Лепшы адпачынак — актыўны!

Няма лепшага спосабу выхавання, чым выхаванне сваім прыкладам. Каб нашы дзеці былі здаровыя, займаліся спортам і выбіралі для сябе здаровы лад жыцця, трэба, каб так рабілі і дарослыя. На абласным турыстычным злёце педагогаў і спартакіядзе сярод работнікаў аддзелаў адукацыі можна было ўпэўніцца, што на Міншчыне ёсць з каго браць прыклад.

44(сайтНа абласны злёт педагогі—аматары турыстычных прыгод сабраліся каля вёскі Жорнаўкі Бярэзінскага раёна. На працягу трох дзён 20 каманд высвятлялі, у якім жа раёне Міншчыны жывуць найлепшыя турысты. Каб перамагчы, трэба быць не толькі спартыўнымі, але і крэатыўнымі. Спартыўная праграма ўключала камандныя спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму на доўгай і кароткай дыстанцыях, спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні. Удзельнікам трэба было ў лесе знайсці пазначанае на карце месца, дзе іх чакалі розныя выпрабаванні. Напрыклад, узняцца і спусціцца па крутым схіле, выкарыстоўваючы спецыяльныя турысцка-альпінісцкія прылады, перабрацца праз яр па навясной пераправе, перайсці балота па купінах.
Ну і які ж турпаход без песень ля вогнішча? Конкурс песні, турыстычных газет і побыту таксама ўваходзілі ў праграму мерапрыемства. Каманды ўразілі журы сваёй фантазіяй і ўменнямі наладжваць побыт у паходных умовах. Напрыклад, смалявіцкая каманда пабудавала ў сваім лагеры сапраўдную паходную лазню, а пухавіцкія турысты па-святочнаму ўпрыгожылі гірляндамі елкі каля сваіх палатак. Ацэньваць музычны конкурс журы таксама было нялёгка, бо ўсе ўдзельнікі падрыхтавалі не проста песні, а сапраўдныя міні-канцэрты.
Лепшымі былі педагогі-турысты Слуцкага раёна.
— Гэта ўжо 13-я запар наша перамога, — расказвае капітан каманды Дзмітрый Краўчанка, педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра турызму. — Людзі ў камандзе мяняюцца, але галоўнае застаецца — дружны калектыў, дух адзінства. Мы заўсёды стараемся акумуляваць усе сілы, каб максімальна добра выступіць на кожным этапе спаборніцтва. Перамагчы было не так лёгка, бо ўзровень падрыхтоўкі каманд сёлета быў вельмі высокі, а жаданне і імкненне перамагчы — яшчэ большае.
Калі настаўнікі — прыклад для сваіх навучэнцаў, то хто ж натхняе саміх педагогаў? Іх кіраўнікі! Яны ўдзельнічалі ў спартакіядзе сярод работнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў Мінскай вобласці.
Спартакіяда праходзіла на Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка”, што ў Валожынскім раёне. 23 каманды па 5 чалавек у кожнай праходзілі праз розныя спартыўныя выпрабаванні. Добрыя вынікі ўдзелу ў спаборніцтвах па дартсе, настольным тэнісе, паркавым валейболе, скоках праз скакалку, фігурным ваджэнні веласіпеда, набіванні футбольнага мяча, кідках у баскетбольнае кальцо прыносілі балы ў скарбонку каманды. Найбольш поўнай баламі аказалася скарбонка каманды Нясвіжскага раёна, якая стала пераможцай. Па выніках спартакіяды было вырашана аформіць кнігу рэкордаў, у якой абавязкова будзе адзначаны, напрыклад, вынік Віктара Малаша з Любані па набіванні футбольнага мяча — 166 разоў; рэкорд прадстаўніка Чэрвеньскага раёна Паўла Ярашэвіча ў скоках праз скакалку за 30 секунд — 105 разоў і яшчэ шмат іншых спартыўных дасягненняў.
Цяпер для ўдзельнікаў спартыўнага мерапрыемства надышоў час ставіць новыя рэкорды — прафесіянальныя.
— Ад спартакіяды мы атрымалі задавальненне і зарад энергіі. Цяпер хочацца гэтую энергію рэалізаваць у рабоце, — расказвае Яўген Булойчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярэзінскага райвыканкама. — Такія сустрэчы — гэта быццам адразу і семінар, і нарада, але нефармальныя. Усе ўдзельнікі спартакіяды пазнаёміліся бліжэй, цяпер нам будзе лягчэй узаемадзейнічаць у штодзённым жыцці, а значыць, мы зможам працаваць больш эфектыўна.
Удзельнікі спаборніцтваў прызналіся, што з задавальненнем змянілі строгі рабочы касцюм на спартыўны, што часам сустрэчы на турыстычнай сцежцы і каля вогнішча не менш карысныя, чым сустрэчы ў кабінеце ці зале пасяджэнняў, а таксама аднагалосна адзначылі, што лепшы адпачынак — актыўны!

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі ГОЛУБЕВАЙ.