Музейная педагогіка для дашкольнікаў

Падтрыманне пазнавальнага інтарэсу ў дзяцей старшага дашкольнага ўзросту патрабуе ад выхавальніка выкарыстання розных форм і прыёмаў работы, у тым ліку і тых, што характэрны для музейнай педагогікі. Таму ідэя стварэння міні-музея ў дашкольнай установе — цікавая і актуальная. Гэта вельмі эфектыўная форма работы, бо яна дазваляе дзіцяці эксперыментаваць, сінтэзаваць атрыманыя веды, развіваць творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі.

Калі ў звычайным музеі дзіця выступае ў ролі пасіўнага гледача, то ў дашкольным міні-музеі — суаўтарам і стваральнікам кампазіцыі. Прычым імі могуць быць таксама мама, тата, бабуля і дзядуля. Кожны міні-музей — гэта вынік зносін, сумеснай дзейнасці выхавальніка, дзяцей і іх бацькоў. Важна, што дзякуючы музейнай педагогіцы ў дашкольнікаў фарміруюцца каштоўнасныя адносіны да прыроды, з’яўляецца цікавасць да музеяў і выстаў, развіваецца эмацыянальны водгук пры ўспрыманні аб’ектаў жывой і нежывой прыроды.
Але ці заўсёды педагогі і бацькі ведаюць, як правільна далучыць дашкольнікаў да духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей, створаных чалавецтвам? Творчая група выхавальнікаў дашкольных устаноў Століншчыны паспрабавала вывучыць асаблівасці музейнай работы ў дзіцячых садках і знайсці шляхі пераадолення цяжкасцей у яе арганізацыі. У склад групы, якую ўзначаліла загадчыца Альшанскага ясляў-сада № 1 Наталля Аляксандраўна Гром, увайшлі 10 педагогаў з гарадскіх і сельскіх дашкольных устаноў.
Удзельнікі групы разумелі, што сёння наведваннем музея нікога не здзівіш. Карцінныя галерэі, краязнаўчыя музеі, музеі мастацтва і навукі сталі неад’емнай часткай нашага культурнага жыцця. А што рабіць, калі магчымасці пайсці ў музей няма? Таму дашкольныя ўстановы вырашылі адкрыць уласныя музеі, няхай і маленькія. Канечне, ва ўмовах дзіцячага садка немагчыма стварыць экспазіцыі, якія цалкам адпавядаюць патрабаванням музейнай справы. Таму творчая група педагогаў спыніла ўвагу на стварэнні міні-музеяў. Слова “міні” ў дадзеным выпадку адлюстроўвае не толькі ўзрост дзяцей, для якіх прызначаны музей, але і памеры экспазіцыі, пэўную абмежаванасць тэматыкі.

Падчас стварэння міні-музеяў удзельнікі творчай групы былі ў ролі дызайнераў, мастакоў, музеязнаўцаў і гісторыкаў. Уся работа праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку педагогі вызначалі тэму і назву міні-музея, распрацоўвалі яго мадэль, выбіралі месца для размяшчэння экспазіцыі.
Міні-музеі атрымаліся рознымі як па афармленні, так і па змесце. Іх тэматыка вельмі разнастайная. Гэта міні-музеі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры малых форм, прадметаў працы і побыту, паштовак, посуду, гадзіннікаў і інш. Удзельнікі творчай групы распрацавалі тэматыка-экспазіцыйныя планы міні-музеяў, апісанне этыкетак да экспанатаў, канспекты экскурсій з удзелам дзяцей-экскурсаводаў, а таксама склалі картатэкі гульняў для азнаямлення з музейнымі экспанатамі. Падчас работы назапашаны матэрыял сістэматызаваўся і дапаўняўся.
Міні-музеі, створаныя ў групавых памяшканнях, дазволілі выхавальнікам зрабіць слова “музей” звыклым і прыцягальным для дзяцей. Экспанаты выкарыстоўваюцца пры правядзенні розных заняткаў па развіцці маўлення, уяўлення, інтэлекту і эмацыянальнай сферы выхаванцаў. Любы прадмет міні-музея можа падказаць тэму для цікавай размовы.
Сёння міні-музеі (іх ужо 15) сталі значнай часткай развіццёвага прадметнага асяроддзя дашкольных устаноў і паказалі вялікую значнасць у выхаванні і развіцці дзяцей.

Вопыт музейна-адукацыйнай работы ўдзельнікаў творчай групы дэманстраваўся на розных раённых метадычных мерапрыемствах. Асабліва хочацца адзначыць работу выхавальнікаў Асаўскога ясляў-сада Людмілы Міхайлаўны Кулак (міні-музей “Спадчына”) і Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада Ларысы Міхайлаўны Прылуцкай (міні-музей “Кірмаш рамёстваў”), якія праявілі творчы падыход не толькі ў афармленні і падборы экспанатаў міні-музеяў, але і дасягнулі значных поспехаў у развіцці звязнага маўлення дзяцей падчас іх далучэння да правядзення экскурсій.
Падводзячы вынікі работы, удзельнікі творчай групы прыйшлі да высновы, што ва ўмовах сістэматычнай работы і метадычна правільнай арганізацыі педагагічнага працэсу магчыма і неабходна пачынаць навучанне музейнаму ўспрыманню ўжо з дашкольнага ўзросту. Дзякуючы гэтаму, у дзяцей, якія далучаюцца да агульначалавечых каштоўнасцей і гісторыі, фарміруецца мастацкі густ.
Вынікі праведзенай работы паказалі, што міні-музей у дашкольнай установе дазволіў сфарміраваць у дзяцей цікавасць да музеяў і ўменне разумець вобразную мову прадметаў, а таксама засвоіць правілы музейных паводзін. Разам з тым педагогі набылі навыкі вядзення музейнай работы з дашкольнікамі.
Удзельнікі творчай групы вераць, што сустрэчы з цудоўным пакінуць у дзіцячых душах незабыўныя ўражанні, дапамогуць у будучыні арыентавацца на сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці.

 

Наталля КАВАЛЬСКАЯ,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму
Столінскага райвыканкама.