Метадычны тыдзень у школе: цікава, карысна, вынікова

Метадычная работа ў школе — складаны працэс, які патрабуе вялікай самааддачы, творчай ініцыятывы і актыўнасці. Гэтая работа неабходная, бо з’яўляецца найважнейшым сродкам павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў і эфектыўнасці работы навучальнай установы. Прафесійнаму развіццю педагогаў садзейнічае іх уключэнне ў творчую даследчую дзейнасць, што таксама актуальна ў сучаснай метадычнай рабоце школ.

Для павышэння эфектыўнасці метадычнай дзейнасці неабходна прымяняць актыўныя формы работы, якія стымулююць пошукавыя, творчыя і даследчыя навыкі педагогаў і арыентаваны на зону іх бліжэйшага развіцця. Выкарыстанне гэтых форм садзейнічае праяўленню самастойнасці, творчаму пошуку, выпрацоўцы ўласнай пазіцыі, развіццю аналітычных здольнасцей, павышэнню адказнасці за свае рашэнні. Адной з цікавых форм работы з’яўляецца метадычны тыдзень.
У нашай школе штогод праходзіць адзіны метадычны тыдзень, мэта якога заключаецца ў павышэнні якасці адукацыйнага працэсу і ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў, ва ўключэнні настаўнікаў у творчы пошук і актуалізацыі метадычнай работы ўвогуле.

Правядзенне метадычнага тыдня ажыццяўляецца паэтапна. Першы этап — падрыхтоўчы. Падчас яго метадычны савет распрацоўвае план правядзення адзінага метадычнага тыдня і кожнага канкрэтнага мерапрыемства згодна з тэмай метадычнага тыдня раёна. Затым пішацца загад аб правядзенні метадычнага тыдня і пры неабходнасці распрацоўваюцца палажэнні па некаторых яго мерапрыемствах.
Пры планаванні метадычнага тыдня важна ўлічыць патрэбы педагогаў, таму да пасяджэння метадычнага савета па планаванні тыдня кіраўнікі школьных метадычных аб’яднанняў праводзяць анкетаванне іх членаў па выяўленні запытаў. Педагогі загадзя знаёмяцца з планам правядзення тыдня, патрабаваннямі да мерапрыемстваў, што дазваляе своечасова падрыхтавацца да іх.
Другі этап — метадычны. Ён уключае правядзенне запланаваных у рамках тыдня мерапрыемстваў. На гэтым этапе важна забяспечыць актыўнае ўзаемадзеянне калег.
Заключны этап — аналітычны. Гэты этап прадугледжвае аналіз усіх мерапрыемстваў, арганізаваных і праведзеных у рамках тыдня. Па выніках тыдня выдаецца загад. Матэрыялы метадычнага тыдня афармляюцца і папаўняюць школьную метадычную скарбонку.

Метадычны тыдзень з’яўляецца сапраўды эфектыўнай формай метадычнай работы, бо, з аднаго боку, у тыдні ўдзельнічае кожны педагог, а з другога — ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход у залежнасці ад магчымасцей педагогаў, які станоўча ўплывае на якасць усёй метадычнай дзейнасці.
Кожны год метадычны тыдзень ладзіцца па-рознаму, у адпаведнасці з пастаўленай мэтай і тэмай правядзення. Так, у 2010/2011 навучальным годзе метадычны тыдзень “Ад творчасці педагогаў да творчасці навучэнцаў” прайшоў пад дэвізам “Без імкнення да творчасці настаўнік трапляе ва ўладу трох дэманаў — механічнасці, руціннасці і банальнасці. Педагог дзеравянее, камянее і апускаецца”. Метадычны савет распрацаваў план правядзення тыдня, палажэнні аб ім і фестывалі метадычных фарміраванняў. На працягу тыдня педагогі знаёміліся з метадычнымі навінкамі на спецыяльнай выставе ў бібліятэцы. Важна, што выстава штодзень абнаўлялася.

У фае школы была арганізавана выстава-прэзентацыя школьных метадычных аб’яднанняў “Знаёмцеся, гэта мы!”, дзе педагогі цікава і арыгінальна прэзентавалі сябе. На класных гадзінах навучэнцам прапаноўвалася напісаць сачыненне-разважанне на тэму “Настаўнік, зносінамі з якім я даражу”. Самыя арыгінальныя і цікавыя сачыненні абмяркоўваліся падчас работы творчай майстэрні.
У адпаведнасці з планам правядзення тыдня быў складзены графік адкрытых урокаў, пазакласных мерапрыемстваў і факультатыўных заняткаў. Усяго было праведзена 9 урокаў, якія наведала 60% педагогаў. Варта адзначыць, што на працягу метадычнага тыдня педкалектыў мог пабываць на занятках, розных па змесце, тэме і структуры. Усе настаўнікі, якія праводзілі адкрытыя ўрокі, паказалі прафесійнае майстэрства і падзяліліся цікавым вопытам з калегамі.
Падчас работы творчай майстэрні “Творчасць педагога і педагагічнае майстэрства” настаўнікі дзяліліся думкамі аб ролі творчасці педагога ў навучанні і выхаванні дзяцей, партрэце творчага педагога, умовах для развіцця творчых здольнасцей і асаблівасцях сучаснага ўрока.

У рамках тыдня адбылася сустрэча ветэранаў педагагічнай працы з маладымі педагогамі “Ці лёгка быць настаўнікам?”. У нязмушанай і захапляльнай размове ветэраны педпрацы расказвалі аб працоўным шляху, згадвалі цікавыя выпадкі са школьнага жыцця. У сваю чаргу маладыя настаўнікі дзяліліся ўражаннямі аб першых гадах работы ў школе, задавалі пытанні вопытным калегам.
Самай значнай падзеяй тыдня стаў фестываль метадычных фарміраванняў “Педагог — прафесія творчая”, які праводзіўся з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства і творчай актыўнасці педагогаў, а таксама прэзентацыі работы школьных метадычных фарміраванняў. Зразумела, што фестывалю папярэднічала значная падрыхтоўчая работа, бо ён урачыста падсумоўвае дзейнасць педкалектыву. Кожнае метадычнае аб’яднанне падрыхтавала цікавую візітоўку, выступленне ў экспромт-тэатры, калаж на тэму “Наша метадычнае аб’яднанне — гэта…”. Усё гэта ў чарговы раз даказала, што ў школе працуюць творчыя, кампетэнтныя і актыўныя педагогі.

Як стварыць у калектыве атмасферу творчага пошуку? Што трэба зрабіць, каб не баяцца эксперыментаваць? Якім павінен быць творчы настаўнік? Ці можа сучасны ўрок быць нятворчым? На гэтыя і многія іншыя пытанні педагогі пастараліся адказаць у рамках адзінага метадычнага тыдня “Інавацыі. Эксперымент. Творчасць”, які прайшоў у 2011/2012 навучальным годзе. Кожнае метадычнае аб’яднанне атрымала магчымасць у “свой” дзень падзяліцца педагагічным майстэрствам і творчымі знаходкамі.
У першы дзень на ўрачыстым адкрыцці тыдня ўвазе калектыву быў прапанаваны план работы і дадзена кароткая інфармацыя па кожным мерапрыемстве. У гэты дзень настаўнікі філалагічных і фізіка-матэматычных дысцыплін прэзентавалі вопыт работы на адкрытых уроках і майстар-класе “Партфоліа як сродак самаацэнкі прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка”. Падчас майстар-класа настаўніца беларускай мовы і літаратуры Л.М.Еська ў даступнай, нагляднай і цікавай форме паказала педагогам алгарытм работы па складанні партфоліа і варыянт электроннага партфоліа. Акрамя таго, быў арганізаваны круглы стол “Дзелімся вопытам работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд”, на якім абмяркоўваліся пытанні цьютарскай падтрымкі школьнікаў і распрацоўваўся алгарытм складання індывідуальных планаў па падрыхтоўцы да алімпіяд.

