Лагіст, тытэстар, пастыжор… А што выбіраеш ты?

Адным з найважнейшых кірункаў у дзейнасці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце з’яўляецца арганізацыя работы ўсяго педагагічнага калектыву і асабліва класных кіраўнікоў па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Жыццё паказвае, што ў выпадку правільнага выбару маладым чалавекам прафесіі грамадства атрымлівае не толькі актыўнага мэтанакіраванага спецыяліста, але, галоўнае, — асобу, задаволеную работай, з шырокімі магчымасцямі для самарэалізацыі.

Вылучаюць тры асноўныя этапы прафесійнай арыентацыі навучэнцаў: прафесійная адукацыя, прафесійная дыягностыка, прафесійная кансультацыя. І калі прафесійная дыягностыка і кансультацыя найбольш звязаны з дзейнасцю школьнага псіхолага, то работа па пытанні прафесійнай адукацыі навучэнцаў — задача класных кіраўнікоў.
Падчас Тыдня прафарыентацыі ў нашай установе адукацыі мы ў першую чаргу рабілі стаўку на азнаямленне школьнікаў з рознымі відамі работы. Расказвалі пра тэндэнцыі развіцця тых ці іншых прафесій, пра іх запатрабаванасць у краіне ў цэлым і канкрэтна ў нашым рэгіёне.
Адкрытыя класныя гадзіны, што прайшлі ў 1—11 класах, былі падрыхтаваны не толькі для таго, каб расказаць аб свеце прафесій. Яны сталі паказчыкам высокага ўзроўню кваліфікацыі нашых настаўнікаў, школай прафесійнага майстэрства для маладых спецыялістаў.
Тэматыка класных гадзін была вельмі разнастайнай: “Кім быць?” (1, 2, 4 класы), “Нашы прафесіі” (3 клас), “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя” (5 клас), “Адгадай прафесію” (7 клас), “Свет прафесій” (11 клас) і інш.
Нетрадыцыйны ўрок правялі ў 1, 2 і 4 класах класныя кіраўнікі М.У.Клімава, В.М.Чарнякова, В.У.Дзюко. Нягледзячы на тое, што ў адным вучэбным кабінеце сабраліся тры класы, заняткі прайшлі зладжана. Дзеці называлі прафесіі на ўсе літары алфавіта, тлумачылі значэнне прымавак аб працы, чыталі вершы і нават выканалі песню аб выбары прафесіі. Акрамя гэтага, першакласнікі, удзельнікі конкурсу “Чарадзейная скрыня” бралі са скрыні розныя прадметы і па іх павінны былі вызначыць род дзейнасці чалавека. У канцы ўрока ўсе дзеці без выключэння загадалі, кім яны жадаюць стаць, калі вырастуць, а лісток з запаветным жаданнем прымацавалі на чарадзейнае дрэва. Цікава, што выбар малодшых школьнікаў быў непрадказальны і здзівіў нават настаўнікаў. Найбольш папулярнымі аказаліся такія распаўсюджаныя спецыяльнасці, як настаўнік, міліцыянер, доктар, аднак некаторыя дзеці жадалі стаць спевакамі, лётчыкамі, праграмістамі, гоншчыкамі і нават… кінолагамі.
Трэцякласнікі разам са сваім класным кіраўніком вопытнай настаўніцай С.І.Аўрамавай на віртуальным аўтамабілі падарожнічалі па прафесіях. Урок, дарэчы, называўся “Нашы прафесіі”. Дапамагалі ім у гэтым казачныя персанажы Знайка і Нязнайка, ролю якіх выканалі таленавітыя і здольныя навучэнкі 7 класа Алена Бараноўская і Хрысціна Клімава. Прыемна, што Святлана Іванаўна не губляе сувязі са сваімі былымі вучнямі. Нярэдка на класных гадзінах і ранішніках гэтай настаўніцы старэйшыя школьнікі альбо з’яўляюцца вядучымі, альбо выступаюць у ролі разнастайных персанажаў. На ўроку адбылося знаёмства толькі з 4 прафесіямі, вельмі запатрабаванымі ў нашым рэгіёне: кухар, цырульнік, земляроб, жывёлавод. Заняткі прайшлі з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі. Дзеці выбіралі на слайдах прадметы, патрэбныя і непатрэбныя ў гэтых спецыяльнасцях, адгадвалі загадкі, малявалі прычоскі і г.д.
Дзве творчыя групы даследавалі свет прафесій на ўроку ў пятым класе. Творчы педагог С.М.Зяцькова расказала сваім выхаванцам, як узніклі прафесіі, як тлумачыцца тэрмін “прафесія” ў слоўніку. Да ўрока была аформлена выстава літаратуры, якая можа дапамагчы ў выбары спецыяльнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнавалі прафесіі па словазлучэннях і прадметах, чыталі вершы, спрабавалі вызначыць па пантаміме, кім працуе чалавек.
Як адно імгненне праляцелі 45 хвілін урока ў сёмым класе. З найбольш цікавых момантаў можна вылучыць адгадванне навучэнцамі прафесій знакамітых людзей (Андрэя Міронава, Антона Чэхава, Юрыя Гагарына, Сальвадора Далі і іншых) па іх фотаздымках, адгадванне прафесій па музычнай кампазіцыі. Класны кіраўнік з вялікім педагагічным стажам В.У.Фёдарава падрыхтавала відэапрэзентацыю рэдкіх прафесій, такіх як гутнік, спелеолаг, гарбар і інш.
Малады спецыяліст і пачынаючы класны кіраўнік А.А.Салкоўская ў 11 класе, дзе ўжо востра стаіць праблема прафесійнага выбару, правяла гутарку аб неабходнасці ўзважанага і прадуманага рашэння, якой спецыяльнасці аддаць перавагу, каб яна была па душы, запатрабавана ў сучасным жыцці і прыносіла нядрэнны матэрыяльны даход. Выпускнікі таксама атрымалі інфармацыю аб модных і рэдкіх спецыяльнасцях, такіх як лагіст, мерчандайзер, тытэстар (чайны самелье), пастыжор (спецыяліст па вырабе парыкоў).
Як бачна, формы ўрокаў і педагагічныя прыёмы, выкарыстаныя нашымі настаўнікамі на ўроках дзеля прафесійнай адукацыі навучэнцаў, вельмі цікавыя і разнастайныя. Спланаваная, прадуманая работа ўстановы па прафарыентацыі навучэнцаў дазваляе выпускнікам зрабіць правільны выбар. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе з дзесяці нашых выпускнікоў палова паступіла ва ўстановы вышэйшай адукацыі на запатрабаваныя ў грамадстве спецыяльнасці: “Дашкольнае выхаванне”, “Тэхнолаг харчовай прадукцыі”. Астатнія пайшлі ў ССНУ, выбраўшы прафесію медыцынскай сястры.
Адміністрацыі і педкалектыву нашага вучэбна-педагагічнага комплексу вельмі прыемна было атрымаць падзячны ліст ад рэктарата Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта за высокі ўзровень падрыхтоўкі трох нашых навучэнцаў — выпускнікоў 2012/2013 года Сяргея Цітова, Яўгена Сцяпанава, Лізаветы Сушчынскай.

 

Жанна УСЦІНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гарбавіцкага вучэбна-педагагічна комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Чавускага раёна.