавым і Алесем Паплаўскім, Зінаідай Дудзюк і Міколам Пракаповічам, Алесем Каско і Леанідам Дранько-Майсюком. У выданні можна знайсці ўражанні ад падарожжаў па краіне, навіны, абагульненне вопыту. Значнае месца адведзена пазакласнай рабоце па прадмеце як адным з асноўных напрамкаў літаратурнай адукацыі.
Газетам ёсць пра каго і пра што пісаць. У школах Маскоўскага раёна Брэста вучыцца больш за 22 тысячы дзяцей, дашкольныя ўстановы наведвае каля 9,5 тысячы малышоў, адукацыйны працэс забяспечваюць 3415 педагогаў. Кожны з іх можа зазірнуць у газеты аддзела адукацыі і знайсці там цікавую і карысную інфармацыю, падзяліцца на старонках выданняў напрацоўкамі з калегамі.

Ніна ДРЫК.