Любоў да роднай зямлі з першых крокаў

Наша Беларусь — старонка з багатай гісторыяй, самабытнай культурай, вялікай духоўнай спадчынай. Спадчынай, якая сёння, на жаль, у многім забыта, але якая ўсё роўна жыве і сілкуе народ, бо ўжо закладзена ў яго генетычны код. І вельмі важна прывіць дзіцяці з самага маленства пачуццё Радзімы — зямлі, на якой яно нарадзілася, якая дала яму жыццё і ўсё тое, што набыта і адпрацавана ў мінулым яго продкамі, навучыць з пашанай ставіцца да сям’і і роду, да сваёй малой і вялікай Радзімы.

Задача педагогаў і бацькоў — як мага раней абудзіць у дзяцей любоў да роднай зямлі, з першых крокаў фарміраваць у дзяцей рысы характару, якія дапамогуць стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы. Выхоўваць любоў і павагу да роднага дома, дзіцячага садка, горада, пачуццё гонару за дасягненні краіны, развіваць цікавасць да зразумелых дзіцяці з’яў грамадскага жыцця.
Работу па патрыятычным выхаванні мы вядзём у цеснай узаемасувязі з сацыяльна-духоўным выхаваннем, пры гэтым улічваем узрост дашкольнікаў. Ад таго, як будуць сфарміраваны сацыяльныя матывы і пачуцці дзіцяці ў першыя гады жыцця, у многім залежыць усё яго далейшае развіццё.
Ва ўстанове адукацыі “Яслі-сад № 5 Светлагорска” арганізавана прадметна-развіццёвае асяроддзе: міні-музей “Беларуская хатка”, стэнд “Мой родны кут”, ва ўсіх групах ёсць беларускія куточкі, дзе размешчаны сімволіка краіны, дэманстрацыйны матэрыял па азнаямленні дзяцей з родным краем, горадам, вырабамі народнага дэкаратыўна-пракладнога мастацтва. Для ранняга далучэння дзяцей да беларускай мовы ў нашай установе праводзiцца беларускамоўны дзень кожны тыдзень.
Педагогі і музычныя кіраўнікі знаёмяць дзяцей з народнымі святамі і абрадамі: Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Купалле, Камаедзіца, дзе дашкольнікі разам з бацькамі з’яўляюцца не проста назіральнікамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі. Дзецям прыносіць радасць не толькі свята, але і падрыхтоўка да яго, калі яны знаёмяцца з музыкай, касцюмамі, вучаць беларускія словы, удакладняюць іх значэнне.

