Манументальны летапіс эпохі

У Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка” прайшло мерапрыемства Клуба цікавых сустрэч “Сардэчныя сустрэчы” на тэму “Манументальны летапіс эпохі. Помнікі Перамогі ў Мінску”.

На мерапрыемства да навучэнцаў з сярэдніх школ №№ 6, 7, 126, 150, 157, выхаванцаў гуртка “Гліняны цуд”ЦТМТДіМ “Зорка” прыйшлі старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Шапо, старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І.Азгура Дзмітрый Міхееў і малодшы навуковы супрацоўнік Сяргей Аганаў.

У штодзённым жыцці людзі часта сутыкаюцца з помнікамі і скульптурамі. Без іх ужо немагчыма ўяўвіць аблічча горада. Аляксандр Шапо расказаў дзецям, як ствараецца любы помнік.
Па ініцыятыве кіраўніцтва адміністрацыі Маскоўскага раёна за кошт добраахвотных ахвяраванняў прадпрыемстваў, арганізацый і жыхароў раёна праведзена рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Памяць”. Аўтарам ідэі рэканструкцыі мемарыяла выступіў заслужаны архітэктар Беларусі, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай акадэміі архітэктуры Леанід Левін. Над праектам рэканструкцыі комплексу працавалі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь архітэктар Галіна Левіна і архітэктар Аляксандр Капылоў. Яны цалкам змянілі скульптурную кампазіцыю і мастацкае афармленне мемарыяла. Аляксандр Шапо расказаў навучэнцам пра работу над стварэннем мемарыяла “Памяць” — брацкай магілы па праспекце Дзяржынскага ў Мінску.

Помнік загінуўшым у гады вайны на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці з’яўляецца ўнікальным, паколькі ў нашай краіне — ды і на ўсёй постсавецкай прасторы — мала помнікаў ваеннапалонным і ахвярам вайны. Яны варты памяці, як і людзі, якія абаранялі Радзіму, але воляй лёсу сталі ваеннапалоннымі.

“Для мяне, — сказаў Аляксандр Шапо, — гэты праект мае глыбокае асабістае значэнне. Сам я на палову бабруйчанін. Мая мама нарадзілася і вырасла ў Бабруйску, тут я правёў сваё юнацтва. Яшчэ больш, мой дзядуля, Сяргей Мінаеў, падчас Вялікай Айчыннай быў камандзірам гарнізона, раскватараванага ў Ялавіках. Ён загінуў, абараняючы горад. Магчыма, сярод астанкаў пахаваных тут байцоў спачывае мой дзед”.
Дзмітрый Міхееў і Сяргей Аганаў пазнаёмілі навучэнцаў з помнікамі Вялікай Айчыннай вайны, Перамогі і гісторыяй іх стварэння. У 1958 годзе Круглая плошча сталіцы была перайменавана ў плошчу Перамогі. 3 ліпеня 1961 года на ёй быў запалены Вечны агонь. У 1984 годзе ў сувязі з уводам метро плошча была перапланавана, яе апошняя рэканструкцыя была праведзена ў 2003 годзе. Сам помнік адрэстаўрыравалі ў 2004 годзе.

У 1952 годзе ў гонар подзвігу савецкіх танкістаў, якія першымі ўварваліся ў Мінск, устаноўлены помнік-танк (легендарны Т-34) ля акруговага Дома афіцэраў. Помнік Марату Казею знаходзіцца ў Піянерскім парку. Марат Казей з’яўляўся юным партызанам партызанскага атрада імя 25-годдзя Кастрычніка, быў разведчыкам штаба 200-й партызанскай брыгады імя К.Ракасоўскага. Пры выкананні чарговага задання недалёка ад вёскі Хароміцкія Мінскай вобласці Марат быў знойдзены фашыстамі, яны ўзялі яго ў “кола”. Юны партызан абараняўся да апошняга патрона. Не жадаючы здавацца, ён падарваў сябе і ворагаў, якія яго акружалі.

Ёсць у нашым горадзе памятны знак, які нагадвае пра трагічныя падзеі часоў акупацыі. На каменнай пліце, абвітай калючым дротам, высечана: “На гэтым месцы гітлераўцы пакаралі смерцю савецкіх патрыётаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

22 кастрычніка 2008 года адбылося адкрыццё помніка шасці тысячам ахвяр мінскага гета на месцы іх гібелі — на тэрыторыі былых яўрэйскіх могілак па вуліцы Сухой у сталіцы. На квадратным пастаменце з чырвонага граніту — сімвалічным фундаменце дома — устаноўлены паламаны бронзавы круглы стол і венскае крэсла. Скульптурная кампазіцыя сімвалізуе пагром.

У 2000 годзе ўстаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя “Апошні шлях”, размешчаная ўздоўж прыступак, якія вядуць да цэнтра мемарыяла і ўяўляюць сабой групу асуджаных пакутнікаў, якія спускаюцца на дно ямы. На абеліску на рускай мове і ідыш напісана: “…Светлая памяць на светлыя часы пяці тысячам яўрэяў, якія загінулі ад рук лютых ворагаў чалавецтва — фашысцка-нямецкіх зладзеяў. 2.03.1942”. 85 тысяч мінскіх яўрэяў, 10 тысяч з мястэчак, 35 тысяч дэпартаваных з краін Еўропы было знішчана ў гэтым яры.

За 10 км на паўднёвы ўсход ад даваеннай мяжы Мінска (цяпер гэта Заводскі раён сталіцы) у гады фашысцкай акупацыі размяшчаўся найбуйнейшы гітлераўскі канцэнтрацыйны лагер смерці “Малы Трасцянец”. На ўзлессі за агароджай устаноўлена стэла з чырвонага граніту. Гэта месца расстрэлу і спалення ў крэмацыйнай печы 50 тысяч невінаватых людзей. Яшчэ адзін мемарыял у памяць вязняў канцлагера “Трасцянец”, знішчаных у 1941—1944 гг., знаходзіцца на прысадзе побач з Партызанскім праспектам і вёскай Вялікі Трасцянец.

Гэтае мерапрыемства спрыяла ідэйна-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў.

Валянціна ЯРГОЛЬСКАЯ,
метадыст ЦТМТДіМ “Зорка”.