Мінск у мініяцюры

Напрыканцы мінулага тыдня ў сталічнай школе № 25 прайшоў першы гарадскі лега-фестываль “Мінск — мой горад”. Дзякуючы навучэнцам 1—4 класаў з трыццаці адной школы Мінска, якія з задавальненнем бавяць вольны час з канструктарам Lego, кожнаму жадаючаму прадаставілася магчымасць убачыць у сценах адной школы самыя вядомыя славутасці, якімі ганарыцца Беларусь, а таксама тыя, пра якія вядома мала. А яшчэ завітаць у горад будучыні.

Сама ідэя легаканструявання для сярэдняй школы № 25 не новая. Не так даўно педагогі школы атрымалі грант Мінгарвыканкама на праект “Легаканструяванне ў пачатковай школе як рэсурс павышэння якасці адукацыйнага працэсу”, у якім усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу выкарыстоўваюць у сваёй працы элементы легаканструявання. Так, настаўнікі пачатковай школы на ўроках навучання грамаце і чытанню рознакаляровымі кубікамі выкладваюць схемы слоў, сказаў, што, як паказаў іх вопыт, куды лепш засвойваецца дзецьмі. На ўроках матэматыкі лега ператвараецца ў лічыльны матэрыял, з яго ж дзеці будуюць вежы, самыя разнастайныя фігуры, робяць схемы да задач. Латкі з канструктарам, які, дарэчы, ёсць амаль ва ўсіх класах, апусташаюцца і на занятках у групах прадоўжанага дня. У школе працуюць аб’яднанні па інтарэсах, клубы “Лега-мульт”, “Лега-тэатр”, пра новыя лега-праекты і школьныя конкурсы і выставы пішуць карэспандэнты школьнай газеты “Планета дзяцінства”. І, улічваючы кірунак школы і колькасць свежай інфармацыі, цяпер выдаецца цэлы дадатак “Лега-навіны”.
“Развіццё дзяцей, іх патэнцыялу, які не мае межаў, — галоўная задача любой установы адукацыі, і менавіта праз развіццё мы і вучым дзяцей, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Генадзьеўна Бандарэнка, куратар фестывалю. — У Беларусі тры ўстановы — сярэдняя школа № 2 Маладзечна Мінскай вобласці, гімназія № 10 Мінска і наша сярэдняя школа № 25 — прымаюць удзел у эксперыментальным праекце “Апрабацыя тэхналогіі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору Lego “Пабудуй сваю гісторыю”. Але гэта вельмі вузкі напрамак, таму мы распрацавалі праграму аб’яднання па інтарэсах і ахапілі такія тэмы: “Мая школа”, “Школа будучыні”, Мой двор”, “Двор будучыні” і іншыя. Ужо тры разы мы праводзілі фестывалі ў сваёй школе, а на гэты раз мы прапанавалі і іншым школам прыняць у ім удзел. Гэта цудоўная магчымасць аб’яднаць дзяцей, захопленых канструяваннем, творчасцю, і прадаставіць ім шанс падзяліцца сваімі самымі смелымі ідэямі. Шчыра кажучы, мы не чакалі такой колькасці жадаючых: ажно 30 школ далучыліся да нас. Таму фестываль праходзіў на працягу ажно двух дзён”.
“Мінск — мой горад” — такой тэмай былі аб’яднаны ўсе ўдзельнікі фестывалю. А пра каларыт і разнастайнасць праектаў гавораць самі назвы праектаў: “Хакейнае “Юнацтва” сталіцы”, “Нацыянальная бібліятэка”, “Новы аэрапорт”, “Вакзал для сяброў”, “Універсальная запраўка”, “Наша памяць”, “Мінск — горад дзяцінства”, “Мінск сустракае гасцей”, “Мінск, у якім нам жыць”, “Ізумрудны горад” і іншыя.
