Марыла быць артысткай — стала настаўніцай

Педагогі летні час праводзяць па-рознаму. Здавалася б, гэта самы зручны момант адпачыць, набрацца новых сіл. З такой думкай катэгарычна не згодна настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына Іванаўна Сацюк з Маларыцкай раённай гімназіі. Ірына Іванаўна лічыць, што лета вельмі важны і адказны перыяд у падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

Настаўніца выкарыстоўвае вольны час для таго, каб ліквідаваць белыя плямы ў педагагічнай рабоце: дапрацоўвае тэставыя заданні, дыдактычны і раздатачны матэрыял, назапашвае матэрыял для пазакласных мерапрыемстваў і інфармацыйных класных гадзін, пераглядае каляндарнае планаванне, папаўняе ўласную метадычную бібліятэку. Такі падыход для І.І.Сацюк, трохразовага лаўрэата прэміі Брэсцкага аблвыканкама, лаўрэата прэміі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду, стаў ужо традыцыйным. Ён штогод дае добрыя вынікі: перамогі вучняў на алімпіядах па гісторыі, грамадазнаўстве і прававых ведах. Так, за апошнія 4 гады выхаванцы Ірыны Іванаўны былі ўзнагароджаны 7 дыпломамі рознай вартасці і адным пахвальным водзывам на абласных алімпіядах, 2 дыпломамі на заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Пад кіраўніцтвам І.І.Сацюк гімназісты праводзяць і даследчую работу, па выніках якой неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і абласных навукова-практычных канферэнцый.
Гонар настаўніцы — вучні-выпускнікі. Ірына Іванаўна здолела так зацікавіць гімназістаў сваім прадметам, што некаторыя з іх абралі прафесію настаўніка.
Шлях да прафесійнага майстэрства не быў у І.І.Сацюк лёгкім і прамым. Каб дасягнуць таго, што ўжо ёсць, патрабаваліся гады настойлівай штодзённай працы над сабой, вытрымка, цярпенне, сіла волі, неймаверная вера ў поспех. Дый, шчыра кажучы, Ірына Іванаўна не збіралася звязваць жыццё са школай, бо лічыла, што народжана для сцэны, у марах-снах бачыла сябе артысткай драматычнага тэатра, але лёс (на жаль ці на шчасце) склаўся інакш. Ад дзіцячых мар давялося адмовіцца. Так склаліся абставіны. Аднак жаданае ўвасабляецца ў сцэнічных пастаноўках на сцэне гімназіі. І.І.Сацюк— сцэнарыст, рэжысёр і выканаўца галоўных роляў. А калі трэба, то самадзейная артыстка можа станцаваць і з душой спець.
Пачынала педагагічную дзейнасць І.І.Сацюк у Ляхавецкай сярэдняй школе Маларыцкага раёна выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Потым пэўны час працавала ў Хаціслаўскай сярэдняй школе піянерважатай і ў сярэдняй школе № 3 Маларыты выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Маладога педагога заўважылі: уражвалі сур’ёзнасць падрыхтоўкі да ўрокаў і іх метадычная прадуманасць. Так І.І.Сацюк стала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства.
— Першы ўрок правяла ў 10 класе, — згадвае Ірына Іванаўна. — Дагэтуль памятаю, як да позняй ночы рыхтавалася, як некалькі разоў за бяссонную ноч пракручвала ў галаве сцэнарый будучага ўрока. Не пакідала думка, ці ўспрымуць мяне вучні як настаўніка. Больш за тое, да такой падзеі нават прычоску зрабіла і купіла новую сукенку.
Настаўніцы хацелася быць для вучняў прыкладам ва ўсім. І.І.Сацюк спачатку многага не ведала, таму вучылася разам з вучнямі. Не раз клалася спа ць далёка за поўнач, бо хацела грунтоўна падрыхтавацца да заняткаў. Часта на памылках спасцігала прапісныя ісціны. Да ўсяго жадала дайсці сваім розумам, але з першага дня работы педагогу актыўна дапамагалі калегі. Дзякуючы ім адбывалася прафесійнае станаўленне педагога-творцы.
Асаблівую ўвагу І.І.Сацюк удзяляе фарміраванню ў вучняў навыкаў самастойнай работы з разнастайнымі крыніцамі інфармацыі, пошуку неабходных ведаў, развіццю крытычнага мыслення. Педагог удзельнічае ў рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосаб пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”.
Сёння І.І.Сацюк, без перабольшання, з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы, які гарыць сам і іншых запальвае агеньчыкам дабрыні, энтузіязму, здаровага творчага спаборніцтва.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай
рабоце, настаўнік-метадыст Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.