Мы хочам, каб нас чулі

Раённы савет старшакласнікаў Светлагорскага раёна дзейнічае з 2006 года. Ён з’яўляецца калектыўным дарадчым і каардынуючым органам самакіравання навучэнцаў. У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Асноўнай задачай савета з’яўляецца прыцягненне ўвагі органаў улады, грамадскасці да праблем моладзі. Яго работа накіравана на развіццё творчасці, на пошук і рэалізацыю мала­дзёжных ініцыятыў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, навучанне старшакласнікаў сучасным метадам працы ў калектыве, уцягванне ў розныя формы работы ў пазаўрочны час.

На базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска праходзіць навучанне актыву ў школе “Лідар”, дзе вывучаецца тэорыя арганізатарскай работы і праводзяцца практычныя заняткі. Дэвіз нашай школы: “Кіраваць — значыць прыводзіць да поспеху”.
Члены савета прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах, падтрымліваюць цесную сувязь з грамадскімі аб’яднаннямі БРПА і БРСМ, працуюць важатымі ў піянерскіх атрадах.

На пашыраным пасяджэнні савета ў лістападзе ў ЦТДіМ “Ювента” старшакласнікі і педагогі абмяркоўвалі, што дае дзецям праца ў савеце вучнёўскіх іні­цыятыў, што атрымліваецца і чаго пакуль не дасягнулі ў сумеснай працы з дарослымі, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны арганізатар-лідар. Разам з тым прагучалі і праблемы правядзення вольнага часу моладзі, асабліва ў сельскай мясцовасці, шкодных звычак у маладзёжным асяроддзі.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва раёна праяўляе вялікую цікавасць і да маладзёжных ініцыятыў, аказвае добрую падтрымку.

Нядаўна прайшоў круглы стол актыву раённага савета старшакласнікаў з удзелам начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Жанны Чаркас, адбылася сустрэча з намеснікам старшыні райвыканкама Канстанцінам Пятроўскім. У ходзе сустрэч юнакі і дзяўчаты абмяркоўвалі свае планы і прапановы, прымалі рэкамендацыі, а таксама атрымалі адабрэнне ідэі стварэння на канале раённай тэлерадыёкампаніі маладзёжнага канала.

У кастрычніку нашы актывісты былі дэлегатамі VII абласнога форуму лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў школьнага самакіравання “Лідары XXI стагоддзя: новы фармат”, дзе быў дадзены старт абласной акцыі-эстафеце “Голас маладых: мы хочам, каб нас чулі”. Акцыя ініцыіравана абласным саветам старшакласнікаў і праводзіцца пры падтрымцы Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Задача акцыі — арганізаваць узаемадзеянне раённых саветаў старшакласнікаў шляхам правядзення сумесных мерапрыемстваў, акцый, сустрэч. Выяўленыя актуальныя патрэбы ў маладзёжным асяроддзі будуць аформлены ў тэматычны веснік. Наш раён быў першым, хто прыняў гэтую эстафету.

У рамках акцыі 15 лістапада савет старшакласнікаў Светлагорскага раёна прымаў дэлегацыю з Калінкавіцкага раёна. Праграма была насычанай і цікавай. Дзеці азнаёміліся з рэалізаванымі праектамі мала­дзёжных ініцыятыў і планамі на будучыню двух раёнаў, наведалі мясцовую тэлерадыёкампанію “Ранак”, пагулялі ў квест-гульню ў музеі гісторыі раёна, удзельнічалі ў трэнінгу. Гасцей прымалі на базе сярэдняй школы № 11, дзе адбыўся сяброўскі дыялог двух саветаў старшакласнікаў і ўрачыстая перадача весніка абласной эстафеты старшыні дэлегацыі раённага савета старшакласнікаў Калінкавіцкага раёна.

Людміла ЛАМАКІНА,
педагог-арганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска.