Ландшафтны дызайн у этнастылі

Вы калі-небудзь былі ў “Дудутках”? А я не. Усё ніяк не даеду, хаця, можа, гэта і да лепшага, таму што, калі бачыш нейкую аналогію, хочаш не хочаш, а штосьці скапіруеш. А так хочацца зрабіць сваё, арыгінальнае, і ў той жа час вельмі карыснае для адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Паколькі буйныя кампазіцыі школе не асіліць, мы ствараем іх у мініяцюры. Кампазіцыі маюць гістарычны характар. Акрамя таго, побач з гэтымі кампазіцыямі высаджаны цэлыя кветкавыя ансамблі.

Хто вырасціў у сваім жыцці хаця б адну кветачку, разумее, наколькі нялёгкі гэта занятак. Удвая складаней стварыць малую архітэктурную кампазіцыю і падабраць да яе адпаведны склад дэкаратыўных раслін. Калі вам цікава наша ідэя ўзнаўлення народных традыцый і рамёстваў праз ландшафтны дызайн, далучайцеся! Разам любая работа ідзе спарней. Не выязджаючы са сталіцы, заязджайце ў нашы маленькія “Дудуткі”!
З народнай архітэктурай і побытам беларусаў ХІІІ стагоддзя можна пазнаёміцца на прыкладзе малой кампазіцыі “Вёсачка мая”. Як вядома, побач з замкам (як правіла, на беразе ракі) сяліліся сяляне, рамеснікі. Вось як выглядаў сялянскі падворак… Драўляны з бярвення дом, які пабудаваны без адзінага цвіка, быў накрыты саломай. Вокны вельмі маленькія, замест шкла нацягваўся на вокны мачавы пузыр жывёл. У доме была печ, дзе гатавалі ежу, але трубы, праз якую выходзіў дым, не было, адпаведна, дым выходзіў праз акно. Побач з домам невялікі агародчык — беларусам характэрна гаспадарлівасць. На доме сушылі на зіму часнок і іншую гародніну. На падворку можна ўбачыць свойскую птушку, сабаку, карову (прычым у каровы масць чырвоная, раней чорна-белай масці кароў не было). Калодзеж-“журавель” зроблены таксама з дрэва. Звяртае на сябе ўвагу і агароджа — пляцень. Плялі яго з арэшніку, вярбы, тых драўняных парод, якія ў сырым выглядзе лёгка гнуліся. А каля лаўкі хтосьці пакінуў свае рэчы. Ваенны чамадан і дамскі рыдыкюль. Пасля работы, увечары, на гэтай лаўцы збіралася моладзь, спавяла прыпеўкі, расказвала вясёлыя небыліцы. Гэтыя рэчы, хутчэй за ўсё, належаць маладой пары. Арыгінальную форму рыдыкюля сучасным дызайнерам трэба ўзяць на заметку. Побач з домам у кожнага селяніна было пару сотак зямлі, дзе ён вырошчваў усё, што неабходна для сваёй сям’і.
А зараз вернемся ў сучаснасць. Побач з гарадской школай не сустрэнеш градак з агароднінай. Выключэннем з’яўляецца сярэдняя школа № 126 Мінска. У мінулым годзе на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі мы паказалі таматы, вырашчаныя на градках пад вокнамі школы Настассяй Андрэенка, навучэнкай 9 “Б” класа. (Тэма работы — “Біялагічныя спосабы барацьбы з фітафторай пры вырошчванні таматаў”.) І нам не паверылі, што таматы выраслі побач са школай. Адна маленькая градка, а на ёй можна вырасціць так многа культур. У гэтым годзе вырасла павойная фасоля, кабачкі, таматы. На зіму пасеялі жыта. Спонсарамі насення жыта былі бацькі нашых навучэнцаў — сям’я Рагацэвіч. Што з таго, што мы пасеялі, вырасце, невядома, таму што ў горадзе вельмі многа сінантропных птушак: галак, варон, галубоў. Як толькі мы пасеялі жыта, адразу ўсе птушкі горада зляцеліся на наша поле. Канечне, вырасціць столькі агародніны на школьнай градцы, каб забяспечыць школьную сталовую, немагчыма. Важней, каб кожную культуру школьнік мог убачыць не на малюнку, не на прылаўку магазіна, а на ўчастку побач са школай. А яшчэ лепш — паспрабаваць вырасціць сваімі рукамі. Хіба гэта не выхоўвае падрастаючае пакаленне?
Ідэя стварыць кампазіцыю “Замак” узнікла ў нас пасля таго, як мы прачыталі гістарычныя матэрыялы пра Мінскае замчышча. Магутнае ўмацаванне ўзвышалася ў раёне цяперашняй станцыі метро “Няміга”.
Мінскі замак быў пабудаваны на правым беразе Свіслачы (рака Свіслач паказана ў малой кампазіцыі з дапамогай валуноў і засухаўстойлівых раслін, таму што пад дрэвам менавіта такія расліны добра сябе адчуваюць). Аснову замка складаюць тры вежы. Кожная вежа мае сваё прызначэнне: у адной — з вялікім замком — захоўвалася зброя, у другой — капліцы — жылі людзі, а ў трэцяй — са званом — жыхары замка маліліся. Вежы злучаны паміж сабой абарончым валам. У сярэдзіну вала ўманціраваны пластмасавыя бутэлькі, запоўненыя грунтам, у якім пасаджаны кветкі. Асаблівае значэнне ў абароне горада надавалася ўязным варотам, або браме. Прарыў праз вароты непрыяцеля прадвызначаў лёс горада.Побач з замкам размешчана скульптура — арол на дрэве (арол сімвалізуе паляванне князёў). Арол выкананы рукамі школьнікаў (тэхніка — разьба па дрэве). На гэтай кампазіцыі можна размяшчаць кашпо з кветкамі.
