Майстар дзівос

У Міжэвіцкай сярэдняй школе, што на Слонімшчыне, творча працуе настаўнік тэхнічнай працы Алег Васільевіч Лысуха. У Алега Васільевіча ёсць адзін патаемны талент, які з пакалення ў пакаленне перайшоў яму ад продкаў. Ён натхнёна ўмее працаваць з драўнінай. Яго ўмелыя рукі даюць жыццё дзівосным прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Любоў да гэтага віду творчасці зарадзілася ў яго яшчэ ў малодшых класах. Алег Васільевіч прыгадвае, што ён заўсёды штосьці майстраваў, клеіў, канструяваў, стараўся ства-рыць нешта сваё, новае, адметнае. З цеплынёй і павагай успамінае ён сваіх бацькоў, якія з ранняга дзяцінства прывучалі яго да працы. З вуснаў свайго бацькі, Васіля Рыгоравіча Лысухі, карэннага жыхара вёскі Міжэвічы, даведаўся Алег Васільевіч пра свайго продка па мужчынскай лініі прадзеда Рамана, які ў далёкія гады станаўлення вёсачкі Міжэвічы працаваў будаўніком, любіў сваю справу і прыносіў карысць аднасяльчанам. І дзед Рыгор усё сваё доўгае жыццё, а пражыў ён 92 гады, аддаў будаўніцтву, аздабленню сваёй вёскі, хаты, падворка.
Алег Васільевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо талент ён развівае ў сабе дзякуючы невычэрпным крыніцам — любові да працы, да мастацтва, да сваёй сям’і, як вытоку жыцця, да родных мясцін. А яшчэ ён лічыць, што самым высокім відам мастацтва з’яўляецца народнае, таму што ўвасабляе яно ў сабе таленавітасць і геніяльнасць, духоўнасць і ўзнёсласць свайго народа.
Лёгка і весела ходзіць па дошцы рубанак, знімаючы тонкую, у завітках, залацістую стружку. Пяшчотна і чыста пахне драўніна. Пад далонню адчуваецца жывая цеплыня матэрыялу. А з-пад умелых рук нараджаецца маленькі шэдэўр. І вось ужо звычайная вясковая кватэра нашага майстра пераўтвараецца ў прытулак адраджэння традыцый прод-каў, у астравок прыгажосці, узор культуры.
Жаданне прынесці радасць сваёй сям’і, адлюстраваць свой творчы почырк, адрадзіць духоўную спадчыну — вось арыенціры ў жыцці чалавека, які жыве і працуе побач з намі. Алег Васільевіч свае сямейныя адносіны будуе па ўзоры бацькоўскіх узаемаадносін, дзе адоранасць дзяцей заўважалася і працягвае перадавацца з пакалення ў пакаленне. Жывуць народныя традыцыі ў вялікай садружнасці сем’яў гэтага сціплага чалавека. Многім з іх падараваны ад продкаў талент спяваць, тонка адчуваць музыку, пісаць вершы, ствараць прыгожыя і карысныя рэчы — маленькія шэдэўры вялікай і ўзнёслай працы.
Абавязкова завітайце ў госці да Алега Васільевіча — і вы ўбачыце незамыславатыя прадметы побыту, але створаныя яго рукамі з душой і любоўю. Цудоўна тое, што ён стараецца перадаваць свой вопыт дапытліваму і кемліваму народу — сваім вучням. Ён вельмі хоча развіць патаемную крыніцу дзіцячага таленту, навучыць самастойнай творчасці. А яшчэ ён спадзяецца, што яго пераемнікі будуць тварыць прыгожае ў паўсядзённым жыцці, адраджаць і захоўваць гісторыка-культурную спадчыну сваёй малой радзімы.
Рукамі яго выхаванцаў выраблена шмат карысных рэчаў, якія ўпрыгожваюць хатні інтэр’ер, школу і прышкольную тэрыторыю. Некаторыя з гэтых вырабаў высока ацанілі ў раёне, вобласці, рэспубліцы.
Учынак — прывычка — характар — лёс. Сапраўды, творчая біяграфія чалавека можа пачацца з нязначнай дэталі, непрыкметнага ўчынку, затым учынак стане прывычкай, сфарміруе характар, абазначыць лёс.
Так атрымалася і ў героя нашага артыкула. У цудоўнае царства дзівос дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алега Васільевіча вёў сам лёс. Цяга да творчасці, узнёсласць і натхненне, атрыманыя ад продкаў, жаданне дарыць прыгажосць людзям, адраджаць спадчыну і карпатлівая праца зрабілі яго сапраўдным Майстрам. Жыве ён з намі побач, наш зямляк, наш настаўнік. І мы з упэўненасцю можам назваць яго майстрам дзівос нашай мясцовасці, таму што душа і сэрца яго заўсёды для нас адкрытыя, калі мы хочам падняцца да вяршынь народнай творчасці.

Анета АНІСЬКЕВІЧ.