Маленькае зерне вялікага досведу

У сучаснай школе вучні не абмяжоўваюцца поспехамі на ўроках і ўдзелам у такіх традыцыйных мерапрыемствах, як прадметныя алімпіяды. Штогод у Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны праходзяць Скарынаўскія чытанні. Характэрна, што ўдзельнічаюць у такіх сур’ёзных мерапрыемствах і навучэнцы пачатковай школы.

Арганізацыя пазнавальнай і даследчай дзейнасці ў пачатковай школе шмат у чым залежыць ад педагога. Менавіта ён дае першапачатковы штуршок да дзеяння, стымулюе цікавасць вучняў да даследавання, вучыць метадам, арганізуе выступленні, абарону работы і г.д. “Прышчэпка” даследчых навыкаў, як правіла, доўгатэрміновая і заразлівая. Варта аднаму вучню захапіцца даследаваннем, як у класе тут жа знаходзяцца жадаючыя далучыцца да праекта або пачаць свой. Дадатковая пазаўрочная дзейнасць дапамагае дзецям праявіць свае таленты ў новым кантэксце. Заявіць пра сябе можна не толькі ў рамках сваёй навучальнай установы: паспаборнічаць за званне лепшага даследчыка можна і з навучэнцамі іншых школ раёна.
Добра, што да работы па даследаванні падключаюцца і бацькі, якія спачатку і не здагадваюцца, якім цікавым стане вынік старанняў яшчэ зусім юных навукоўцаў. Але, уключыўшыся ў праект, яны шчыра перажываюць, удзельнічаюць у рабоце, праяўляюць ініцыятыву. Мабыць, галоўным вынікам супрацоўніцтва “вучань — настаўнік —бацькі” становяцца згуртаванне, паразуменне і ўзаемапавага. Дзеці растуць хутка! І вось ужо новыя навучэнцы пераступаюць парог класа. Новае пакаленне прыносіць з сабой новыя інтарэсы. Узнікаюць тэмы новых даследаванняў. Вядома, не ўсе навучэнцы стануць вучонымі. Але я з радасцю назіраю за далейшым ростам маіх былых вучняў, якія “прышчэпку” даследчых навыкаў атрымалі.
Сённяшняя сямікласніца Ульяна Бабко ўпершыню занялася даследаваннем у 2 класе. Тады яна стала аўтарам работы “Героі Старажытнай Грэцыі ў сучасным свеце”. Працаваць над такой складанай тэмай было магчыма толькі дзякуючы незвычайнай дапытлівасці і скрупулёзнасці Ульяны. Цікава вывучаць старажытныя міфы, бо яны так нагадваюць звычайныя казкі! Карысна даведацца, што мы гаворым на мове, у якой велізарная колькасць слоў самым цесным чынам звязана са старажытнымі грэчаскімі міфамі. Як правільна карыстацца сваёю мовай, разумець гісторыю слоў і выразаў? Адказы мы шукалі разам з Ульянай і яе мамай Вікторыяй Сяргееўнай.
У наступным годзе дзяўчынка зацікавілася тэмай “Ці цяжка быць мастаком-баталістам?”. Пагадзіцеся, тэма можа стаць прадметам вывучэння і больш сталых даследчыкаў. Ульяна патлумачыла свой выбар так: “У краязнаўчым музеі Полацка сярод экспанатаў маю ўвагу прыцягнулі копіі карцін, якія адлюстроўвалі бітвы рускіх войск з войскам Напалеона пад Клясціцамі і Полацкам. Я займаюся маляваннем, і мяне зацікавіла, што адбывалася ў нашым горадзе такога значнага, што мастакі захавалі гэтыя падзеі на сваіх палотнах. Што трэба ведаць мастаку, каб стварыць такую карціну?” На гэтыя пытанні Ульяна паспрабавала адказаць у сваім даследаванні. Яшчэ яна і сама стала аўтарам некалькіх малюнкаў падобнай тэматыкі.Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы працавалі над тэмай “Сабакі на франтах Вялікай Айчыннай”. Як часта мы недаацэньваем нашых чатырохногіх сяброў, а тым больш зусім мала ведаем пра тое, што яны зрабілі для нас. Часам магчымасці прыроды намнога большыя, чым магчымасці сучаснай тэхнікі, і веды пра гэта могуць быць вельмі карыснымі.
Дарэчы, усе навуковыя работы Ульяны Бабко, напісаныя ёю ў пачатковай школе, адзначаны дыпломамі. Акрамя перамог на гімназічных Скарынаўскіх чытаннях, Ульяна стала пераможцай гарадскіх навукова-практычных канферэнцый “Юны даследчык” у 2011, 2012, 2013 гадах, узнагароджана дыпломам І ступені Абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Эўрыка-2012”, якая праходзіла ў Віцебску. А зараз з задавальненнем я назіраю за поспехамі Ульяны ў гімназічных класах. З усіх прадметаў найцікавейшай для яе стала гісторыя. За два гады разам з настаўніцай Наталляй Віктараўнай Лабоха навучэнка падрыхтавала дзве работы: “Жанчыны з роду Рагнеды” і “Штодзённае жыццё сярэдневяковага гараджаніна”. З гэтымі работамі яна выступала не толькі на гімназічных Скарынаўскіх чытаннях, але і на раённай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, дзе атрымала дыплом ІІІ ступені. Зараз Ульяна рыхтуецца да раённай канферэнцыі “Краязнаўчыя чытанні”, распрацоўвае тэму “Магнаты Полаччыны”. Не ведаю, кім стане Ульяна ў жыцці, але веру, што вопыт даследавання абавязкова спатрэбіцца на шляху да поспеху.
І вось новыя вучні. Сярод маіх выхаванцаў шмат дапытлівых дзяцей. Эстафету даследчай дзейнасці ў мінулым навучальным годзе паспяхова прыняў навучэнец 2 класа Макар Масленікаў. Звычайнае захапленне салдацікамі дало штуршок да напісання даследчай работы “Рыцарства ў маім жыцці”. Работа была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені раённай вучэбна-даследчай канферэнцыі навучэнцаў “Юны даследчык-2015”. У гэтым годзе мы ўсім класам працуем над праектам “Да невядомых зорак”. А колькі нязведанага яшчэ наперадзе! Колькі зорак запаліцца на нашым гімназічным небасхіле!Дзіцячыя перамогі — гонар, слава, поспех і самога вучня, і яго настаўніка. Клопат педагога — падрыхтаваць добрую глебу: своечасова заўважыць парастак таленту і падсілкоўваць яго святлом і цяплом. Вельмі важныя ўвага і любоў настаўніка, цярпенне да неардынарнасці дзіцяці, усебаковыя веды і жаданне ісці з вучнем да вызначанай мэты. Але самае галоўнае ў гэтым відзе вучнёўскай творчасці — імкненне дзіцяці да пазнання, аналізу, апусканне ў глыбіні навуковай працы. Гэта дазваляе вучню знайсці сябе ў чымсьці новым, адкрыць у сабе іншыя грані, зрабіць важны крок наперад на шляху свайго развіцця і станаўлення.
Хочацца пажадаць усім педагогам і навучэнцам не баяцца такога вопыту, ацэньваць яго і як дасягненні ў навучанні, і як інтэлектуальныя прыгоды. А бацькам — дапамагаць сваім дзецям, шчыра і сур’ёзна падтрымліваючы іх першыя, але такія значныя пачынанні.

Жанна СМІРНОВА,
выхавальніца Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.