Моладзь на карысць грамадству

Нядаўна на базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна прайшла восьмая раённая канферэнцыя спецыялістаў СППС, прымеркаваная да Сусветнага дня псіхічнага здароўя. Ініцыятарамі яе правядзення выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама, раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў-псіхолагаў, РГА “БелАЮ”, клуб ЮНЕСКА “Унутраны свет” сярэдняй школы № 13 Жлобіна.

“Інавацыйныя метады прафілактыкі рызыкоўных паводзін у падлеткаў і моладзі” з’яўляюцца вельмі актуальнымі. У рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, прадстаўнікі праваахоўных органаў і КСН, грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных арганізацый Жлобінскага раёна і іншыя зацікаўленыя асобы. Мэта канферэнцыі — удасканаленне метадаў прафілактыкі рызыкоўных паводзін у падлеткаў і моладзі на падставе абагульнення вопыту ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і грамадскіх аб’яднанняў.
У рамках канферэнцыі абмяркоўваліся найбольш папулярныя метады прафілактыкі рызыкоўных паводзін. Відавочна, што зараз пераважаюць інфармацыйныя метады: акцыі, прафілактычныя трэнінгі, дыскатэкі, спартыўныя мерапрыемствы, азнаямленчыя лекцыі з прыцягненнем дактароў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, тэматычныя класныя гадзіны, прагляд і абмеркаванне фільмаў. Формы і метады работы, якія выкарыстоўваюць спецыялісты, не заўсёды дазваляюць дасягнуць жаданага выніку.
Многія прафілактычныя праграмы расказваюць, як рабіць нельга, але рэдка гавораць, што ж рабіць замест гэтага. Яны не вучаць падлетка карыстацца сваімі рэсурсамі так, каб яго кіпучая энергія была накіравана ў мірнае рэчышча. Адна з задач прафілактыкі, як лічаць удзельнікі канферэнцыі, — паказаць падлетку, што ўсе яго патрэбы можна рэалізаваць пазітыўна. Работа па змяненні паводзін павінна абавязкова суправаджацца не толькі ўсведамленнем негатыўнасці рызыкоўных учынкаў, але і выпрацоўкай формы альтэрнатыўных паводзін. Неабходна выкарыстоўваць у прафілактыцы рызыкоўных паводзін падлеткаў і моладзі новыя тэхналогіі, цікавыя і прывабныя для падлеткаў, шматфункцыянальныя па сваіх магчымасцях. Адной з такіх тэхналогій з’яўляецца арганізацыя сацыяльна значнай дзейнасці. Гэта можна зрабіць праз навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак сацыяльнаму праектаванню.

Сучасныя вучні павінны быць актыўна задзейнічаны ў аказанні дапамогі свайму раёну, дабрачыннасці, валанцёрскай рабоце і іншай сацыяльна значнай дзейнасці. У рамках канферэнцыі быў прадстаўлены вопыт работы клуба ЮНЕСКА “Унутраны свет” сярэдняй школы № 13 Жлобіна па навучанні членаў клуба сацыяльнаму праектаванню. У аснову навучання пакладзена праграма “Моладзь на карысць грамадству”. Яна ўяўляе сабой 10 крокаў, якія дазваляюць прайсці ўсе стадыі стварэння сацыяльнага праекта. Падлеткі хочуць быць значымымі, хочуць дзейнічаць, таму ўключэнне іх у праектную дзейнасць, сапраўды карысную і значную, рэальную, са сваім канкрэтным вынікам, дазваляе задаволіць гэтыя патрэбы.
Нашы вучні навучыліся не толькі вызначаць прычыны грамадска-значных праблем, але і паспрабавалі вырашыць некаторыя з іх. За 2011 — 2013 гады членамі клуба былі распрацаваны і рэалізаваны чатыры праекты. Работа над праектам дазваляе адчуць як дзіцяці, так і любому даросламу значнасць сваёй дзейнасці, павысіць сацыяльны статус у школе, у мікрараёне, адкрыць новыя магчымасці. Навучанне сацыяльнаму праектаванню дае падлеткам навыкі, неабходныя для пераадолення праблем, а таксама фарміруе ўстаноўку, што яны самі могуць вырашаць праблемы. Такім чынам, з’яўляецца станоўчы вобраз будучыні, што спрыяе прафілактыцы суіцыдаў.

