Моладзь спрабуе крылы

Выступіць на абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка” сёлета імкнулася звыш за 800 чалавек. Конкурс вытрымаў толькі кожны дзясяты. Колькасць заявак на ўдзел штогод павялічваецца ўдвая. Што ж прываблівае маладых людзей у даследчыцкай дзейнасці?

Прага пазнання

Адвечная дамінанта чалавечага характару ўзроставым і сацыяльным рамкам непадуладная. Тым не менш вельмі яскрава яна праяўляецца якраз у пачатковай школе: дзяцей вабіць прастора нязведанага, большасць з іх марыць пра адкрыцці і шчыра спадзяецца дакрануцца іх на занятках. У залежнасці ад таго, наколькі спраўдзіліся надзеі, у кагосьці цікавасць да навучання згасае, хтосьці пачынае вучыцца дзеля адзнакі, а ў кагосьці наіўная дзіцячая мара набывае абрысы рэальнасці і вызначае лёс. Выключна важны момант у станаўленні асобы юнага даследчыка — удзел у канферэнцыях. Іх арганізацыі і правядзенню ў Прыдзвінні надаецца першачарговае значэнне. Шэраг паспяховых праектаў у гэтым кірунку — вынік плённага супрацоўніцтва ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і ВДУ імя П.М.Машэрава.
— У адпаведнасці з праграмай “Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў Віцебскай вобласці”, штогод мы праводзім шэраг сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку конкурс навуковых праектаў “Першы крок у навуку”, канферэнцыю сярод малодшых школьнікаў, навукова-практычную канферэнцыю навучэнцаў “Эўрыка”, семінары для кіраўнікоў навуковых аб’яднанняў, — расказаў начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Васілій Горбаль. — “Эўрыка” абагульняе і падводзіць вынікі даследчай дзейнасці школьнікаў на працягу навучальнага года. Удзельнікамі ІІІ (абласнога) этапу канферэнцыі могуць стаць навучэнцы 8—11 класаў гімназій, сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў — пераможцы ІІ (раённага, гарадскога) этапу, якія выканалі даследчую працу самастойна ці ў складзе аўтарскага калектыву. Кіраўнікі даследчых работ школьнікаў, педагогі ўстаноў адукацыі ўдзельнічаюць у абласной канферэнцыі без абмежаванняў і спецыяльных запрашэнняў.