Другі дзень прысвячаўся дзейнасці метадычных фарміраванняў класных кіраўнікоў, настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, а таксама прыродазнаўчанавуковых дысцыплін. Фае другога школьнага паверха стракацела ад класных газет “Дрэва дружбы”, дзе кожны клас у творчай форме паказаў, што значыць для яго сяброўства. Хтосьці ўяўляў гэтае пачуццё ў выглядзе моцнага дуба, а хтосьці — у выглядзе духмянага букета ці спелай вінаграднай гронкі. Выстава суправаджалася безліччу прымавак і выказванняў пра сяброўства, фотаздымкаў і малюнкаў дзяцей.
Класныя кіраўнікі ўдзельнічалі ў метадычным дыялогу “Актыўныя формы работы класнага кіраўніка”, дзе іх увазе быў прапанаваны вопыт выхаваўчай дзейнасці А.Л.Шпакоўскай і Н.У.Яхнавец. Педагогі абмеркавалі таксама актуальныя пытанні і формы выхаваўчай работы.
Трэці дзень аб’яднаў маладых педагогаў і настаўнікаў замежнай мовы. У рамках гэтага дня 4 маладыя педагогі паказалі ўласныя творчыя знаходкі, уменне правільна мадэляваць урок, зацікавіць навучэнцаў і арганізаваць іх актыўную пазнавальную дзейнасць.
Школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежнай мовы ў цікавай форме прэзентавала вопыт работы па ўдасканаленні педагагічнага майстэрства, павышэнні эфектыўнасці ўрока замежнай мовы і работы са здольнымі навучэнцамі.

Чацвёрты дзень сабраў настаўнікаў фізічнай культуры і эстэтыка-працоўных дысцыплін. Настаўніца музыкі Т.П.Сахбатава правяла ў 3 класе ўрок на тэму “Ладавае развіццё музыкі”, на якім дзеці не толькі цудоўна спявалі, але і дэманстравалі тэарэтычныя веды, расказвалі, што такое тэмп, тэмбр, дынаміка і развіццё музыкі. З дапамогай элементаў тэатральнага паказу настаўніца стварыла на занятках атмасферу свята, забяспечыла вобразнае разуменне складаных тэрмінаў.
Кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў эстэтыка-працоўных дысцыплін Н.Я.Шпак арганізавала выставу творчых работ педагогаў, якая паказала, што нашы педагогі — творчыя і рознабакова развітыя асобы.
Заключным мерапрыемствам гэтага дня стала спартыўнае свята “Курс маладога байца”, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны. Спрыт, тэхніку, сілу і згуртаванасць паказала каманда адзінаццацікласнікаў “Алімпіец” і каманда педагогаў “Адзінства”. Мэта свята — прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне калектывізму, сяброўства і каманднага стылю работы.
Пяты дзень стаў днём настаўнікаў пачатковых класаў і настаўнікаў-дэфектолагаў. Настаўніца пачатковых класаў Л.М.Буян правяла майстар-клас па рабоце з дзецьмі з АПФР ва ўмовах няпоўнай інтэграцыі. Настаўнікі-дэфектолагі арганізавалі выставу метадычнай літаратуры “Дзіця з АПФР: чаму вучыць так, а не інакш”.

Выхаваць здаровае пакаленне — адна з асноўных задач школы. Менавіта гэтаму быў прысвечаны майстар-клас “Фізкультхвілінкі па-новаму”, падчас якога настаўнікі азнаёміліся з вялікай калекцыяй розных фізкультхвілінак — тэматычных (для вачэй і цела), аніміраваных, з музычным суправаджэннем і інш.
Т.В.Палхоўская падзялілася вопытам работы па тэме “Партфоліа навучэнца”. На працягу двух гадоў выхаванцы педагога пад яе кіраўніцтвам вядуць партфоліа, мэта якога заключаецца ў стварэнні сітуацыі поспеху кожнага дзіцяці, павышэнні самаацэнкі і ўпэўненасці ва ўласных магчымасцях.
Гэты дзень пастараліся зрабіць яркім і навучэнцы 1—3 класаў, якія з выхавальнікамі групы прадоўжанага дня спрабавалі маляваць на снезе.
Актуальныя майстар-класы, круглыя сталы, метадычныя дыялогі, спартыўныя святы, творчыя метадычныя выставы, сучасныя адкрытыя ўрокі — усё гэта стварала атмасферу творчага пошуку, павышала ўзровень прафесійнага майстэрства педагогаў, падкрэслівала важнасць і неабходнасць метадычнай работы.

