Маленькія даследчыкі вялікага свету

Лепшым адкрыццём з’яўляецца тое, якое дзіця зрабіла само. Задача дашкольнай установы ў гэтым выпадку заключаецца ў тым, каб знайсці найбольш эфектыўныя сродкі, якія будуць садзейнічаць разумоваму развіццю дзяцей, улічваць іх узроставыя і індывідуальныя асаблівасці.

Адной з крыніц творчага развіцця дашкольнікаў з’яўляецца даследчая дзейнасць. Ад самага нараджэння дзіця пазнае навакольны свет, вывучае ўсё як можа і чым можа — вачыма, рукамі, языком, носам. Але з часам у большасці дзяцей цікавасць да вывучэння навакольнага свету і яго даследавання знікае. Чаму так адбываецца? Можа, у гэтым вінаваты мы, дарослыя? Для таго каб дзеці не гублялі цікавасці да навакольнага свету, педагогі нашай дашкольнай установы падтрымліваюць у выхаванцаў імкненне да розных даследаванняў.
Даследчай дзейнасцю з дзецьмі займаюцца выхавальнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Кацярына Уладзіміраўна Морза і Зінаіда Васільеўна Крэйдзіч. У сваёй рабоце яны вызначылі асноўныя этапы, якія садзейнічаюць развіццю пазнавальнай актыўнасці дашкольнікаў у даследчай дзейнасці.
Спачатку ў дзіцячым садку былі створаны ўмовы для пошукава-даследчай дзейнасці, прычым развіццёвае асяроддзе стваралася не толькі ў групах, але і на ўчастку. Аб’екты нежывой і жывой прыроды на ім дазваляюць дзецям займацца рознымі даследаваннямі і гульнямі, ініцыіраванымі выхавальнікамі ці задуманымі выхаванцамі. Для такіх даследаванняў выкарыстоўваюцца камяні, пясок, сухія галінкі, лісце, кара дрэў і інш.
Вывучыўшы метады арганізацыі даследчай дзейнасці дзяцей і стварыўшы развіццёвае асяроддзе ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі і патрэбамі выхаванцаў, педагогі вырашылі ажыццяўляць далейшую работу шляхам метаду праектаў, які дазваляе атрымліваць канкрэтны прадукт дзейнасці. Тэхналогія праектнай дзейнасці адкрывае магчымасці для бесперапыннага атрымання новых ведаў, забяспечвае індывідуальны тэмп работы. Маленькія даследчыкі2(сайт)
Важную ролю адыгрывае арганізацыя сумеснай дзейнасці педагогаў з дзецьмі і іх бацькамі. Так, у садку быў распрацаваны праект “Маленькія даследчыкі вялікага свету”. Мэта праекта — развіццё пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў. Асаблівасць гэтай работы заключалася ў тым, што кожны з падпраектаў (“Агародзік — агарод”, “Раслінны і жывёльны свет”, “Дзіўны свет рукатворных прадметаў”, “Самі ўсё вывучым, малышоў усяму навучым”, “Навукоўцы” дзеляцца вопытам”) не толькі далучаў дзяцей да даследчай дзейнасці і развіваў іх практычныя ўменні, але і адкрываў у знешнім свеце шмат новага і невядомага.
Надзейнымі партнёрамі ў даследчай дзейнасці дзяцей з’яўляюцца іх бацькі. Цікава і захапляльна праходзяць вечарыны пытанняў і адказаў, дні адкрытых дзвярэй, сходы “Мы — будучыя даследчыкі”. На спецыяльным стэндзе змяшчаецца інфармацыя пра даследчую дзейнасць у садку, прапановы і парады бацькам: “Дзіця — маленькі даследчык”, “Гульнятэка маленькага даследчыка”, “Варыянты сумеснай даследчай дзейнасці дзяцей і бацькоў падчас выкарыстання натуральных сітуацый дома”.
Падчас работы над дзіцяча-бацькоўскім адукацыйным праектам “Свойскія і дзікія жывёлы” былі праведзены экскурсіі на страусіную ферму пад Кобрынам, сялянскі падворак “Каля Плэса” на тэрыторыі музея “Бездзежскі фартушок”, а таксама ў нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Вынікам дзейнасці сталі сумесныя пасяджэнні педагогаў, бацькоў і іх дзяцей у клубе знаўцаў, майстар-класы выхавальнікаў старшых груп па рэалізацыі даследчых праектаў, а таксама арганізацыя дзелавой гульні “Даследчы метад навучання — рэалізацыя асобасна арыентаванага падыходу ў адукацыйным працэсе”. У раённым конкурсе адукацыйных праектаў “Вучыся, гуляючы”, наша ўстанова заняла першае месца за праект “Маленькія даследчыкі вялікага свету”.
Работа над праектам дазволіла зрабіць пазнавальны працэс для выхаванцаў цікавым і матывацыйным. Дзеці лепш засвойвалі матэрыял падчас сумеснага пошуку рашэння праблем. У дашкольнікаў развіваліся творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі.
Радасць ад поспеху, гордасць пры адабрэнні фарміруюць у дзяцей упэўненасць ва ўласных сілах, пабуджаюць да далейшага даследчага пошуку. А гэта адна з важных умоў творчага развіцця дзіцяці і яго паспяховага навучання ў школе.

Лідзія КРУПКО,
намеснік загадчыка дзіцячага ясляў-сада № 1 Драгічына.