Майстэрства аратараў

Дзень, якога з нецярплівасцю чакалі педагогі і навучэнцы гімназіі № 61 Мінска, а таксама іншых устаноў адукацыі Маскоўскага раёна сталіцы, настаў. У гэты дзень па пяцігадовай традыцыі ў нашай гімназіі праводзілася свята прыгожага слова, гэта значыць красамоўства. Конкурс аратарскага майстэрства называўся “Віват, аратар!”. Пяты раз навучэнцы 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адточвалі сваё аратарскае майстэрства на 4 пляцоўках гімназіі.

У бягучым годзе ў конкурсе прыняла ўдзел рэкордная колькасць удзельнікаў — 65 чалавек, якія прадстаўляюць 16 устаноў адукацыі Маскоўскага раёна. Самым шматлікім было прадстаўніцтва навучэнцаў 8 класаў — 22 чалавекі.
Якія ж праблемы сёння ўяўляюцца дзецям найбольш актуальнымі? На выбар удзельнікам конкурсу былі прапанаваны 4 тэмы публічных выступленняў:
— What would have happened if…? A Glance at History (“Што было б, калі б…? Погляд у гісторыю”);
— Is а euhominid self-sufficient or egoistical? (“Сучасны чалавек самадастатковы або эгаістычны?”);
— Graffiti: an art or vandalism? (“Графіці: мастацтва або вандалізм?”);
— Future. Is it a technogeneous paradise or a hell? (“Будучыня — гэта тэхнагенны рай або пекла?”).
Больш за ўсё дзяцей хвалююць пытанні будучыні нашай цывілізацыі. У сваіх прамовах яны закраналі актуальныя пытанні развіцця сучасных тэхналогій і іх уздзеяння на планету і чалавека. Навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 165 Уладзіслаў Мамчыц прадставіў два процілеглыя пункты гледжання на гэтую праблему ад асобы дабра і зла, заслужыў ганаровую намінацыю “За акцёрскае майстэрства”.
Вялікую цікавасць для школьнікаў уяўляе ўсё, што звязана з маладзёжнай субкультурай. Менавіта таму значная колькасць удзельнікаў конкурсу выбрала тэму “Графіці: мастацтва або вандалізм?” для свайго публічнага выступлення. У прамовах канкурсантаў прагучалі як словы ў абарону, так і супраць гэтага віду вулічнага мастацтва. Незабыўнае ўражанне на членаў журы зрабіла выступленне па гэтай тэме вучаніцы 8 класа сярэдняй школы № 161 Марыі Станкевіч, якая заняла 1 месца ў сваёй узроставай катэгорыі.
Было вельмі цікава паслухаць роздумы дзяцей пра тое, па якім шляху магло пайсці развіццё нашай цывілізацыі, калі б у яе гісторыі не адбыліся якія-небудзь важныя падзеі або не існавалі вядомыя асобы. Удзельнікі, якія выбралі гэтую тэму для свайго выказвання, далі волю фантазіі, уявіўшы, што было б, калі б не існавала такіх гістарычных асоб, як Францыск Скарына, Клеапатра, Адольф Гітлер. На думку аднаго з удзельнікаў конкурсу вучня 11 класа гімназіі № 61 Антона Гацко, ход гісторыі можа змяніць самы нязначны, на першы погляд, учынак кожнага чалавека.
Не абмінулі сваёй увагай удзельнікі конкурсу і такую філасофскую праблему, як праблема сучаснага чалавека: яго самадастатковасць і эгаістычнасць. Членам журы запомнілася вельмі змястоўнае і эмацыянальнае выступленне на гэтую тэму вучня 11 класа ліцэя № 1 Паўла Касцючэнкі.
Выступленні ўдзельнікаў конкурсу вызначаліся арыгінальнасцю, эмацыянальнасцю і глыбінёй думкі. Як і ў папярэднія гады, у склад журы ўвайшлі прадстаўнікі многіх устаноў адукацыі Маскоўскага раёна Мінска, а таксама запрошаныя госці, у ліку якіх былі прадстаўнікі выдавецтва “Лексіс” І.Н.Галаванаў і А.В.Шарак, а таксама метадыст аддзела грамадска-гуманітарных і эстэтычных дысцыплін МГІ РА І.В.Дзяменцьеў.
Вось і завяршыўся чарговы конкурс аратарскага майстэрства на англійскай мове “Віват, аратар!”. Мы з нецярплівасцю будзем чакаць наступнага свята красамоўства, акцёрскага майстэрства і яркіх ідэй!

Алена НАРАЖНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 61 Мінска.