Па брусчатцы адразу трапляеш на назіральную вежу. На самым версе вежы вялікая колькасць байніц, з якіх зручна назіраць за праціўнікам. А мы байніцы выкарыстоўваем замест кветачніц і пергал, дзе растуць нізкарослыя расходнікі.
А зараз запрашаю паглядзець наступную кампазіцыю. Як можна вырашыць пытанне азелянення з дапамогай тэхнікі тапіярый? Тапіярый называюць “еўрапейскім дрэвам”, або “дрэвам шчасця”, — звычайнае ўпрыгажэнне інтэр’ера ў еўрапейскай фларыстыцы. Гэта вельмі арыгінальная кампазіцыя, якая заўсёды звяртае на сябе ўвагу. Яркасць і арыгінальнасць дасягаюцца за кошт формы. Стварыць свой школьны тапіярый прапанавалі навучэнцы ў конкурсе на лепшы праект школьнага двара. Гэтую ідэю падхапілі выпускнікі 2015 года. І вось першая ластаўка. Тут можна ўбачыць скульптуру з цэменту “Лебедзь”, а побач — куст самшыта, з якога ў будучым шляхам стрыжкі вырасце амаль такі ж вечназялёны лебедзь. Выпускнікі школы будуць кожны год папаўняць гэтую калекцыю чарговай скульптурай. Вы спытаеце, а чаму аб’ектам вывучэння вы выбралі менавіта лебедзя? Здагадацца няцяжка: у межах Мінска размясціўся сапраўдны аазіс прыроднай расліннасці і жывёльнага свету — рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лябяжы”. Гэты куток аблюбавалі некаторыя ахоўныя віды птушак: драч, бугай малы, чайка малая, жаваранак чубаты і інш. А ахоўнай птушкай, дзеля якой гэты запаведнік заснаваны, быў лебедзь-шыпун. Значыць, у перспектыве гэтая клумба — увасабленне прыродаахоўнай асветніцкай работы.
Усе ў дзяцінстве чытаюць казкі. Вось і прыйшла ідэя стварыць паляну беларускіх казак. Спыняючыся побач з кожным персанажам, дарослыя будуць расказваць мудрыя народныя беларускія казкі. Для таго каб іх было зручна слухаць, у цені дрэў пастаўлены плеценыя лаўкі. Якія кветкавыя кампазіцыі будуць высаджаны побач з казачымі персанажамі, вырашым калектыўна. Магчыма, як і ў мінулым годзе, будзе аб’яўлены конкурс на лепшы дызайн прышкольнай тэрыторыі. Традыцыю пакідаць кожнаму выпуску свой тапіярый прапанавала навучэнка школы Яўгенія Герман. Тое, што прапаноўваюць навучэнцы, увасабляецца ў жыццё з большай цікавасцю. Алена Гразнова пачала пісаць сцэнарыі экскурсій па прышкольнай тэрыторыі навучальнай установы для малодшых школьнікаў. У гэтым годзе яна правяла экскурсіі для першакласнікаў.
Выхавальнік групы прадоўжанага дня Ірына Іосіфаўна Кароль імправізавала “дойку каровы”, а потым частавала дзяцей сырадоем. Дзеці былі проста ў захапленні. Ірына Уладзіміраўна Мілаш далучыла да экскурсій і бацькоў навучэнцаў.
Калі я стварала першую малую архітэктурную кампазіцыю, некаторыя назіральнікі са спачуваннем гаварылі: “Усё роўна ўсё паламаюць! Няма чаго будаваць”. Мінула ўжо чатыры гады з таго часу, як я пачала ўвасабляць ідэю стварэння ландшафтнага дызайну прышкольнай тэрыторыі ў этнастылі. Кожны год дабаўляю да ўжо створаных кампазіцый штосьці новае. Штосьці трэба папраўляць, падсаджваць, рамантаваць, мяняць. Але ўсё гэта толькі таму, што абыякавых сярод гледачоў няма. Кожнаму, хто праходзіць міма, хочацца хаця б трошкі дакрануцца да незвычанай прыгажосці. Выпускнікі фатаграфуюцца для выпускнога альбома, а першакласнікі — у свой першы школьны дзень. Аднойчы наш школьны двор, а менавіта нашы маленькія кампазіцыі наведалі госці з Германіі. Яны гаварылі, што такую міленькую карцінку, столькі кветак побач са школай яны бачылі ўпершыню. Прыемна было гэта чуць!
Калі летам бачыш вынік сваёй работы — шыкоўныя кветкавыя клумбы, адразу пачынаеш думаць пра тое, якое насенне трэба сабраць, каб у наступным годзе клумбы былі яшчэ больш шыкоўныя. Хочацца, каб з пасіўных назіральнікаў навучэнцы ператвараліся ў стваральнікаў і творцаў. Навучэнцы 8 і 9 класаў дапамагаюць выконваць усе сельгасработы. Я нават не ўяўляю, што б я без іх рабіла: яны і ўскапаюць, і пасеюць, і ў суботу прыйдуць папрацаваць, калі трэба. Я думаю, што, гледзячы на іх, малышы таксама будуць пазітыўна адносіцца да працы на зямлі.
Сардэчна запрашаем у сярэднюю школу № 126, дзе вас чакаюць малыя архітэктурныя кампазіцыі ў спалучэнні з кветкавымі ансамблямі, знаёмства са старажытнымі народнымі рамёствамі і сельскагаспадарчымі культурамі, старадаўнімі прадметамі побыту і народных прафесій.

Ірына НОВІК,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 126 Мінска.