Магчымасці і здабыткі гімназічнай газеты

У кожнага чалавека назаўсёды застаюцца ўспаміны пра школьныя гады. Школа дазваляе паўдзельнічаць у розных фэстах, конкурсах, акцыях, канферэнцыях, алімпіядах, праектах і спартыўных спаборніцтвах. Але пра гэтыя справы, поспехі і дасягненні звычайна вядома толькі вузкаму колу людзей. Таму рада гімназістаў нашай навучальнай установы прапанавала выдаваць газету. Газету, якая дапамагала б вучням паказваць іншым свае таленты і дасягненні, дзяліцца радасцямі і тым, чым жыве наша гімназія.

Адразу ж знайшліся тыя, хто стаў на чале гэтай вялікай справы, здолеў аб’яднаць вакол сябе энтузіястаў, навучэнцаў і педагогаў, якім такая работа была па душы. Гэта намеснік па выхаваўчай рабоце Ганна Уладзіміраўна Кузьмянчук і настаўніца інфарматыкі Ала Васільеўна Мазько. Была створана рэдакцыйная рада, якая складалася з шэф-рэдактара, галоўнага рэдактара, журналістаў (рэдкалегіі), фотакарэспандэнтаў і групы камп’ютарнага дызайну.
Гімназісты натхнёна ўзяліся за работу. На першым жа пасяджэнні былі вызначаны мэты і задачы выдання, функцыі, правы і абавязкі рэдакцыйнай рады, зацверджана канцэпцыя газеты, яе дызайн і накіраванасць. Газету як гімназічны друкаваны орган надзялілі свабодай слова і недатыкальнасцю. У лютым 2010 года мы ўзялі ў рукі першы нумар “Вуснамі гімназіста”.
Першым галоўным рэдактарам газеты стала адзінаццацікласніца Кацярына Краўчанка, якая настолькі захапілася работай, што пасля заканчэння гімназіі паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Камп’ютарнай графікай заняўся дзесяцікласнік Ілья Федзюковіч (сённяшні студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР). Ім быў распрацаваны дызайн гімназічнай газеты. Юнак займаўся яе вёрсткай.
На старонках газеты гімназісты публікуюць творчыя работы, вершы, разважаюць на надзённыя тэмы. Выданне знаёміць з вучэбнымі дасягненнямі дзяцей, расказвае пра святы і будні навучальнай установы. Газета адыгрывае вялікую ролю ў жыцці падлеткаў, якія яе выдаюць, спрыяе сталенню дзяцей, іх выхаванню, развіццю творчага патэнцыялу і самарэалізацыі, удасканальвае ўменні навучэнцаў выразна, лагічна і пісьменна выказваць свае думкі. У выніку работы кожны (і той, хто піша, і той, хто чытае) адчувае ўласную значнасць.
Першачарговая задача гімназічнага друкаванага органа — паведамляць пра жыццё навучальнай установы. Але газета дапамагае творчаму развіццю адораных дзяцей, фарміруе мастацкі густ, займаецца літаратурнай асветай чытачоў.
Работа над гімназічным выданнем ажыццяўляецца на пасяджэннях рэдакцыйнай рады ў пазаўрочны час. Сёння галоўным рэдактарам з’яўляецца дзесяцікласніца Юлія -Пупчык, якая працуе над стварэннем нумара ў адпаведнасці з каляндарным і тэматычным планам, дае заданні журналістам па зборы інфармацыі і яе афармленні, кантралюе выкананне заданняў. Пастаянныя члены рэдкалегіі (журналісты) Яна Баранкевіч, Глеб Кот, Сяргей Данількевіч і Таццяна Гарбацкая займаюцца зборам, падрыхтоўкай і афармленнем інфармацыі. Журналісты могуць выкарыстоўваць дапамогу памочнікаў. Фотакарэспандэнт газеты Наталля Гарбацэвіч рыхтуе фотаматэрыялы ў адпаведнасці з планам работы і заданнямі рэдакцыйнай рады. Фотаматэрыялы прымаюцца і ад пазаштатных карэспандэнтаў. Група камп’ютарнага дызайну (Ірына Жук і Уладзіслаў Хаціменка) вярстае і друкуе газету.
Члены рэдакцыйнай рады перыядычна даюць справаздачу на пасяджэннях аб праведзенай рабоце, дапамагаюць адно аднаму ў падрыхтоўцы матэрыялаў для газеты, імкнуцца ставіць агульную справу вышэй за асабістыя амбіцыі.