Да вытокаў адкрыцця

Шчаслівы той настаўнік, хто ўпэўнены: вучні здолеюць яго перасягнуць. Ім — маладым, таленавітым, ініцыятыўным — рухацца наперад, адкрываць новыя далягляды, рабіць адкрыцці. І мы ганарымся педагогамі, якія ўмеюць разгледзець таленты дзіцяці, дапамагаюць іх развіць. Тады і вынікі будуць добрыя.
— Першая “Эўрыка” прайшла ў 2010 годзе, тады паступіла больш за 200 дакладаў, — нагадаў начальнік навукова-даследчага сектара ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксандр Дзядзінкін. — Адразу трэба адзначыць, што з кожным годам папулярнасць мерапрыемства расце — сёлета дакладаў было ўжо каля 800, у выніку мы адабралі для ўдзелу кожны дзясяты. Як і раней, канферэнцыя працавала па некалькіх напрамках. Профільныя (тэматычныя) секцыі праходзілі адначасова, на іх агучваліся стэндавыя даклады; па рашэнні экспертнага савета даследчыкам адводзіўся час для кароткай вуснай прэзентацыі работ. Аўтары лепшых былі адзначаны дыпломамі. Пераможцы абласной канферэнцыі таксама атрымалі права ўдзельнічаць у заключным туры рэспубліканскай алімпіяды па сваёй прадметнай галіне.
Многія з гэтых юнакоў і дзяўчат ужо маюць унушальны даследчыцкі вопыт і пэўныя поспехі. Так, васьмікласнік Глыбоцкай раённай гімназіі Уладзіслаў Лаўцэвіч яшчэ з пачатковай школы сур’ёзна “захварэў” на інфарматыку. Міжшкольны факультатыў па любімым прадмеце наведвае з 4 класа. Пад кіраўніцтвам Лідзіі Раманчук пачаў рыхтавацца да конкурсаў і алімпіяд. Вынік — перамогі і прызавыя месцы на раённым этапе гульні-конкурсу “Інфамышка” і прадметнай алімпіяды (у тым ліку дыплом І ступені, заваяваны ў спаборніцтве з навучэнцамі 8—11 класаў — пры тым, што сам тады быў у 6), раённым конкурсе “Бяспека дзяцей у інтэрнэце”, рэспубліканскім конкурсе выяўленчага мастацтва “Парк высокіх тэхналогій вачыма дзяцей”, удзел у інтэрнэт-конкурсе Яраслаўскага цэнтра тэлекамунікацый і інфармацыйных сістэм у адукацыі, прысвечаным бяспечнаму выкарыстанню сусветнай камп’ютарнай сеткі, перамогі ў абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па праграмаванні і ў конкурсе на лепшы эскіз лагатыпа Глыбокага да Дня беларускага пісьменства. Як раней пісала “Настаўніцкая газета”, адна з распрацовак Уладзіслава з мінулага года вядомая за межамі вобласці і нават рэспублікі: ён з’яўляецца стваральнікам сайта “Дзень беларускага пісьменства” www.belpismennost12.ucoz.ru (І месца ў абласным дыстанцыйным конкурсе праектаў “Я пазнаю свет”).
Навучэнец гімназіі №1 Віцебска Раман Палякоў з 6 класа пад кіраўніцтвам Аляксандра Гелясіна паглыблена займаецца фізікай. Двойчы юны талент удзельнічаў у Міжнароднай навуковай канферэнцыі школьнікаў “Сахараўскія чытанні”. У мінулым годзе “Эксперыментальнае даследаванне і камп’ютарнае мадэляванне броўнаўскага руху” прынесла юнаку перамогу ў 17-м рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў. А сёлетняй восенню ў яго актыве з’явіліся дыплом І ступені з “Эўрыкі” і ўдзел у 25-й канферэнцыі маладых вучоных краін Еўрапейскага саюза. Як паведаміла намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ларыса Мацвеева, на форуме, што праходзіў 20—24 верасня ў Празе, Раман прапанаваў свой адказ на пытанне “Як стварыць суперкандэнсатар: практычнае выкарыстанне канцэпцыі падвойнага электрычнага слою”. Акрамя фізікі, Беларусь была прадстаўлена чатырма работамі (дзве па матэматыцы, інфарматыцы).
Цікавым было знаёмства з зямлячкай Уладзіслава Лаўцэвіча, адзінаццацікласніцай сярэдняй школы №1 Глыбокага Лізаветай Дзмітрыевай і яе навуковым кіраўніком… Лізаветай Дзмітрыевай!
— Мая ўнучка Ліза — географ у трэцім пакаленні, — патлумачыла настаўніца. — Мы паспяхова ўдзельнічалі ў трох “Эўрыках”. Зараз рыхтуемся да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па геаграфіі, марым паступіць на геафак БДУ.
Лізавета Дзмітрыева-старэйшая — адна з лепшых настаўніц геаграфіі ў рэспубліцы, якая падрыхтавала не адно пакаленне пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, а маладая глыбаччанка мае зайздросную мэтанакіраванасць, з якой ідзе да здзяйснення мары. Таму праз год быць ёй студэнткай БДУ!

Кола сяброў пашыраецца

І ў колькасным плане, як гаварылася раней. І ў тым жа геаграфічным: сярод удзельнікаў гэтага года, напрыклад, навучэнка Земгальскай школы Даўгаўпілскага раёна Эліна Каўшэвіч (яна даследавала папуляцыю соў).
Штогод узрастае і якасны ўзровень арганізацыі “Эўрыкі”.
— Да 2010 года навуковыя аб’яднанні навучэнцаў існавалі практычна ў кожнай школе. Найперш мы вырашылі іх арганізаваць у адзіную абласную структуру, таму пасля першай “Эўрыкі” правялі сход настаўнікаў, якія кіруюць даследчай дзейнасцю навучэнцаў, — патлумачыў начальнік аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў Віцебскага абласнога ІРА Аляксандр Кандратовіч. — Распрацавалі палажэнне — сёння яно адзінае ва ўсіх навучальных установах. Другое пасяджэнне прысвяцілі тэматыцы работ — яе распрацоўваў кожны сектар. Цяпер ідзём далей — працуем над удасканаленнем методыкі стварэння праектаў. Сёлета мяркуем зрабіць наступны крок — арганізаваць трэніровачныя зборы для пераможцаў канферэнцыі, якія будуць прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліцы. На жаль, пры тым, што нярэдка праекты школьнікаў моцныя, значныя, выніковыя, аўтары ўсё яшчэ не заўсёды могуць іх упэўнена і годна абараніць. Спадзяёмся, што дзякуючы зборам сітуацыя выправіцца.
Крочыць у навуку і быць сваім у ёй — гэта не так проста. “Эўрыка” аб’яднала тых, хто імкнецца знайсці ў навуковым свеце сваё месца, — гэта здорава. І праца, якой маладыя даследчыкі займаюцца разам з педагогамі, абавязкова дасць свой плён, бо ў любой справе толькі прафесіяналізм і адказныя адносіны даюць значныя вынікі.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.