Мая сям’я, маё багацце!

Усё часцей у сродках масавай інфармацыі з’яўляюцца матэрыялы пра дзейнасць установы адукацыі па самых розных напрамках. Аднак часам мы забываем пра тых, хто за гэтым стаіць. Мой аповед пра жанчыну, вопытнага педагога з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, шчаслівую жонку і шматдзетную маму Тамару Сяргееўну Маслакову. Вясёлая, прыгожая, захопленая, шчаслівая жанчына, у кампаніі якой так прыемна знаходзіцца.

Тамара Маслакова з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Школьныя гады, вучоба ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.А.Куляшова на педагагічным факультэце праляцелі хутка. Працоўную дзейнасць пачала ў роднай Падсолтаўскай сярэдняй школе.
Тамара Сяргееўна — дапытлівы педагог, які вызначаецца прафесійна-дзелавымі якасцямі і кампетэнтнасцю. Вельмі любіць і паважае дзяцей, стараецца бачыць іх праблемы, нават самыя маленькія. Яна ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, на працягу трох гадоў — у інавацыйным праекце ўстановы адукацыі “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнай практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў дзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна” па экалагічным выхаванні малодшых школьнікаў. Прыняла ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства “Садружнасць сям’і і школы — адзін з фактараў развіцця асобы малодшага школьніка”. З’яўляецца актыўным удзельнікам конкурсаў на лепшы інтэрнэт-праект. Мае сертыфікаты, граматы, дыпломы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
Шматдзетная сям’я Маслаковых служыць узорам для жыхароў аграгарадка Падсолтава. Муж Пётр Якаўлевіч Маслакоў працаваў у органах унутраных спраў, зараз знаходзіцца на пенсіі па выслузе гадоў. У сям’і трое дзяцей: дачка Юлія (мае сваю сям’ю), сыны Алег і Раман. Юлія — педагог, як і мама, скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова і магістратуру, працуе ў гімназіі Мсціслава настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Сын Алег у гэтым годзе скончыў агранамічны факультэт Горацкай акадэміі. Малодшы сын Раман закончыў 9 класаў Падсолтаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Кожнае дзіця ў сям’і Маслаковых індывідуальнае. Юлія, як і мама, захапляецца паэзіяй, піша прыгожыя вершы, якія ўвайшлі ў зборнікі “Паром з Беларусі ў Расію”, “Прыдняпроўскія матывы”. У конкурсе паэзіі ў рамках абласнога свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” заняла 1 месца. Алега больш за ўсё прываблівае тэхніка, ён мадэлюе машыны. У Рамана рознабаковыя інтарэсы: часам захапляецца тэхнікай, мадэляваннем, часам піша вершы, якія таксама маюць поспех. У Рэспубліканскім конкурсе Беларускай федэрацыі шашак вершы “Палюбіце гульню ў шашкі” адзначаны дыпломам І ступені, у абласным конкурсе “Ратавальнікі вачамі дзяцей” за верш “Будаўнічыя пляцоўкі не месца для гульняў” Раман атрымаў дыплом ІІ ступені, за выраб у гэтым конкурсе ён заваяваў І месца ў раёне і ІІ месца ў рэспубліцы.
Тамара Сяргееўна гаворыць: “Я вельмі люблю сваю прафесію, а сям’я для мяне — самае галоўнае багацце. Быць шматдзетнай маці — гэта самая лепшая прафесія для жанчыны. Сваё шчасце кожны будуе па-рознаму. У маёй сям’і прынята цяжкасці на шляху пераадольваць разам. Разам працуем у агародзе, даглядаем гаспадарку. Толькі так складваюцца ўзаемаадносіны, якія прыносяць радасць. Нават у складанай сітуацыі заўсёды знойдзецца нагода для весялосці. Я лічу, таму, хто хоча быць сапраўды шчаслівым, трэба намаляваць на паперы дом, у якім ты хочаш жыць, сваю сям’ю і запісаць усё, да чаго імкнешся. І тады мары ажыццявяцца!”

Валянціна АГЕЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце