Лісты памяці

У год 70-й гадавіны Вялікай Перамогі дзейнасць школьных музеяў баявой славы набывае асаблівае значэнне. Музей не толькі дапамагае зрабіць навучальны працэс больш цікавым, але і стварае сапраўдную гістарычную карціну ў вачах вучняў. Сёння нашай асноўнай задачай з’яўляецца замацаванне ў гістарычнай памяці подзвігу савецкага народа, які спыніў фашызм. Такую мэту мае і дзейнасць музея баявой славы ў сярэдняй школе № 32 Магілёва.

Музей быў адкрыты амаль трыццаць гадоў назад. Ініцыятыва яго стварэння належала першаму дырэктару школы Івану Ігнатавічу Ляднёву. Цяжкая і клапотная праца па зборы экспанатаў лягла на вучняў школы і іх настаўнікаў. Агульнымі намаганнямі былі сабраны пэўныя экспазіцыі, і музей пачаў працаваць.
На працягу шаснаццаці гадоў музей узначальвала Людміла Сямёнаўна Бадунова. За гэты час у выніку правядзення пошукава-даследчай работы, краязнаўчых экспедыцый значна пашырылася колькасць экспанатаў і экспазіцый.
Сёння ў музеі можна наведаць экскурсіі па наступных тэмах: “Абарона Магілёва”, “Дзейнасць падпольшчыкаў горада”, “Партызанскі рух на Магілёўшчыне”, “Вызваленне Магілёва”, “У памяці народнай”, “Музей баявой славы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 32 Магілёва”. У музеі таксама можна ўбачыць ліст М.П.Раманавай, карту “Вялікая Айчынная вайна
ў 1941—1945 гг.”, акупацыйныя грошы, зямлю з Мамаева Кургана.
Асаблівае месца ў рабоце музея займае навукова-даследчая дзейнасць вучняў, якія прыходзяць на заняткі ў школьны музей. У мінулым навучальным годзе адной з тэм, якую вывучалі школьнікі, — становішча Магілёўскага металургічнага завода ў час вайны. Дар’я Францікава і Аляксей Галушкоў напісалі работу “ММЗ у час Валікай Айчыннай вайны: лёс невядомых рукапісаў”. Нягледзячы на тое, што Дар’я і Аляксей былі вучнямі толькі 6-га класа, вынікі іх даследванняў мелі важнае значэнне. ААТ “Магілёўскі металургічны завод” даслаў вучням і іх настаўніку падзяку. На раённым конкурсе даследчых работ Дар’я і Аляксей атрымалі дыплом III ступені, а на абласным — заахвочвальны дыплом. Сёлета Дар’я Францікава і Кірыл Грышкін напісалі даследчую работу на тэму “Лісты Перамогі — лісты з вайны”. Вучні ўжо былі адзначаны дыпломам
III ступені на раённым этапе конкурсу даследчых работ. А яшчэ Дар’я і Кірыл атрымалі добры водзыў на сваю работу ў Акцябрскай раённай ветэранскай арганізацыі. Зараз іх работа накіравана на абласны этап конкурсу.
Школьны музей баявой славы дзейнічае дзеля захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, а таксама пашырэння ведаў аб родным краі. Усё гэта дазваляе вучням самім дакрануцца да гісторыі, а значыць, садзейнічае фарміраванню асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Кацярына ЕЛІСЕЕНКА,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 32 Магілёва, кіраўнік школьнага музея.