Любіць хімію навучыць гурток

Апошнім часам інтарэс школьнікаў да вывучэння хіміі зніжаецца. Калі дзеці абыякавыя да прадмета, вучоба становіцца цяжкім абавязкам. Таму настаўніку неабходна вырашаць шэраг пытанняў: як вучыць з захапленнем? як зрабіць працэс пазнання радасным і творчым? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці пры арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці.

Сёння ўжо мала каго задаволяць эпізадычныя пазаўрочныя мерапрыемствы нават з вялікай колькасцю вучняў. Варта імкнуцца да арганізацыі добра прадуманай сістэмы пазаўрочнай работы па прадмеце, якая ўлічвала б задачы і магчымасці школы, схільнасці дзяцей. Пазаўрочная дзейнасць па хіміі з’яўляецца часткай агульнашкольнай сістэмы пазаўрочных мерапрыемстваў.
Роля пазакласнай работы ў сучаснай адукацыі надзвычай актуальная. Гэтая работа не толькі садзейнічае развіццю пазнавальных інтарэсаў па прадмеце, але і павышае інтарэс да іншых прадметаў. Удзел у пазакласных мерапрыемствах дазваляе падлеткам сцвердзіцца ў асяроддзі равеснікаў, заваяваць аўтарытэт, адчуць сітуацыю поспеху ў пазнавальнай дзейнасці і зацікавіцца ёй. Акрамя таго, удзел у пазакласных мерапрыемствах развівае ў падлеткаў адказнасць за агульную справу і дазваляе знайсці сваё месца ў жыцці.
Заняткі хіміяй пасля ўрокаў — неад’емная частка вучэбна-выхаваўчай работы. Пазакласная дзейнасць адрозніваецца ад вучэбнай найперш добраахвотным характарам. Вучні вырашаюць пытанне ўдзелу ў пэўных відах пазакласнай работы зыходзячы з інтарэсаў і жаданняў. Гэта абавязвае настаўніка своечасова выяўляць зацікаўленасць вучняў, каб прыцягнуць іх да пазаўрочнай дзейнасці і абудзіць інтарэс да хіміі.
Пазакласная работа павінна пастаянна падтрымліваць, паглыбляць і развіваць інтарэс да хіміі. У адрозненне ад урокаў, дзе дапамога настаўніка адыгрывае вядучую ролю, пазакласныя заняткі вылучаюцца большай самастойнасцю, вынаходніцтвам і творчасцю вучняў. Прадметныя гурткі ўключаны ў планы выхаваўчай работы ў школе. Практыка паказвае, што такая форма дзейнасці станоўча ўплывае на развіццё інтарэсаў і схільнасцей дзяцей, іх стаўленне да вучобы. Работа школьнікаў у прадметных гуртках і на факультатывах актывізуе вучэбны працэс, павышае якасць адукацыі. Акрамя таго, факультатыўныя заняткі дапамагаюць у падрыхтоўцы вучняў да раённых і абласных алімпіяд.
Намаганні настаўнікаў павінны быць накіраваны на далучэнне кожнага школьніка да актыўнай пазнавальнай дзейнасці. Работа з адоранымі дзецьмі не можа абмяжоўвацца толькі ўрокам. Добра развівае творчыя здольнасці такіх вучняў пазакласная дзейнасць. Над гэтай тэмай я працую з 2006 года. Вопыт маёй работы абагульняўся ў школе і раёне. Назапашаны практычныя матэрыялы, зроблены шэраг вывадаў.
Пазакласная работа па хіміі ажыццяўляецца праз факультатыўныя заняткі і гуртковую дзейнасць, а таксама праз вучнёўскія даследаванні. На розных этапах вывучэння хіміі формы работы з дзецьмі адрозніваюцца. Так, на этапе знаёмства з прадметам у 7—8 класах дзяцей варта зацікавіць яркімі нагляднымі і павучальнымі эксперыментамі. Гэта лепш рабіць на занятках гуртка. Гуртковая работа не толькі прыцягвае ўвагу і выклікае інтарэс, але і дапамагае авалодаць практычнымі навыкамі вядзення эксперыментаў. Адначасова назапашваюцца і тэарэтычныя веды.
Праблема здароўя чалавека надзвычай востра стаіць у сучасным грамадстве. Каб адчуваць сябе шчаслівым, трэба быць здаровым. Таму выбар тэмы майго гуртка быў заканамерным і тычыўся фарміравання здаровага ладу жыцця ў школьнікаў шляхам хімічнага эксперымента. Дзеці разумеюць важнасць уласнага здароўя, але, не ведаючы працэсаў яго паступовага пагаршэння і бачачы перад сабой прыклады бескантрольнага ўжывання алкаголю і тытуню, пераконваюцца, што чалавек з-за гэтага не памірае. Мая задача заключалася ў аб’яднанні ведаў пра чалавека з хіміі, біялогіі, біяхіміі, дыеталогіі, медыцыны і гуманітарных навук шляхам злучэння іх хімічным эксперыментам.