Каб данесцi да свайго выхаванца часцiнку ведаў аб родным краі, мове, гiсторыi беларускага народа, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, абрадах i традыцыях, выхавальнік павінен быць зацікаўлены ў гэтым і мець неабходныя веды. З выхавальнікамі таксама праводзіцца работа па патрыятычным выхаванні. У дашкольнай установе з 2010 года існуе факультатыў “Гаворым па-беларуску”, настаўнік-дэфектолаг Іна Валер’еўна Кузьмянок праводзіць семінары, трэнінгі, заняткі, на якіх педагогі знаёмяцца з новымі правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, і г.д.
У межах дашкольнай установы праведзены конкурс “Беларуская цацка — наша спадчына”, дзе былі прадстаўлены цацкі, зробленыя сваімі рукамі: звязаныя, сшытыя, з гліны, саломкі.
Фарміраванне патрыятычных пачуццяў праходзіць больш эфектыўна, калі дзіцячы сад трымае цесную сувязь з сям’ёй. Неабходнасць уключэння сям’і ў працэс азнаямлення дашкольнікаў з сацыяльным акружэннем тлумачыцца асаблівымі педагагічнымі магчымасцямі, якімі валодае сям’я і якія не можа замяніць дашкольная ўстанова. Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для выхавання высокіх маральных пачуццяў.
У нашай установе існуе цесная ўзаемасувязь з бацькамі, адносіны з якімі будуюцца па прынцыпе даверлівага партнёрства, маральнай патрымкі. Мы абапіраемся на бацькоў не толькі як на памагатых дашкольнай установе, але і як на раўнапраўных удзельнікаў фарміравання асобы дзіцяці.
Станоўча зарэкамендавалі сябе дні адкрытых дзвярэй, спартыўныя і фальклорныя святы. Бацькі прымаюць удзел у экскурсіях, аказваюць дапамогу ў фарміраванні інтэр’ера груп, альтанак, у добраўпарадкаванні тэрыторыі дзіцячага садка. Мы раім бацькам і такія формы прыцягнення дзяцей да грамадскага жыцця, як прагулкі і экскурсіі з мэтай знаёмства з гістарычнымі мясцінамі, помнікамі, музеямі. У сваю чаргу бацькам таксама ёсць чым падзяліцца з педагогамі і дзецьмі. Так адбываюцца сустрэчы бацькоў, педагогаў і дзяцей у клубе “Напоўнім музыкай сэрцы”.
На адным з пасяджэнняў клуба вопытам сямейнага выхавання па далучэнні дзяцей да беларускай культуры, роднай мовы падзяліўся Аляксандр Анатольевіч Харланчук, бацька выхаванца старшай групы. Ён не толькі добра валодае беларускай мовай, але і праяўляе цікавасць да роднага краю, звычак, традыцый нашага народа. Дзецям і дарослым было цікава пачуць жывы аповед Аляксандра Анатольевіча аб помніках архітэктуры, гісторыі роднага краю, які суправаджаўся дэманстрацыямі слайдаў памятных і гістарычных месцаў: Пружаны, Косава, Бяроза Картузская, руіны Ружанскага палаца Сапегаў.

“Я разам з дзецьмі наведваю тое месца, дзе зарадзіліся Шацілкі, пазней пераназваныя ў Светлагорск — Шацілінскі Востраў, што быў падораны Ждану Манкевічу за добрую дзяржаўную службу пасля таго, як памёр былы гаспадар Шацілінскага Вострава Раман Шаціла, у якога не было нашчадкаў. Падчас археалагічных даследаванняў Шацілінскага Вострава разам з адным са старэйшых сыноў прымаў удзел у раскопках пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Рассадзіна.
Расказваю дзецям пра сваіх продкаў: прапрадзед шляхціц Баляслаў Манкевіч — адзін з нашчадкаў таго самага Ждана Манкевіча, яго жонка Серафіма Якубаўна Свірская паходзіла з роду князёў Свірскіх, якім належалі месцы Свір, Мядзел і Нарач разам з навакольнымі лясамі і азёрамі, а ў сучасным Светлагорскім раёне Свірскім належаў фальварак у вёсцы Ліпнікі, што недалёка ад Парычаў. Прадзед Конан Харланчук таксама паходзіў з шляхецкага роду са старажытнага мястэчка Юравічы (летапіснага Межымосця). У 2011 годзе разам з дзецьмі мы ездзілі туды, каб на свае вочы пабачыць тыя мясціны і адшукаць магчымых сваякоў. Наша мама таксама паходзіць са шляхецкага роду Манкевічаў, якім належалі Шацілкі”, — расказаў Аляксандр Анатольевіч.
Зыходзячы з нашага вопыту работы ў гэтым напрамку, можна адзначыць, што дашкольнікам, асабліва старэйшага ўзросту, уласціва пачуццё любові да роднага горада, прыроды, мовы, да сваёй Радзімы. Гэта ёсць пачатак патрыятызму, які нараджаецца ў пазнанні, а фарміруецца ў працэсе мэтанакіраванага выхавання. Мы лічым, што задача педагогаў і бацькоў — як мага раней абудзіць у маленькім чалавеку любоў да роднай зямлі, з першых крокаў фарміраваць у дашкольнікаў рысы характару, якія дапамогуць яму стаць вартым чалавекам нашай краіны.

Людміла ЯВАР,
метадыст РВМК аддзела адукацыі,
спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама.