Музей за музеем

Напярэдадні Дня Перамогі ва ўсіх школьных музеях баявой славы Фрунзенскага раёна прайшлі дні адкрытых дзвярэй, а ў сярэдніх школах № 16, № 159, № 2 і гімназіі № 31 — дні адкрыцця музейных дзвярэй. 7 і 8 мая ў гэтых установах адукацыі першых наведвальнікаў гасцінна сустракалі новыя экспазіцыі трох музеяў і аднаго музейнага пакоя баявой славы.

Чым далей ад нас пераможны май 45-га, тым больш актуальным становіцца стварэнне музеяў баявой славы. Ветэраны, на жаль, імкліва адыходзяць ад нас, і як бы мы таго не хацелі, аднак настане той час, калі пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны будуць расказаць толькі фотаздымкі, асабістыя рэчы герояў — тое, што складае аснову любой экспазіцыі на ваенную тэматыку. Менавіта такія экспазіцыі і былі адкрыты ў чатырох установах адукацыі Фрунзенскага раёна. Некаторыя музеі ствараліся з нуля, а некаторыя рэканструяваліся, як, напрыклад, музей сярэдняй школы № 159, прысвечаны партызанскай брыгадзе імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Фёдаравіча Данукалава.
Музей адкрыты ў лістападзе 1987 года дзякуючы актыўнай пошукавай рабоце першага дырэктара школы Таццяны Уладзіміраўны Сычовай; старшай піянерважатай, а цяпер дырэктара сярэдняй школы № 101 Святланы Паўлаўны Главацкай, настаўнікаў, піянераў, камсамольцаў. Пры рэканструкцыі, праведзенай да 70-годдзя Перамогі, дапаможны фонд папоўніўся асабістымі рэчамі, узнагародамі ветэранаў, з’явілася шмат даследчых вучнёўскіх работ, былі ўдасканалены экскурсіі (дапоўніліся новымі відэаматэрыяламі) і адметныя музейныя патрыятычныя гульні, падчас якіх вучні з 5 па 11 клас знаёмяцца з гісторыяй вайны і партызанскім рухам на Беларусі.
З 8 мая ў сярэдняй школе № 2 дзейнічае ўжо два музеі. Першы, прысвечаны гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў, гісторыі вайны ў Афганістане, адкрыты яшчэ ў мінулым годзе напярэдадні 25- годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. Па словах настаўнікаў гісторыі Дзмітрыя Віктаравіча Маскалёва і Наталлі Вячаславаўны Шарамецьевай, тут прадстаўлены фотаздымкі мінчан, якія загінулі ў Афганістане ў перыяд з 1979 па 1989 гады, у вітрынах знаходзяцца іх асабістыя рэчы. Ствараць экспазіцыю дапамагалі маці загінуўшых хлопцаў. У другой частцы экспазіцыі прадстаўлена інфармацыя пра тых, хто прайшоў Афганістан і жыве цяпер у Фрунзенскім раёне. А вось музей “Пра подзвіг вялікі і вечны”, прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, функцыянуе ўсяго некалькі дзён. У сучаснай музейнай зале яшчэ, як кажуць, адчуваецца пах фарбы. Адметнасць экспазіцыі ў тым, што яна расказвае не пра баявы шлях асобнай воінскай часці або партызанскага злучэння, а носіць абагульняльны характар. Раздзелы, размешчаныя ў строгай храналагічнай паслядоўнасці, расказваюць і пра першыя абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі, і пра партызанскі рух, і пра аперацыю “Баграціён”.
Урачыстае адкрыццё экспазіцый нагадвала музейны марафон. Так, 7 мая своеасаблівая эстафета перадавалася ўстановам адукацыі праз адну гадзіну і прымалася падчас урачыстых лінеек, слоў падзякі ў адрас ветэранаў, якім, дарэчы, давалася адказная місія ацаніць вынікі работы педагогаў-музейшчыкаў і вучняў-экскурсаводаў.
Як адзначылі на адкрыцці музея баявой славы ў сярэдняй школе № 2 старшыня адміністрацыі Фрунзенскага раёна Барыс Анатольевіч Васільеў і старшыня мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Васільевіч Панасюк, дзякуючы мужнасці, адвазе ветэранаў, у нашай краіне сёння пануюць мір, спакой, у дарослых ёсць магчымасць спакойна працаваць на карысць сваёй сям’і і краіны, а дзеці могуць вучыцца, спяваць песні, займацца любімымі справамі, будаваць планы на будучыню.
— Дзякуй, дарагія настаўнікі і вучні, што вы хочаце змясціць у свае душы тую адданасць і гераізм, з якімі ветэраны абаранялі нашу краіну. Захоўвайце гэтую светлую памяць, будзьце сапраўднымі патрыётамі, — звярнуўся да нашчадкаў Перамогі старшыня савета мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Анатоль Аляксеевіч Адоньеў.
Адкрыццё музеяў баявой славы — выдатны спосаб захавання гэтай памяці. Гэта яшчэ адзін напамін пра нашу гераічную гісторыю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.