Матэматыка ў інтэрактыўным фармаце

Асабісты вопыт правядзення ўрокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі дазваляе сцвярджаць, што гэты сродак навучання павышае ў дзяцей вучэбную матывацыю, падтрымлівае цікавасць да прадмета, стварае абстаноўку, якая стымулюе дапытлівасць школьнікаў, робіць адукацыйны працэс жывым і наглядным.

Пры распрацоўцы ўрокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі імкнуся найперш да прадукцыйнага выніку, які прадугледжвае, што вучні не толькі зразумеюць, запомняць і ўзновяць атрыманыя веды, але і навучацца імі аперыраваць, прымяняць іх у практычнай дзейнасці. Ступень прадукцыйнасці навучання шмат у чым залежыць ад узроўню актыўнасці дзяцей.
Лічу, што найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць інтэрактыўную дошку пры вывучэнні раздзелаў “Звычайныя дробы” (5 клас), “Рацыянальныя лікі” (6 клас) і “Трохвугольнікі” (7 клас). Гэтыя тэмы з’яўляюцца прыярытэтнымі, паколькі іх асноўныя паняцці выступаюць базавымі паняццямі курса матэматыкі ў 5—7 класах і служаць падмуркам далейшага паспяховага навучання школьнікаў. Таму паняцці павінны быць выбудаваны, пададзены і аформлены такім чынам, каб дзеці захапіліся матэматыкай і цалкам разабраліся ў вучэбным матэрыяле.Інтэрактыўную дошку можна выкарыстоўваць на розных этапах урока. Так, пры праверцы дамашняга задання задаю пытанні ці прыводжу прыклады, якія адначасова праецыруюцца на дошку. Падчас звычайнага ўрока вучні на слых успрымаюць зададзеныя пытанні. Гэта зніжае ступень іх разумення некаторымі дзецьмі.
Для выканання чарцяжа да задачы, як вядома, неабходны час. Якасць малюнка, выкананага крэйдай на дошцы, нельга параўнаць з акуратным, яркім, дакладным і каляровым малюнкам на экране. Магчымасць работы з тэкстамі як з асобнымі блокамі дапамагае рэалізаваць прыём “Збяры азначэнне”, падчас якога дзеці, мяняючы парадак прапанаваных слоў у сказе, павінны скласці азначэнне, паняцці і тэарэмы.
Пры правядзенні вуснага лічэння на ўроках геаметрыі прапаноўваю рашыць 5—7 нескладаных геаметрычных задач на знаходжанне пэўных элементаў (частка гэтых задач з’яўляецца прамежкавым этапам рашэння дамашніх задач). Пры неабходнасці вучні выконваюць дадатковыя пабудовы і па атрыманым чарцяжы расказваюць рашэнне задачы. Чарцяжы з’яўляюцца на дошцы паслядоўна, што дазваляе пазбегнуць іх нагрувашчвання. Гэта развівае геаметрычныя ўяўленні вучняў і садзейнічае лепшаму разуменню тэмы.
Пры тлумачэнні новага матэрыялу даволі часта выкарыстоўваю прэзентацыі. Пры ўвядзенні новых паняццяў з выкарыстаннем прэзентацый і чарцяжоў на інтэрактыўнай дошцы задзейнічаны розныя віды памяці (слыхавая, зрокавая, асацыятыўная) і эфектыўна адпрацоўваюцца новыя паняцці шляхам вылучэння найважнейшых уласцівасцей (за кошт нагляднасці). Гэта вядзе да лепшага разумення і запамінання новага матэрыялу. Так, пры вывучэнні тэмы “Долі. Звычайныя дробы” (5 клас) вучні знаёмяцца з яе асноўнымі паняццямі: “доля”, “дроб”, “звычайны дроб”, “лічнік” і “назоўнік”. На этапе тлумачэння новага матэрыялу акцэнтую ўвагу на ключавых паняццях, якія вучні павінны запісаць і запомніць. Чым больш маніпуляцый будзе з аб’ектам (выдзяленне колерам, заключэнне формулы ў рамку), тым больш зачэпак у памяці школьнікаў пакіне інфармацыя.
Разам з новым матэрыялам мэтазгодна правесці першаснае замацаванне і выклікаць да дошкі аднаго-двух вучняў. Пры тлумачэнні правіла множання рацыянальных лікаў выкарыстоўваю каардынатную прамую. Затым прапаноўваю дзецям самім сфармуляваць правіла і скласці схему. Уся інфармацыя паслядоўна з’яўляецца на дошцы.
Пры першасным замацаванні матэрыялу на ўроках геаметрыі выкарыстоўваю гатовыя чарцяжы. Гэта дазваляе пісьмова рашыць на занятках 3—4 задачы, а таксама параўнаць розныя спосабы рашэння адной і той жа задачы. Падчас замацавання, кантролю ці інтэлектуальнай размінкі выкарыстоўваю прыём “Знайдзі памылку”, які прадугледжвае наўмыснае дапушчэнне памылак пры выкананні дзеянняў, што актывізуе ўвагу вучняў.
Пры замацаванні матэрыялу і самастойнай рабоце дзяцей прапаноўваю заданні па варыянтах ці ў парах. Вучні рашаюць іх у сшытках. Потым рашэнне адкрываецца на дошцы і вучні каменціруюць яго. Такім чынам выключаецца бяздумнае спісванне з дошкі, эканоміцца час на ўзнаўленне рашэння. Вучні з’яўляюцца не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі работы, што павышае іх зацікаўленасць у вывучэнні прадмета, прымушае падыходзіць да работы творча, здабываць веды самастойна.
Эфектыўным спосабам замацавання, абагульнення і сістэматызацыі вывучанага матэрыялу з’яўляюцца ўрокі-гульні. Інтэрактыўная дошка дазваляе ў дастатковай ступені рэалізаваць ідэю гульнявой сітуацыі на ўроку і разнастаіць формы падачы заданняў вучням. Акрамя таго, эканоміцца час на занятках пры падачы задання, паколькі не трэба пісаць яго на дошцы і выціраць яе пасля работы чарговага вучня. Гэта павышае зацікаўленасць і актыўнасць дзяцей. Урокі праходзяць больш дынамічна, веды засвойваюцца лепш, павышаецца паспяховасць.
Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі дазваляе канструяваць розныя віды заданняў (лагічнае ўпарадкаванне элементаў шляхам іх перасоўвання, графічнае стварэнне вобразаў рухомых элементаў і пляцоўкі іх дзеяння), якія актывізуюць дзейнасць нават тых вучняў, што прызвычаіліся “адседжвацца” на ўроках.
Канечне, ёсць тэмы, пры вывучэнні якіх эфектыўнасць інтэрактыўнай дошкі не такая відавочная. Так, пры вывучэнні натуральных лікаў неабходныя веды і ўменні вучняў ужо сфарміраваны пры вывучэнні матэматыкі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Трэба адзначыць, што час на папярэднюю падрыхтоўку настаўніка пры выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі спачатку, несумненна, павялічваецца, але паступова назапашваецца метадычная база, якая ствараецца разам з вучнямі. Гэта значна аблягчае падрыхтоўку да ўрокаў у далейшым.
Безумоўна, выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі не вырашыць усіх вучэбных праблем, але зробіць урок захапляльным і дынамічным. А гэта павысіць матывацыю да вывучэння матэматыкі.
Абапіраючыся на назапашаны вопыт, адзначу, што эфектыўнасць навучання шмат у чым залежыць ад сістэматычнасці і паслядоўнасці ў рабоце. Падчас навучання неабходна фарміраваць правільную матывацыю школьнікаў. Калі вучань ад матыву “трэба” прыйдзе да матыву “мне цікава, я хачу гэта ведаць”, то гэты шлях будзе больш эфектыўным і плённым.

Таццяна ЛОСЬ,
настаўніца матэматыкі гімназіі Іванава.