У 2012/2013 навучальным годзе адной з вядучых ідэй метадычнага тыдня “Супрацоўніцтва, сутворчасць, дасканаласць — формула поспеху педагогаў і навучэнцаў” з’яўлялася стварэнне атмасферы супрацоўніцтва і сутворчасці педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Гэтае ўзаемадзеянне мы пастараліся ажыццявіць па розных напрамках: су-працоўніцтва класных кіраўнікоў, прафесійная сутворчасць, псіхолага-педагагічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва з мэтай забеспячэння прынцыпу пераемнасці на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, удасканаленне пазакласнай работы і супрацоўніцтва з бацькамі.
У рамках супрацоўніцтва класных кіраўнікоў быў паказаны каскад інфармацыйных і класных гадзін на цікавыя і актуальныя тэмы: “2013 год — Год беражлівасці”, “Гартаючы старонкі інтэрнэту”, “Ты — будучы абаронца Айчыны” і “Курыльшчык — сам сабе магільшчык”. Прафесійная сутворчасць — гэта абмен вопытам педагогаў у правядзенні сучаснага ўрока.
Калі гаварыць пра псіхолага-педагагічнае супрацоўніцтва, то для рэалізацыі гэтага напрамку работы педагогам-псіхолагам быў праведзены практыка-арыентаваны семінар для педагогаў “Прафілактыка прафесійнага выгарання”. На ім, акрамя знаёмства з тэарэтычным матэрыялам па названай праблеме, адбылася самадыягностыка ўдзельнікаў, да-дзены практычныя рэкамендацыі, як пазбегнуць прафесійнага выгарання.

Для маладых педагогаў і педагогаў другой катэгорыі прайшоў метадычны семінар “Адкрыты ўрок”, дзе разглядалася тэхніка падрыхтоўкі і правядзення адкрытых урокаў, даваліся практычныя парады па іх арганізацыі. З мэтай супрацоўніцтва па забеспячэнні пераемнасці на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікі-прадметнікі правялі ўрокі-знаёмствы ў 4 класах па беларускай і рускай мовах, матэматыцы.
Для ўдасканалення пазакласнай работы і супрацоўніцтва педагогаў і навучэнцаў, прапаганды беларускай мовы і культуры ў Сусветны дзень роднай мовы настаўнікі беларускай мовы і літаратуры арганізавалі яркае свята, падчас якога ва ўсіх кабінетах віселі цудоўныя выказванні пра неабходнасць ведання роднай культуры і мовы. У школьным фае ўсіх сустракалі навучэнцы ў нацыянальных касцюмах і знаёмілі са святочнай праграмай. Пасля інсцэніраванага выступлення дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у кірмашы “Беларускія прысмакі”.

Супрацоўніцтва выхавальнікаў групы прадоўжанага дня з настаўнікамі пачатковых класаў і бацькамі таксама насычана рознымі мерапрыемствамі. Так, выхавальніца ГПД правяла свята “Цяпло роднага ачага”, на якім дзеці дзяліліся думкамі пра родны дом, сям’ю, самых блізкіх людзей.
У рамках супрацоўніцтва з бацькамі 23 лютага была праведзена “Бацькоўская субота”, праграма якой уключала сумеснае спартыўнае свята “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, конкурсна-гульнявыя праграмы “Дэсант”, “Містар класа” і “Бой караблёў”, прававую кульню “Суд над хуліганствам”, індывідуальныя гутаркі з бацькамі і індывідуальныя кансультацыі псіхолага.
У 2013/2014 навучальным годзе метадычны тыдзень будзе прысвечаны тэме “Ад якасці ўзаемадзеяння — да якасці выхавання і адукацыі”.
Метадычны тыдзень дазваляе правесці маніторынг прафесійнай дзейнасці педагогаў і намеціць карэкцыйныя шляхі, выявіць станоўчы вопыт педагагічнай дзейнасці і павысіць кваліфікацыю настаўнікаў, а таксама згуртаваць калектыў, адчуць сваю значнасць і неабходнасць дзякуючы спланаванай рабоце і прафесійнаму ўзаемадзеянню. Прафесія настаўніка — не толькі прызванне, але і заклік да бесперапыннага творчага самаразвіцця.

 

Наталля САВОНЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Століна.