Маладыя педагогі Віцебшчыны: ідэалы, каштоўнасці, арыенціры

Сучасны настаўнік. Якім мы яго бачым? Паразважаўшы, можна адзначыць, што гэта прафесіянал, які ведае свой прадмет, шчыра любіць сваю прафесію, дзяцей. Гэта чалавек, здольны выхаваць грамадзяніна, патрыёта, маральна ўстойлівага, сумленнага і працавітага чалавека. Шлях прафесійнага станаўлення — складаны і напружаны працэс, у якім мае значэнне ўсё: веды, уменні і навыкі, з якімі маладыя спецыялісты прыходзяць ва ўстанову адукацыі, іх асабістыя якасці, а таксама ўмовы, у якіх яны пачынаюць сваю працоўную дзейнасць. Можна зрабіць выснову, што ад таго, як пройдзе перыяд адаптацыі, залежыць, ці адбудзецца малады спецыяліст як педагог, застанецца ён у сферы адукацыі або будзе шукаць сябе ў іншай сферы дзейнасці.

Менавіта таму ў Віцебскай вобласці створана незвычайна багатая і разнастайная адукацыйная прастора, якая ўяўляе сабой цэласнае і ўнікальнае асяроддзе для прафесійнага росту маладых педагогаў. Сістэмную работу з імі праводзіць Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Мэтавым напрамкам гэтай работы з’яўляецца стварэнне ўмоў для захавання ў прафесіі маладых педагогаў, аказанне ім метадычнай дапамогі ў адаптацыі, развіцці і самаразвіцці.

Чатыры гады назад па ініцыятыве супрацоўнікаў інстытута стартаваў унікальны праект — абласны фестываль маладых спецыялістаў “Перспектыва”. Ён накіраваны на стымуляванне творчай ініцыятывы, выяўленне таленавітых маладых педагогаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных суполках, умацаванне прафесійных кантактаў, прапаганду сучасных адукацыйных практык і распаўсюджванне інавацыйных педагагічных ідэй у прафесійную практыку.У фестывалі прымаюць удзел маладыя педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, метадысты раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Адным з дасягненняў фестывалю стала штогадовае пашырэнне яго геаграфіі. У 2016 годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 16 рэгіёнаў Віцебскай вобласці.

2016 год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчаны Годам культуры. Дасягненне мэт гэтага ўказа — выхаванне ў падрастаючага пакалення любові да сваёй Айчыны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый. Усё гэта — прафесійны абавязак педагога. Культура не можа існаваць без чалавека. А якім павінен быць вобраз таго, хто фарміруе гэтага чалавека? Адказы на гэтыя пытанні ярка адлюстраваліся ў візітных картках каманд у першы дзень фестывалю.

Каманда Полацкага раёна сваім выступленнем даказала, што маладыя педагогі з’яўляюцца вартымі прадстаўнікамі духоўнага цэнтра Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюць традыцыі самага старажытнага города нашай краіны, дапамагаюць сваім вучням стаць духоўнымі і інтэлігентнымі людзьмі. Эмацыянальна-захапляльным быў фінал выступлення гэтай каманды: палачане выйшлі на сцэну з ручнікамі, на якіх былі адлюстраваны выявы помнікаў культуры і архітэктуры роднага горада. Каманда Віцебскага раёна таксама не пакінула нікога з прысутных абыякавым. Сваім прыгожым выступленнем, праз “кола гісторыі”, маладыя людзі паказалі асаблівасці развіцця асветы і адукацыі на беларускіх землях у розныя гістарычныя эпохі, пераканалі ўсіх прысутных у зале ў працягу гэтых слаўных традыцый, перадачы падрастаючаму пакаленню ідэалаў і каштоўнасцей беларускага народа. Наступная каманда ўключыла ў сваё выступленне самабытныя і яркія беларускія касцюмы, непаўторную беларускую музыку, прыгожую родную мову. Гаворка ідзе аб прадстаўніках Наваполацка. Яны дастойна пацвердзілі, што выразна ўсведамляюць значнасць сваёй ролі ў сацыяльным і прафесійным асяроддзі. Абаянне і талент удзельнікаў каманды Докшыцкага раёна, а таксама іх флэш-моб па-беларуску зачараваў і захапіў усю залу, а яшчэ паказаў, якія таленавітыя нашы маладыя настаўнікі, колькі ў іх энергіі, аптымізму, веры ў будучыню. Кожная каманда па-свойму прадэманстравала ў візітнай картцы сваё бачанне місіі педагога ў цэлым і асабліва ў Год культуры.

Традыцыйна склалася так, што фестываль — гэта пляцоўка не толькі для знаёмства, творчых спаборніцтваў, але і для метадычнай вучобы, стварэння ўмоў для ўзнікнення жывога дыялогу, вынікам якога стане развіццё прафесійнага майстэрства і творчага патэнцыялу маладых педагогаў. Для ўдзельнікаў была арганізавана выстава, якая змяшчала розныя экспазіцыі: “Дакументы аб адукацыі Віцебскай губерні”, “Буквар: ад мінулага да сучаснага”, “Гісторыя вучэбнай кнігі”, “Метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўніку”. Вопытныя педагогі-псіхолагі, настаўнікі, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, правялі трэнінгі камандаўтварэння, майстар-класы, практыкумы з маладымі калегамі. Арганізатары фестывалю спадзяюцца, што ён стане запамінальнай падзеяй у жыцці маладых педагогаў, новым, упэўненым крокам уваходжання ў прафесію.

Святлана ТАРАРЫШКА,
начальнік аддзела вывучэння і абагульнення перадавога педагагічнага вопыту
Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.