Мацярынскі інстынкт

Паліна Новікава, у недалёкім мінулым загадчыца дзіцячага садка № 39 Віцебска, узначальвае Цэнтр праваслаўнай асветы прападобнай Ефрасінні Полацкай. Жонка, маці і бабуля, чатыры гады назад яна стала прыёмнай матуляй для Арцёма — Арцёмчыка, як пяшчотна называе малыша. У свой час вывучала педагогіку па Макаранку, які рабіў стаўку на жалезную дысцыпліну, а ў жыцці прыйшла да высновы, што дзяцей трэба выхоўваць любоўю.

Урок для дарослых

У той раз Паліна Міхайлаўна з Арцёмам, як гэта было не аднойчы, прыехалі ў вёску. Муж, сустракаючы на вуліцы, звыкла павітаўся. І раптам Арцём, звяртаючыся да яго, прамовіў:
— Ну што, ты не можаш сказаць: “Добры дзень, мая птушачка, мая галубка?!”
Яны, дарослыя, нават зніякавелі і толькі пазіралі адно на аднаго, а малыш, падскокваючы, пабег аглядваць гаспадарку.
— Арцём у нас — яркі прадстаўнік мужчынскага полу, — з усмешкай кажа Паліна Міхайлаўна. — Павага да жанчыны ў яго ў крыві, таму і мужа вучыць, якія словы той павінен гаварыць жонцы. Сам ён вельмі ласкавы, прачынаецца са словамі: “Добрай раніцы, дарагая мая! Як ты спала? Што табе снілася?”

Галоўнае прызначэнне

Узяць прыёмнае дзіця — гэта было рашэнне выключна Паліны Новікавай. Яна заўсёды марыла пра вялікую сям’ю і лічыць, што менавіта мацярынства — галоўнае прызначэнне жанчыны. Рашэнні па жыцці прывыкла прымаць самастойна, а муж, чалавек памяркоўны, ва ўсім давярае і ведае, што гэта будзе не ва ўрон сям’і. Праўда, дачка, у якой ужо быў свой сын, насцярожылася:
— Мама, а ты добра падумала, усё ўзважыла? Гэта ж чалавек. Ты яго бярэш, за яго адказваць прыйдзецца да канца. Гатова да гэтага?..
Паліна Міхайлаўна ледзь стрымала слёзы (не чакала такой разважлівасці і адказнасці) і парадавалася за дачку. Рашэнне наспявала пакрысе. Стала займацца духоўнай асветай (у дзіцячым садку, дзе была загадчыцай, яшчэ ў 2001 годзе набралі першую групу дзяцей, каб весці выхаванне на праваслаўных традыцыях), а праваслаўны чалавек, па яе словах, жыве па Божых запаветах, ад чаго яго жыццё і ён сам становіцца лепшым.
Штуршком да дзеяння стала тэлевізійная рэклама, якая прапаноўвала ўзяць у сям’ю дзяцей-сірот. Іх жаласныя позіркі запалі ў душу, і так захацелася дапамагчы.

Выбар без выбару

Тады, чатыры гады назад, як і ўсім патэнцыяльным бацькам, ёй прыйшлося прайсці сур’ёзную працэдуру праверкі. Паліна Новікава лічыць, што гэта правільна, бо крок вельмі адказны, таму патрабаванні павінны быць адпаведныя. І вось дабро атрымана:
— Можаце выбіраць дзіця.
У яе была толькі адна ўмова — каб дзіця было дашкольнікам (перавыхоўваць характар, які складваецца ў больш познім узросце, заўсёды няпроста). Такога хлопчыка ў дзіцячым доме па вуліцы Свідзінскага знайшлі — гэта быў Арцём. Будучая прыёмная мама яго не бачыла, і ёй прадаставілі свабоду выбару. Праўда, па дарозе ва ўстанову Паліна Міхайлаўна думала: “Як жа я буду выбіраць? Гэта ж жывы чалавек! Каго Бог пашле, таго і вазьму”.
Яна сядзела на канапе, калі ў кабінет дырэктара забег жвавы хлопчык і адразу кінуўся да яе:
— Мама, а што ты мне прынесла?
У сумцы былі цукеркі і маленькая машынка. Узяў, тры хвіліны пасядзеў, прыціснуўшыся да грудзей, а потым ускочыў і пачаў даследаваць кабінет. Арцём спадабаўся Паліне Міхайлаўне сваёй адкрытасцю і цікаўнасцю. Як педагог разумела: гэта добры знак. Свядома выбірала менавіта хлопчыка — унук крышку старэйшы, а гэта азначала, што дзеці хутчэй паладзяць. Не памылілася. Для адаптацыі, якой баялася і яна, і Арцём, хапіла літаральна хвіліны, са знаёмства ўсе страхі адышлі ўбок.

Свой сярод сваіх

Унук Валера (ён зараз вучыцца ў 4 класе гімназіі) для сямігадовага Арцёма — аўтарытэт. У вёсцы, дзе ў сям’і дача, яны заўсёды разам. Арцём і адціскаецца ад падлогі, як Валера, 25 разоў, і на шпагат сядае. Адразу стаў называць Паліну Міхайлаўну мамай, але ўнук неўзабаве строга сказаў, мабыць, з рэўнасці:
— Гэта табе не мама і тата, а бабуля і дзядуля. Зразумеў?
Арцём зразумеў, але дзядулю ўсё роўна называе татам, затое Паліну Міхайлаўну — бабуляй. Муж адносіцца да малыша як да свайго — па-мужчынску патрабавальна, каб рос гаспадаром. Выразаў абодвум хлопчыкам драўляныя аўтаматы і заахвочвае да працы. Арцём з задавальненнем і піліць, і стругае, і цвікі забівае. Паліна Міхайлаўна толькі хвалюецца за пальцы.
Ён наогул працавіты. Трапіў у сям’ю ў пачатку верасня. Праз нейкі час сталі капаць бульбу, дык ён, трохгадовы, кінуўся дапамагаць. А на наступны год вясной, калі садзілі бульбу ў суседзяў, таксама бегаў па полі з кошыкам, хаця яго ўпрошвалі паляжаць на траўцы.

Цяжкасці росту

У дзіцячы дом Арцёма забіралі з сям’і, у якой усе пілі. У яго ёсць нязначныя адхіленні ў здароўі, але ўрачы запэўніваюць, што ўсё гэта пройдзе. Гіперактыўнасць, якая ў яго была, паціху адступае. Паліна Міхайлаўна ведала, куды дзець энергію, — аддала малыша адразу ў тры гурткі і імкнулася, каб ён усюды ўдзельнічаў. Займаўся гімнастыкай, з платных заняткаў у яго былі выяўленчае мастацтва і падрыхтоўка да школы. Спяваў, саліруючы ў дзіцячым садку на святах. І вершы ў першую чаргу давалі яму, а калі іх трэба было тэрмінова вывучыць, каб кагосьці замяніць, то Арцём тут быў па-за канкурэнцыяй.
Зараз цалкам аддаецца футболу — наведвае секцыю і ўжо адчуў смак перамогі. Яму па-ранейшаму падабаецца ў нядзельнай школе, асабліва зносіны з айцом Андрэем. Дома таксама гавораць пра Бога і шануюць праваслаўныя святы, але веру Паліна Міхайлаўна не навязвае. На гэты конт у яе ёсць прымаўка “Нявольнік не багамольнік”, таму выхоўвае душу і спадзяецца, што час усё расставіць па месцах.
Гэта не азначае, што праблем з новым членам сям’і няма. Часам Арцёма караюць … сядзеннем у крэсле, што для рухавага хлопчыка сапраўды няпроста. І на вуліцу аднаго, здараецца, не адпускаюць — у свавольстве павінна быць мера. З другога боку, прыёмная маці разумее, што ўсё гэта цяжкасці росту. Яна з першай хвіліны адносіцца да дзіцяці як да паменшанай копіі дарослага, якому трэба проста расці. Паважае яго мару стаць пажарным і ратаваць людзей і пастаянна падкрэслівае, што гэтая работа для сапраўдных мужчын.

Нездаволены голад

Малыш вельмі чуйна рэагуе на пяшчотныя ноткі ў жаночым голасе. Ён прагне ласкі. Паліна Міхайлаўна пастаянна адкрывае ў ім нешта новае і цікавае. Заўважыла, што хлопчык вельмі музыкальны. Танцаваць, канечне, любяць усе дзеці, але ў яго выключнае пачуццё рытму. Прыёмнай маці хочацца пазнаёміцца з яго біялагічнай сям’ёй ці хаця б з бабуляй, каб зразумець, адкуль гэта. Вось толькі з таго боку ніякага руху насустрач — ніхто з родных не пацікавіўся малышом ні ў дзіцячым доме, ні цяпер, калі ён знаходзіцца ў прыёмнай сям’і. Спрабавала ўсталяваць кантакт — безвынікова.
Мінулым летам Паліна Міхайлаўна паведаміла Арцёму навіну, да якой яго спакваля рыхтавала, — што ўзялі яго з дзіцячага дома і ў яго ёсць бацькі. Гэта сапраўды стала навіной, бо дзіцячая памяць, відаць, выкрасліла ўсё, што было да сустрэчы з прыёмнай маці. Яны ўсе плакалі, а Арцём адразу стаў больш дарослым і спачатку нейкі час маўчаў, нібыта абдумваючы пачутае. Але, праўда, праз некаторы час зноў стаў ранейшым хлопчыкам — вясёлым, актыўным і ўважлівым.
Паліна Новікава моліць Бога, как даў прыёмнаму сыну шчаслівую долю, бо ён і так нацярпеўся ў сваім кароткім жыцці. Спадзяецца, што яго родная маці адумаецца і з узростам паспрабуе выправіць свае памылкі. Я не пытаю, але чую, нібыта ў адказ:
— Калі мама захоча забраць Арцёма, я, вядома ж, не буду супраць. А ў мяне для яго заўсёды будуць адчынены дзверы і адкрыта сэрца.

Ніна ПІСАРЭНКА.
Фота аўтара.