Мабільны дадатак — новы сябар настаўніка

У кожнага ўладальніка смартфона або планшэта ўстаноўлены не адзін і нават не два дадаткі на дэвайсе, у некаторых іх больш за дзясятак. Першапачаткова яны распрацоўваліся для забеспячэння якаснай і хуткай работы мабільных прылад, затым гэтыя дасягненні перанесліся ў прамысловасць, гандаль, лагістыку. Апошнім часам шырокае прымяненне яны атрымалі і ў адукацыі дзякуючы неабмежаванаму спектру магчымасцей. Арганізацыя дыстанцыйнага навучання, сумеснай работы навучэнцаў над заданнямі, абмен файламі і ўзаемадзеянне з законнымі прадстаўнікамі — гэта толькі некаторыя аспекты прымянення мабільных дадаткаў у адукацыі.

Сёння хацелася б падзяліцца вопытам выкарыстання новых тэхнічных метадаў у адукацыйным працэсе з дапамогай мабільнага дадатку Plickers, створанага былым амерыканскім педагогам, а цяпер блогерам Рычардам Бірнам.Анлайн-канструктар Plickers набыў у нашай гімназіі вялікую папулярнасць. Яго актыўна выкарыстоўваюць педагогі і з розным вопытам работы, і з розным узроўнем валодання камп’ютарам. Галоўны плюс Plickers — дадатак не мяняе адукацыйны працэс, а дазваляе імгненна ацаніць адказы навучэнцаў усяго класа і спрасціць збор статыстыкі, тым самым прыўносіць элемент гульні. Гэта тлумачыцца нечаканым тэхналагічным рашэннем стваральнікаў праекта і тым, што для работы з ім зусім не патрабуецца наяўнасць у навучэнцаў мабільных прылад, не патрэбны камп’ютарны клас. Для навучэнцаў неабходны толькі раздрукаваныя карткі з QR-кодамі. Педагогу спатрэбіцца ноўтбук або камп’ютар, планшэт або мабільны тэлефон з камерай не менш за 5—6 мегапікселяў і аперацыйнай сістэмай iOS або Android з усталяваным дадаткам Plickers, тэлевізар ці мультымедыйны праектар з адкрытым сайтам Plickers.com у рэжыме Live View (для трансліравання пытанняў у рэжыме рэальнага часу) і доступ у інтэрнэт.

Што такое QR-код і як гэта працуе? Абрэвіятура QR расшыфроўваецца як quick response, у перакладзе з англійскай мовы — “хуткі водгук”. Разумець гэта варта літаральна, бо QR-код уяўляе сабой двухмерны штрых-код, які змяшчае інфармацыю, на якую можна лёгка адгукнуцца, “счытаўшы” яе пры дапамозе камеры смартфона або планшэта. Галоўнае, каб паміж цёмнымі і светлымі ўчасткамі быў выразна выяўлены кантраст.Картка з QR-кодам — квадратная картка, якая мае чатыры бакі, якім адпавядае адзін варыянт адказу (A, B, C, D), пазначаны на самой картцы. Гэтыя карткі ўнікальныя і маюць свой уласны парадкавы нумар. Існуе 5 розных набораў: стандартны — 40 картак, па 2 карткі на 1 старонцы А4; пашыраны — 63 карткі, па 2 карткі на 1 старонцы А4; павялічаны — у трох варыянтах — па шрыфце, па памеры і па колькасці.

Па сваім вопыце скажу, што для аднаго педагога цалкам дастаткова стандартнага пакета картак, нават калі ў яго некалькі класаў. Дадатак дазваляе выдаць кожнаму вучню толькі адну картку, што дазволіць адсочваць усе поспехі, зрабіўшы апытанне персаніфікаваным. Мы іх раздрукавалі на матавай фотапаперы, на адваротным баку прадубліравалі простым алоўкам размяшчэнне варыянтаў адказу (A, B, C, D), каб аблягчыць навучэнцам карыстанне карткамі. Далей карткі заламініравалі ў матавую плёнку. Выкарыстоўваем менавіта матавую, каб пазбегнуць блікаў пры рабоце з глянцавай плёнкай.