Гуртковую работу па хіміі вяду 8 гадоў. У школе дзейнічае гурток для васьмікласнікаў “Хімічны эксперыментальны модуль “Здаровы лад жыцця”. Асноўнай мэтай гуртка, які наведваюць найбольш актыўныя вучні, з’яўляюцца паглыбленне ведаў па прадмеце, пашырэнне кругагляду дзяцей і фарміраванне ўсвядомленага рашэння па вядзенні здаровага ладу жыцця. Праграма гуртка пабудавана на спалучэнні нескладаных эксперыментаў з інфармацыяй культуралагічнага зместу. Гэта садзейнічае засваенню ведаў, неабходных для вядзення здаровага ладу жыцця. Пераканаўчымі з’яўляюцца веды, падмацаваныя ўбачанымі з’явамі.
Доследы ў гуртку — выдатны наглядны метад і сродак стварэння псіхалагічнай устаноўкі для вядзення здаровага ладу жыцця. Вынік дасягаецца дзякуючы ўздзеянню не толькі на інтэлектуальную (свядомасць, разуменне, тлумачэнне працэсаў), але і на эмацыянальна-пачуццёвую (здзіўленне), патрэбнасна-матывацыйную (падштурхоўвае да правільнага харчавання), валявую (процістаянне згубным звычкам курэння ці ўжывання алкаголю) сферу.
На занятках дзеці даведваюцца пра шкоднае і карыснае ўздзеянне розных рэчываў на арганізм, ужыванне лекавых сродкаў, неабходнасць збалансаванага харчавання, магчымасць паляпшэння засваення пажыўных рэчываў, спосабы нейтралізацыі і вывядзення шкодных рэчываў. Вучні, захопленыя эксперыментальнай дзейнасцю, з цікавасцю наведваюць заняткі. Акрамя таго, на іх разглядаецца тэарэтычны матэрыял па аздараўленні, дапоўнены эксперыментальнай дзейнасцю і рэкамендацыямі па вядзенні здаровага ладу жыцця, практычнымі парадамі па выкарыстанні ў побыце. Заняткі, асноўная ўвага на якіх удзяляецца пытанням здароўезберажэння, дазваляюць вучням паспяхова засвоіць прынцыпы здаровага ладу жыцця. Важна, што на занятках інтэгруюцца біялогія і хімія. Міжпрадметныя сувязі з’яўляюцца сродкам здабывання новых ведаў, асновай далейшага пазнання і развіцця асобы вучняў.
Асноўнымі крытэрыямі пры адборы матэрыялу з’яўляюцца навуковасць, даступнасць, актуальнасць і практычная значнасць. Заняткі пашыраюць валеалагічныя ўяўленні вучняў. Дзеці вывучаюць уплыў вітамінаў, натуральных сокаў, малака, алкаголю, курэння, лекавых прэпаратаў і іншых рэчываў на жывы арганізм, дзякуючы чаму ў школьнікаў фарміруюцца ўстойлівыя стэрэатыпы ў паводзінах.
Заняткі добра вырашаюць пастаўленыя перад імі задачы: фарміруюць устойлівы інтарэс да хіміі, развіваюць пазнавальную актыўнасць, выхоўваюць усвядомленае і абгрунтаванае рашэнне весці здаровы лад жыцця, удасканальваюць практычныя навыкі ажыццяўлення эксперыментальных даследаванняў, рыхтуюць вучняў да выканання даследчых работ. Дзеці вывучаюць з’явы ў якасці прамых назіральнікаў, заўважаюць падабенства і заканамернасці ў выніках сваіх назіранняў, тлумачаць убачаныя з’явы, вылучаюць гіпотэзы, плануюць эксперыменты для іх праверкі, робяць вывады і заключэнні на аснове праведзеных даследаванняў, выкарыстоўваюць на практыцы іх вынікі і кіруюцца ў жыцці набытымі ведамі.
Заняткі ў гуртку рыхтуюць вучняў да даследчай дзейнасці. Так, з 2006 года школьнікі выканалі 9 даследчых работ па хіміі. Ёсць пэўныя поспехі і ў алімпіядным руху (два дыпломы ІІІ ступені на сёлетнім абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды). Вопыт пазакласнай работы па хіміі быў прэзентаваны на сёлетнім пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі, які праходзіў на базе нашай школы. Калегі азнаёміліся з эксперыментальнымі заняткамі па прафілактыцы курэння.

Наталля КАРПЫЗА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 5 Пружан.