Мы розныя, але правы ў нас роўныя

Кожнае дзіця незалежна ад яго пазнавальных магчымасцей і стану здароўя мае права быць уключаным у адукацыйны працэс. У нашай рэспубліцы створана заканадаўчая база і сістэма спецыяльнай адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў стала магчыма выбіраць не толькі спецыяльную дашкольную ўстанову, спецыяльную школу ці школу-інтэрнат, але і спецыяльныя групы, класы, а таксама групы, класы інтэграванага (сумеснага) навучання і выхавання ў дашкольных установах, агульнаадукацыйных школах.

У адпаведнасці з адукацыйнымі патрэбамі дзяцей створаны новыя адукацыйныя ўстановы, такія як цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе атрымліваюць дапамогу дзеці са складанымі, цяжкімі, шматлікімі парушэннямі ў развіцці. Нядаўна свой 17 дзень нараджэння адзначыла дзяржаўная ўстанова адукацыі “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Аршанскага раёна”. ЦКРНіР забяспечвае комплексную дапамогу дзецям са складанай структурай парушэнняў развіцця, уключаючы самыя цяжкія, пачынаючы з ранняга ўзросту (ад нараджэння да 3-х гадоў). На сённяшні дзень у цэнтры функцыянуюць два спецыяльныя класы, дзве спецыяльныя дашкольныя групы, у якіх арганізаваны адукацыйны працэс для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця. Таксама ў ЦКРНіР атрымліваюць карэкцыйна-рэабілітацыйную дапамогу дзеці ранняга ўзросту з праблемамі ў развіцці. Важным з’яўляецца тое, што ў цяперашні час дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця вучацца і атрымліваюць комплекс неабходных рэабілітацыйных паслуг па месцы жыхарства.

У ЦКРНіР створана спецыяльнае адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, якое падтрымлівае і стымулюе працэс сацыялізацыі. Спецыялісты цэнтра актыўна ўдзельнічаюць у праектнай дзейнасці, яны неаднойчы перамагалі ў конкурсах. Так, у конкурсе мікрагрантаў, аб’яўленым грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” пры фінансаванні шведскай дабрачыннай арганізацыяй “Зоркі надзеі”, спецыялісты Аршанскай пярвічнай арганізацыі гэтай асацыяцыі разам са спецыялістамі ЦКРНіР сталі пераможцамі і выйгралі сэнсарны пакой “Снузлін”. Цяпер ён абсталяваны і функцыянуе на базе ЦКРНіР. Пакой з’яўляецца адным з сучасных метадаў сенсорнай інтэграцыі, стымуляцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён аказвае комплекснае ўздзеянне на нервовую сістэму, дазваляе трэніраваць органы пачуццяў, спрыяе паслабленню і зніжэнню нервова-мышачнага напружання. Тут праводзяцца індывідуальныя, падгрупавыя заняткі для дзяцей з асаблівасцямі з выкарыстаннем элементаў колератэрапіі, водаратэрапіі, казкатэрапіі.

Удзел у праекце “Разам за асаблівае дзіця” даў магчымасць набыць рэгулюемую мэблю і спецыяльнае абсталяванне для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Таксама на базе ЦКРНіР была абсталявана лекатэка (бібліятэка гульняў і гульнявых дапаможнікаў) для выкарыстання ў хатніх умовах цацак, гульнявога абсталявання, аўдыя- і відэакасет.

Не менш значны аспект гэтага праекта — перадача бацькам эфектыўных тэхналогій гульні, выхавання і зносін. Матэрыяльная база лекатэкі ўключае цацкі на развіццё дробнай маторыкі (шнуроўкі, кубікі, пазлы), маўлення (магнітныя наборы літар, лічбаў, настольныя развіццёвыя гульні, канструктары), сенсорнае развіццё (тактыльныя наборы, гукавыя цацкі) і ўвесь час папаўняецца і абнаўляецца за кошт спонсарскіх сродкаў.

У гэтым навучальным годзе спецыялісты ЦКРНіР удзельнічалі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, прадставіўшы ініцыятыву “Крок наперад для дзяцей з АПФР”. Удзел у конкурсе прынёс новую перамогу, у выніку чаго на працягу навучальнага года спецыялісты ЦКРНіР працуюць над рэалізацыяй ініцыятывы. У рамках рэалізацыі ініцыятывы абнаўляецца і набываецца абсталяванне для мабільнага сенсорнага пакоя з далейшым яго выкарыстаннем у рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Педагогі цэнтра дзеляцца сваім вопытам, навучаючы педагогаў аршанскага рэгіёна аказанню карэкцыйнай, псіхалагічнай і рэабілітацыйнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх бацькам.

Навучанне дзяцей з цяжкімі шматлікімі парушэннямі ў развіцці ва ўмовах ЦКРНіР арыентавана не столькі на засваенне ведаў па адукацыйных галінах, колькі на фарміраванне сацыяльна і асобасна значных навыкаў жыццёвай кампетэнцыі, якія забяспечваюць адаптацыю дзіцяці ў навакольным свеце і спрыяюць самастойнай жыццядзейнасці. Для рэалізацыі гэтай мэты ў ЦКРНіР створаны кабінет сацыяльна-бытавой адаптацыі, абсталяваны неабходнай мэбляй, бытавой тэхнікай, посудам. Заняткі па сацыяльна-бытавой адаптацыі накіраваны на павышэнне самастойнасці і аўтаномнасці дзіцяці.

Сучасны этап рэфармавання спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца актыўным абнаўленнем зместу навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, павышэннем яго якасці. Сёння накіраванасць на фарміраванне агульнаадукацыйных ведаў і ўменняў мяняецца разуменнем таго, што мэта навучання — гэта перш за ўсё павышэнне якасці жыцця дзяцей, іх сацыяльнае развіццё, азнаямленне з навакольным светам, уключэнне ў сацыяльнае і сацыяльна-эмацыянальнае ўзаемадзеянне. У сувязі з гэтым у ЦКРНіР рэалізоўваецца праграма добраахвотніцкай дапамогі “Працягні руку сябру”. Зносіны валанцёраў з навучэнцамі ЦКРНіР узаемавыгадныя, бо, працягваючы руку дапамогі і аказваючы ўвагу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, маладое пакаленне вучыцца не праходзіць міма чужой бяды, прымаць і разумець асаблівых дзяцей, вучыцца талерантнасці і дабрыні. Наведванне валанцёрамі ЦКРНіР — гэта заўсёды маляўнічае і незабыўнае свята, дзе шмат усмешак, радасці і душэўнага цяпла. Пастаянныя госці ўстановы — валанцёры сярэдніх школ №№ 20, 3, 17, гімназіі № 1, ясляў-сада № 39.

Пераход да новай адукацыйнай лініі, у аснове якой ляжыць асобасная арыентаванасць адукацыйнага працэсу ў дачыненні да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, вызначыў арыентацыю не толькі на забеспячэнне асваення навучэнцамі адукацыйных праграм, але і на фарміраванне жыццяздольнай асобы, гатовай да актыўнага ўдзелу ў сацыяльнай практыцы, жыццядзейнасці ў грамадстве.

Ірына АЛЕЙНІКАВА,
настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага
навучання і рэабілітацыі Аршанскага раёна.