Аснову част кі праектаў склалі тыя аб’екты, якімі па праву ганарыцца кожны беларус. У праекце “Мінск праваслаўны” першакласнікі сярэдняй школы № 67 сканструявалі вельмі рэалістычныя храмы, асабліва Кафедральны сабор. Навучэнцы гімназіі № 10 у сваім праекце “Сем цудаў Мінска” прадставілі, на іх погляд, самыя важныя будынкі Мінска, сярод якіх “Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна”, Нацыянальная бібліятэка, Стэла, плошча Перамогі. Вучні сярэдняй школы № 72 “пабудавалі” Мінскі трактарны завод. Для юных будаўнікоў завод мае асаблівае значэнне: іх бацькі, бабулі, дзядулі працавалі ці працуюць зараз на ім. Таму, дзе які цэх размяшчаецца і вытворчасць якіх трактароў там наладжана, дзе прахадная, дзе можна пачакаць тату ці маму са змены, яны ведаюць як свае пяць пальцаў.
“Уся работа, якую правялі дзеці, не пройдзе дарма. Дзякуючы ёй, яны пачарпнулі новыя веды з гісторыі роднага горада, даведаліся пра сувязь пакаленняў, адчулі сваё дачыненне да прыгажосці горада, яго архітэктуры, яго жыхароў”, — адзначае Таццяна Генадзьеўна.
Цэлым выбухам фантазіі прагучалі праекты будучыні, у якіх дзеці не толькі пабудавалі арыгінальныя з архітэктурнага пункту погляду будынкі, але і расказалі, у якім месцы горада яны хочуць іх бачыць і якое назначэнне ў іх павінна быць. Так, праект “Паветраныя вароты сталіцы” сярэдняй школы № 25 — цэлая скарбніца арыгінальных ідэй, якія б прыйшліся даспадобы нават вопытным архітэктарам. Хлопчыкі і дзяўчынкі прапанавалі свае ідэі, як зрабіць аэрапорт абліччам горада і краіны, бо менавіта яго ацэньваюць нашы госці, калі ўпершыню ступаюць на беларускую зямлю. У прыватнасці, яны прапанавалі стварыць на яго тэрыторыі інфармацыйную залу, наведаўшы якую госць атрымаў бы самае поўнае ўражанне ад горада. Напрыклад, атрымаць інфармацыю пра тое, якія славутасці неабходна наведаць кожнаму турысту, як пракладзены маршруты грамадскага транспарту, якія звяжуць аэрапорт з імі. І нават прывычныя ўстановы — аптэка, кафэ, заапарк, магазіны, па меркаванні навучэнцаў, павінны загучаць па-новаму. Напрыклад, у кафэ можна будзе не толькі выпіць кубак гарбаты ці падсілкавацца, але і даведацца, дзе яшчэ ў горадзе можна паабедаць без вялікага ўрону для кашалька, дзе паспытаць стравы беларускай кухні.
Тое, што канструктар Lego — матэрыял для творчасці не толькі для малышоў і іх самых элементарных домікаў і вежаў, а яшчэ і для тых, хто пачынае вывучаць фізіку, матэматыку, даказалі навучэнцы гімназіі № 37. Аб’ектамі ў іх мініяцюрным Мінску кіравалі камп’ютары: у парку адпачынку рухалася калясо аглядання, у заапарку скакалі малпы, вакол сваёй восі круцілася Нацыянальная бібліятэка, а экскурсавод Траецкага прадмесця выходзіў на балкон, каб запрасіць гасцей на экскурсію.
“Нас здзівіла маштабнасць праектаў не столькі з тэхнічнага пункту погляду, а менавіта з пункту гледжання глыбіні падрыхтоўкі, — гаворыць дырэктар школы Вольга Аляксандраўна Якушык. — Бо, каб пабудаваць любы аб’ект, трэба было яшчэ і вывучыць яго гісторыю, асэнсаваць яго значнасць для горада і яго жыхароў, звярнуцца да літаратуры і нават да дакладных навук, правесці шэраг экскурсій. Падчас прадстаўлення праектаў было прыемна бачыць, што дзеці ганарацца тымі месцамі, якія яны пабудавалі. Гэта і ёсць любоў да свайго дома, сваёй вуліцы, горада і да краіны ў цэлым”.
У наступным годзе арганізатары плануюць пашырыць фестываль. Магчыма, ён будзе праходзіць не ў школе, а, напрыклад, у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Там дзеці змогуць прадставіць не толькі падрыхтаваныя загадзя праекты, але і прыняць удзел у экспромт-конкурсах, праявіць фантазію і мастацтва канструявання ў рэжыме рэальнага часу. І ўжо зараз відавочна, што да лега-руху далучыцца яшчэ больш юных канструктараў.

Святлана НІКІФАРАВА.