Любіць дзяцей, імкнуцца да ведаў

Удзельнікаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” упершыню прымала Орша. Рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Аршанскага раёна” прайшоў на базе сярэдняй школы № 13.

Падзяліцца сваім вопытам прыехалі дзевяць настаўнікаў з усіх абласцей рэспублікі: настаўніца фізікі са Жлобіна Гомельскай вобласці Алена Ананчыкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Святлана Германовіч, настаўніца біялогіі з Мінска Вольга Лагунова, настаўнік хіміі Ляхавіч Брэсцкай вобласці Сяргей Оберган, настаўніца пачатковых класаў з Жабінкі Брэсцкай вобласці Віталіна Папковіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці Алена Пасюта, настаўніца матэматыкі з Драгічына Брэсцкай вобласці Алена Пратасевіч, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вольга Счасновіч і старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска Інеса Зубрыліна.
На сустрэчу з імі прыйшлі больш за 150 педагогаў Оршы і Аршанскага раёна — на жаль, зала не здолела змясціць усіх, хто хацеў пазнаёміцца з творчасцю (а гэта менавіта творчасць) лепшых педагогаў нашай краіны. Адкрылі семінар начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Багачова і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Аксана Булаўка. Затым кожнага госця прадставіў начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Фёдараў. Удзельнікі клуба па чарзе расказалі, як яны прыйшлі ў “Крыштальны журавель”, што значыў для іх конкурс “Настаўнік года”, дзе яны чэрпаюць натхненне для штодзённай педагагічнай дзейнасці, а таксама коратка прарэкламавалі ўрок, які будуць даваць. Вядома, з асаблівым нецярпеннем усе чакалі правядзення ўрокаў і майстар-класаў.
— Для нас гэта 45 метадычны выезд, — адзначыла Ірына Багачова. — Праграма семінара-акцыі традыцыйная. Яна ўключае тры этапы, якія даюць настаўніку магчымасць раскрыцца: сампрадстаўленне, правядзенне адкрытых урокаў і майстар-класы з педагогамі. Прадстаўнікі “Крыштальнага жураўля” прапануюць самыя сучасныя падыходы да арганізацыі ўрока, дапамогуць разабрацца, якім павінен быць сучасны ўрок і як яго зрабіць эфектыўным. Наша работа будуецца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, а гэта значыць, што мы прыехалі сюды не толькі вучыць, але і вучыцца, тым больш што ў Аршанскім рэгіёне моцныя педагагічныя традыцыі. Ні адзін метадычны выезд не прахо-дзіць бясследна. Мы спадзяёмся, што і гэтая сустрэча стане карыснай для ўсіх удзельнікаў.
Знаёмства адбылося. Празвінеў званок — і настаўнікі адправіліся на ўрокі. Усе прадстаўнікі клуба сваім прыкладам нагадалі педагогам, якая гэта творчая прафесія — вучыць дзяцей, і літаральна заразілі прысутных жаданнем зрабіць свае ўрокі такімі ж цікавымі, эфектнымі і, галоўнае, эфектыўнымі.
У гэты ж дзень члены клуба “Крыштальны журавель” правялі майстар-класы для калег, адказалі на іх шматлікія пытанні, абмеркавалі актуальныя праблемы школьнай практыкі. Скончылася сустрэча семінарам “Сучасны ўрок — гэта…”, дзе былі падведзены вынікі акцыі, прааналізавана эфектыўнасць урокаў, арганізацыя дзейнасці навучэнцаў, сродкі, пры дапамозе якіх дасягаліся пастаўленыя ў пачатку ўрока мэты. Працавала ўся зала: педагогі самі фармулявалі пытанні, разам шукалі на іх адказы. Удзельнікі клуба “Крыштальны журавель” словам і справай даказалі, што ў адукацыі галоўная роля ўсё ж належыць настаўніку і якасць адукацыі вызначаецца ў першую чаргу якасцю яго працы. Наколькі натхнёна настаўнік працуе, рэалізоўвае свае педагагічныя ідэі, настолькі эфектыўным атрымліваецца працэс. А сакрэт педагагічнага майстэрства просты: трэба любіць дзяцей, быць адданым сваёй прафесіі і пастаянна імкнуцца да новых ведаў.

Людміла ЛУШЧАЕВА,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама.