“Любові хопіць на ўсіх”

…Калі яна заходзіць у клас, вочы дзяцей пачынаюць іскрыцца ад радасці. І не толькі таму, што настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 11 Мінска Ірына Валер’еўна Данільчык вельмі ўсмешлівая і мілая. Яна валодае магічным уздзеяннем: усе вакол абавязкова пачынаюць усміхацца ў чаканні нечага новага і цікавага.

Больш за 25 гадоў Ірына Валер’еўна пераступае школьны парог, каб аддаць усю сваю любоў і веды дзецям. Яны адказваюць ёй узаемнасцю.

Усё пачалося ў дзяцінстве. Маленькая Ірачка вельмі любіла гуляць у школу. Сям’я жыла ў вёсцы Навадворцы Слуцкага раёна, дзе бабуля Іры — Тамара Іванаўна Кохан — працавала настаўніцай пачатковых класаў. Кожны вечар бабуля дапазна заседжвалася над школьнымі сшыткамі пры цьмяным святле старой лямпы. Ірачцы здавалася, што гэтае яе свяшчэннадзейства — галоўная на свеце работа. Яна садзіла лялек у кружок і вучыла іх чытаць і пісаць. Сама ж выдатна чытала ўжо ў 5 гадоў.


Калі Іра пайшла ў першы клас, яе настаўніца, Ганна Мацвееўна, умацавала дзяўчынку ў думцы, што настаўнік — самая патрэбная прафесія. Яна ўмела быць і добрай, і строгай, але заўсёды справядлівай, той, хто любіць вучняў.

Яшчэ адна цудоўная настаўніца сустрэлася на жыццёвым шляху Ірыны. Валянціна Канстанцінаўна Іголкіна прывіла любоў да рускай мовы. Выбар быў зроблены: пасля заканчэння сельскай васьмігодкі Ірына паступіла ў педвучылішча на аддзяленне пачатковых класаў, потым працягнула адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

У працоўнай кніжцы настаўніцы Данільчык толькі адзін запіс: прынята на пасаду настаўніка пачатковых класаў сярэдняй школы № 103 Мінска (сёння гімназія № 11). Ірына Валер’еўна гаворыць, што вызначальным для яе — маладога педагога — была сяброўская, амаль сямейная атмасфера, якая традыцыйна панавала і па гэты дзень пануе ў сценах гімназіі № 11. З цеплынёй яна ўспамінае парады завучаў пачатковых класаў Раісы Міхайлаўны Панчанка і Галіны Аляксандраўны Андрэенка.

Першы настаўнік… Або, як яшчэ гавораць, другая мама. Як гэта гучыць горда і ласкава! Але ў той жа час як адказна быць першым настаўнікам, бо менавіта першаму настаўніку давяраюць бацькі самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. Ад першага настаўніка залежыць, як складзецца школьнае жыццё дзіцяці. “Толькі павага і давер, шчырая любоў да дзяцей могуць стварыць атмасферу ўзаемаразумення, убачыць у кожным дзіцяці асобу. У кожным маленькім чалавеку ёсць сонца, і наша задача — даць яму свяціць”, — гаворыць пра сваю работу І.В.Данільчык.

Ірына Валер’еўна лічыць, што быць настаўнікам — значыць не толькі вучыць, але і самому пастаянна вучыцца, удасканальвацца, ісці ў нагу з часам. А галоўнае, быць цікавым сваім вучням.

“Я — Плюшкін, — з гумарам гаворыць яна, — сустрэну штосьці новае, што дапаможа зрабіць урок цікавейшым, — і ў сваю скарбонку. Аўдыя- і відэасюжэты, метадычныя матэрыялы і проста цікавыя думкі — усё спатрэбіцца. Настаўнік толькі тады зможа навучыць нечаму дзяцей, калі яму самому цікава тое, пра што ён гаворыць. А галоўнае, дзецям трэба аддаваць не толькі суму ведаў, але і часцінку сваёй душы”.

Адміністрацыя гімназіі № 11 Мінска і Міністэрства адукацыі не раз адзначалі дзейнасць Ірыны Валер’еўны Данільчык па навучанні і выхаванні дзяцей. Але галоўным сваім дасягненнем яна лічыць сем выпускаў, а гэта 210 вучняў, якія дзякуючы яе намаганням ператварыліся з дзетсадаўскіх малышоў у цікаўных і разумных падлеткаў. Ірына Валер’еўна ганарыцца званнем “сямейнага настаўніка”. Былыя выпускнікі давяраюць ёй сваіх дзяцей.

На пытанне, ці змяніліся за гады яе работы ў школе бацькі і дзеці, настаўніца з усмешкай адказвае, што дзеці ў яе заўсёды самыя добрыя. А бацькі… Яны сталі больш адказна адносіцца да вучобы сваіх школьнікаў, удзяляюць дзецям больш увагі, стараюцца развіваць малышоў. Напрыклад, у цяперашнім першым (зараз ужо другім) “Б” — усе таленты. Хто захапляецца спортам, хто — мастацтвам. На свяце “Бывай, першы клас!” кожны вызначаўся талентам. Канцэрт зрабілі амаль на гадзіну. Гледачы — бацькі — былі ў захапленні. І кожны заўважаў, як змяніліся і пасталелі дзеці за гэты год.

Ірына Валер’еўна як прафесіянал знаходзіцца ў самым росквіце. На кожным уроку яна падае матэрыял значна багацей, чым прадугледжана праграмай. Дапамагае вопыт і невычарпальная ўласная цікавасць да навакольнага свету.

Ірына Валер’еўна лічыць сваёй галоўнай задачай выявіць унікальны патэнцыял кожнага навучэнца, дапамагчы дзіцяці праявіць свае лепшыя якасці, раскрыць сябе і вырасціць яго шчаслівым і паўнавартасным грамадзянінам.

Таццяна СІНКЕВІЧ.