Мы разам

Спартыўнае свята з такой цёплай і светлай назвай у школьны параалімпійскі дзень арганізавалі для вучняў сярэдняй школы № 12 Мінска педагогі ўстановы адукацыі сумесна з Параалімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень дзеці і зоркі спорту аб’ядналіся, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе, і каб захапіцца незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю, уменнем гэтых людзей дасягаць поспеху ў самых складаных умовах.

У гасцях у школьнікаў пабывалі пераможцы і прызёры міжнародных спартыўных спаборніцтваў па плаванні і дзюдо, валейболе седзячы і фехтаванні, спартыўных танцах на калясках.Дзеці з нецярпеннем чакалі выступлення 11-разовага чэмпіёна Параалімпійскіх гульняў у Лондане і Рыа-дэ-Жанэйра, шматразовага чэмпіёна свету і Еўропы, шматразовага рэкардсмена свету Ігара Бокага. Выбітны спартсмен расказаў пра сябе, пра тое, як змог паверыць у свае сілы, выкарыстаць свае неверагодныя магчымасці ў спорце і стаць пераможцам, даў парады плыўцам-пачаткоўцам. Школьнікам было цікава ўсё: як чэмпіён вучыўся ў школе, як праводзіць вольны час, якая з перамог была самай цяжкай, якія якасці неабходна ў сабе развіваць, каб дасягнуць поспеху. Хлопчыкі і дзяўчынкі з трапятаннем разглядалі ўзнагароды славутага спартсмена. Усім хацелася патрымаць у руках параалімпійскае “золата”. А ў конкурсе на самае цікавае пытанне перамог навучэнец 4 “В” класа Данііл Богдан.

У гэты дзень ва ўсіх прысутных была ўнікальная магчымасць убачыць, а галоўнае, паўдзельнічаць у майстар-класах па некаторых параалімпійскім відах спорту, якія для вучняў правялі зоркі спорту. Неаднаразовыя чэмпіёны Рэспублікі Беларусь Павел Герасімчык, Ігар Казлоўскі і Яўген Адамчык паказалі прыёмы гульні ў валейбол седзячы. Дзеці даведаліся, што ў праграме Параалімпійскіх гульняў спартсмены-валейбалісты спаборнічаюць з 1976 года.Удзельнік Параалімпійскіх гульняў у Лондане і Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандр Казлоў і яго трэнер Аляксандр Катлоўскі, майстар спорту міжнароднага класа, расказалі школьнікам, што параалімпійскае дзюдо з’яўляецца адаптацыяй японскага баявога мастацтва для сляпых і са слабым зрокам спартсменаў, і прапанавалі навучэнцам паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе спорту.

Майстар-клас па фехтаванні ў інвалідных калясках, дзе ў якасці зброі можа выступаць шпага, шабля або рапіра, правялі чэмпіёнка Еўропы ў шаблі бронзавы прызёр чэмпіянату свету Настасся Касцючкова і бронзавы прызёр этапу Кубка свету Хрысціна Фяклістава (трэнер Іна Фамінічна Рамановіч, майстар спорту міжнароднага класа, падпалкоўнік Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь). Пасля іх выступлення кожны жадаючы змог патрымаць у руках зброю, з дапамогай якой спаборнічаюць спартсмены.

Спартыўныя танцы на калясках прадставілі дзецям прызёр чэмпіянату Рэспублікі Беларусь Ганна Бузун і бронзавы прызёр Кубка свету Міхаіл Мясніковіч, якія займаюцца ў школе танцаў “ДАР” пад кіраўніцтвам майстра спорту міжнароднага класа Ганны Гарчаковай.Напрыканцы свята каманды навучэнцаў 4-х класаў спаборнічалі ў спартыўных эстафетах, дзе кожны зарадзіўся пазітыўнай энергіяй і станоўчымі эмоцыямі. Усе ўдзельнікі атрымалі прызы і памятныя сувеніры.
Акрамя таго, госці мерапрыемства пабывалі ў школьным музеі параалімпійскай славы, дзе пакінулі запісы ў кнізе ганаровых наведвальнікаў.

“Правядзенне школьных параалімпійскіх дзён шырока практыкуецца ў многіх краінах свету”, — адзначыла Алена Гвай, член выканкама Параалімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Мэта свята — знаёміць навучэнцаў з параалімпійскім рухам, спрыяць разуменню праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, папулярызацыі параалімпійскага спорту. А спорт — гэта не толькі рэкорды, гэта перш за ўсё стартавая пляцоўка ў краіну здароўя, бадзёрасці і добрага настрою.

Ірына КАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Мінска.