Тэсціраванне як форма кантролю ведаў навучэнцаў ужо даўно шырока выкарыстоўваецца ва ўстановах адукацыі. Колькі часу (і нерваў) марнуе педагог пры правядзенні кантрольнай работы, апытанняў з дапамогай тэставых заданняў, праверцы наведвальнасці і іншых працэдур? Даць заданні па варыянтах, раздрукаваць, раздаць матэрыялы, сабраць адказы, выдзеліць час на праверку, выставіць адзнакі… Таму дадатак Plickers стаў для мяне знаходкай.

У чым сутнасць работы ў дадатку Plickers? Педагог задае тэставае пытанне. Навучэнец выбірае правільны варыянт адказу і падымае картку з QR-кодам адпаведным бокам, а педагог з дапамогай мабільнага дадатку ў сваім тэлефоне або планшэце сканіруе адказы вучняў у рэжыме рэальнага часу. Вынікі захоўваюцца ў базе даных і даступныя як непасрэдна ў мабільным дадатку, так і на сайце для імгненнага або адкладзенага аналізу. Тэсціраванне імгненна выяўляе правільныя і няправільныя адказы кожнага з вучняў і анлайн адлюстроўвае статыстыку адказаў на заданне па класе і па прозвішчах, пры гэтым усю інфармацыю лёгка і зручна вывесці на экран пры дапамозе праектара.

Магчымасці Plickers шырокія і шматгранныя. Гэты дадатак можна выкарыстоўваць для праверкі дамашняга задання, для арфаграфічных хвілінак або вуснага лічэння, для ўваходнага або выходнага кантролю ведаў вучняў, для рэфлексіі. Прымяненне дадатку не абмяжоўваецца толькі вучэбнымі або факультатыўнымі заняткамі. Так, напрыклад, дадатак выкарыстоўваўся на бацькоўскім сходзе, калі спатрэбілася правесці вывучэнне адукацыйных запытаў законных прадстаўнікоў па арганізацыі шостага школьнага дня. Наступны раз я вырашыла правесці апытанне навучэнцаў на класнай гадзіне, прысвечанай пытанням здаровага ладу жыцця. Па выніках апытання адразу ж з’явілася магчымасць арганізаваць дыскусію. Атрымалася цікава і карысна. Сацыяльна-псіхалагічная служба гімназіі актыўна выкарыстоўвае Plickers для правядзення розных апытанняў навучэнцаў, у прафілактычнай і прапагандысцкай рабоце, бо хуткасць атрымання вынікаў дазваляе ў самыя кароткія тэрміны дасягаць максімальна дакладнай карціны псіхалагічнага стану класа цалкам і канкрэтнага навучэнца ў прыватнасці, ацэньваць узровень стрэсу і своечасова аказаць псіхолага-педагагічную падтрымку.

Такім чынам, магу адзначыць асноўныя перавагі выкарыстання ў адукацыйнай прасторы гімназіі дадатку Plickers:

* вельмі просты, эфектыўны і інфарматыўны ў выкарыстанні інструмент, засваенне якога не займае больш як 1—2 урокі;

* сярэдні час падрыхтоўкі апытання па любой тэме займае ў педагога максімум 30 хвілін на першых этапах работы з сістэмай і не больш за 5 хвілін пасля 2—3 месяцаў работы з сістэмай;

* час, неабходны для правядзення апытання, не перавышае 2—5 хвілін на пачатковым этапе, у далейшым — не больш за 1—2 хвіліны;

* падтрымка ўсіх папулярных фарматаў файлаў, зручны экспарт і імпарт заданняў, а таксама вынікаў апытання;

* магчымасць падрыхтоўкі пытанняў у фармаце “Так/Не” або “Правільна/Памылкова”;

* кожны навучэнец можа вызначыць сваё праблемнае поле, а значыць, выбраць свой індывідуальны адукацыйны маршрут;

* эканомія паперы, картрыджа прынтара, часу педагога для праверкі папяровых версій апытання і аналізу паспяховасці класа.

Магчымасці мабільных тэхналогій у сферы адукацыі вялікія і ў многіх выпадках добра абгрунтаваныя. Не з’яўляючыся панацэяй, мабільныя тэхналогіі дапамогуць вырашыць некаторыя надзённыя праблемы адукацыі за кошт выкарыстання новага і эфектыўнага падыходу. У свеце, у якім расце залежнасць ад сродкаў сувязі і доступу да інфармацыі, мабільныя дадаткі не будуць часовай з’явай. Таму лагічна гэтую з’яву вывучаць і прымяняць для дасягнення сваіх мэт, на карысць сваёй работы і ведаў вучняў.

Людміла НОВІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Салігорска.