У мінулым навучальным годзе гімназісты прадстаўлялі газету на конкурсе “Проба пяра”, XIV Восеньскім фестывалі клубаў ЮНЕСКА, у Міжнародным маладзёжным дыскусійным лагеры ў Браславе. Члены рэдакцыйнай рады адпраўлялі свае работы на абласны конкурс юных карэспандэнтаў “Цэнтр увагі — дзеці” ў газету “Народная трыбуна”, адкуль прывезлі прызы і падзяку. Артыкул Глеба Ката быў апублікаваны не толькі ў гімназічнай і раённай газетах, але і ў абласных СМІ.
Набыць навыкі сапраўднага журналіста дапамагае супрацоўніцтва з мясцовай газетай “Чырвоная звязда”, галоўны рэдактар якой Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч падказвае нам новыя ідэі, дапамагае ў напісанні артыкулаў. Неаднаразова наша газета выходзіла ў якасці дадатку да “раёнкі”. А пазалетась да нас прыязджаў журналіст з “Настаўніцкай газеты” Сяргей Уладзіміравіч Грышкевіч, які правёў з юнымі карэспандэнтамі майстар-клас.
Выданне газеты “Вуснамі гімназіста” аб’яднала дзяцей у згуртаваны калектыў, дазволіла, выкарыстоўваючы моцныя бакі адно аднаго, выношваць і ўвасабляць цікавыя ідэі, рабіць кожны нумар унікальным і непадобным на іншыя. Дзякуючы гэтаму, гімназісты ўбачылі свае магчымасці і перанеслі іх на вучэбныя заняткі. Так, члены рэдакцыйнай рады хутчэй і больш якасна выконваюць творчыя заданні на ўроках рускай і беларускай літаратуры. З радасцю бяруцца за розныя творчыя заданні па іншых прадметах.
Гімназічная газета прыцягвае не толькі дзяцей, але і дарослых. На старонках выдання друкаваліся творчыя справаздачы старшыні клуба “Юны алімпіец” Л.Ф.Кабрынец і карысныя парады педагога-псіхолага Т.М.Калацэй, дзяліліся ўражаннямі ад работы маладыя спецыялісты. Газета рэгулярна расказвае пра дзейнасць гімназічнага клуба ЮНЕСКА “Погляд”.
У газеце нам важна расказаць не толькі пра свае справы, але і пазнаёміць з нашымі шэфамі, якія аказваюць дапамогу пры арганізацыі экскурсій, свят і працоўных будняў. Таму юныя журналісты наведваюць розныя арганізацыі і праводзяць шмат інтэрв’ю.
Для кожнага чалавека вельмі важна спазнаць свой край. Гэта становіцца магчымым дзякуючы паходам і экскурсіям, уражанні ад якіх знаходзяць адлюстраванне ў газеце. Вялікую ролю адыгрывае друкаванае выданне і ў жыцці членаў гімназічнага паэтычнага клуба “Альтанка”. Дзеці дзеляцца сваёй творчасцю з іншымі.
Дзякуючы газеце, значна ажывілася і гімназічнае жыццё, бо цяпер кожны гімназіст імкнецца зрабіць штосьці важнае і патрэбнае, каб пра яго напісалі і каб яго імя прагучала на старонках выдання.
Стварэнне газеты дазволіла ўсталяваць больш цесныя мікрасацыяльныя сувязі ўнутры гімназіі. Удзел вучняў у гімназічным прэс-цэнтры падтрымлівае іх індывідуальнае развіццё, бо дапамагае арганізаваць і лепш спазнаць сябе, выказаць думкі, распаўсюдзіць іх сярод іншых людзей, адкрыць свет. Падчас сумеснай дзейнасці паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў усталёўваецца ўзаемаразуменне. Падобная практыка ўплывае і на выбар прафесіі.
Кожная ўстанова адукацыі ўяўляе сабой маленькую дзяржаву са сваімі законамі, традыцыямі і плынню жыцця. Кожная такая дзяржава па-свойму ўнікальная. Асноўная задача нашай рэдакцыі заключаецца ва ўменні расказаць пра гэтае жыццё так, каб газета зацікавіла і вучняў, і настаўнікаў, і бацькоў.
Газета адыгрывае вялікую ролю ў жыцці падлеткаў, якія яе выдаюць, спрыяе сталенню дзяцей і іх выхаванню, дапамагае адчуць уласную значнасць і дачыненне да вырашэння гімназічных задач. Яшчэ адной важнай якасцю, якую “ўзгадоўвае” газета, з’яўляецца адказнасць. Работа ў камандзе — справа сур’ёзная і цяжкая. Кожны бярэцца за тую дзейнасць, якая яму па плячы.
Гімназічная газета — найважнейшы сродак самавыяўлення дзяцей, якія пры яе стварэнні становяцца больш актыўнымі і ініцыятыўнымі. У вучняў з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах, а ў далейшым яны становяцца лідарамі ў грамадскім жыцці.

Таццяна БАРАНКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Іванава,
шэф-радактар газеты “Вуснамі гімназіста”.