Сацыяльнае праектаванне дазваляе вырашаць задачы ўзросту і забяспечваць педагагічны ўплыў на працэс сталення падлетка. Гатоўнасць падлетка прыняць асабісты ўдзел у паляпшэнні сацыяльнай сітуацыі дае яму магчымасць перажываць радаснае напружанне разумнай рызыкі (так званага “драйву”), пераадольваць уласны страх. Выкарыстанне праграмы “Моладзь на карысць грамадству” прадастаўляе магчымасць спынення непажаданых паводзін шляхам прадастаўлення лепшых варыянтаў паводзін.
У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя праекта Міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Даступнае якаснае кансультаванне і тэсціраванне на ВІЧ для падлеткаў і маладых людзей груп рызыкі”. Асноўным выканаўцам праекта з’яўляецца Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА. Праект рэалізуецца пры фінансавай і экспертнай падтрымцы дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Еўрапейскага Саюза. Работа праекта будзе ажыццяўляцца ў 10 населеных пунктах, найбольш эпідэміялагічна нядобранадзейных у дачыненні да ВІЧ/СНІДу: Мінск, Гомель, Бальшавік (Гомельскі раён), Светлагорск, Жлобін, Салігорск, Віцебск, Наваполацк, Пінск, Ліда. Падчас прэзентацыі праекта прадстаўлены вынікі двух даследаванняў: “Аналіз нарматыўна-прававой базы па пытаннях тэсціравання і кансультавання на ВІЧ” і “Матывацыя і патрэбнасці падлеткаў груп рызыкі ў кантэксце кансультавання і тэсціравання на ВІЧ і патэнцыял устаноў аховы здароўя і грамадскіх аб’яднанняў па прадастаўленні такіх паслуг”.

Пасля пленарнага пасяджэння былі праведзены наступныя майстар-класы: “Выкарыстанне тэхналогіі роўнага навучання для прафілактыкі рызыкоўных паводзін падлеткаў ва ўстановах адукацыі” (праводзіла Таццяна Працкевіч, нацыянальны каардынатар сеткі Y-PEER); “Магчымасці праграмы “Лячэбная магія” ў прафілактыцы рызыкоўных паводзін падлеткаў і моладзі” (праводзіў Віталь Паўлаградскі, кіраўнік праекта “Лячэбная магія” ў Беларусі); “Сацыяльны тэатр як новая форма прафілактыкі рызыкоўных паводзін у падлеткаў і моладзі” (праводзіў Павел Вінаградаў, член “БелАЮ” па Магілёўскай вобласці).
Такім чынам, удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць атрымаць комплекснае ўяўленне аб сучасных падыходах у рабоце па прафілактыцы рызыкоўных паводзін падлеткаў і моладзі не толькі ў розных установах адукацыі, але і розных грамадскіх аб’яднаннях. Па сутнасці, гэтым разам атрымалася толькі прадставіць розныя пункты гледжання і агучыць некаторыя аспекты гэтага складанага пытання. Аднак адчувалася вялікая цікавасць да тэмы і ў дакладчыкаў, і ва ўдзельнікаў майстар-класаў, што дае падставы меркаваць, што дыскусія будзе працягнута. А гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць вызначыць найбольш эфектыўныя формы работы па прафілактыцы рызыкоўных паводзін у падлеткаў і моладзі і дазволіць перайсці ад стану схаванай канфрантацыі паміж рознымі ведамствамі і грамадскімі арганізацыямі да партнёрскіх адносін, што будзе садзейнічаць захаванню псіхічнага здароўя дзяцей.

 

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна.