Лагапедычная работа як цікавы працэс

У пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі настаўнік-дэфектолаг сёння працуе з дзецьмі, якія маюць не толькі лёгкія парушэнні маўлення. Часта сюды прыходзяць дзеці са сцёртай дызартрыяй, з парушэннямі фанематычнага слыху, складовай структуры слова. Сустракаюцца і дзеці з сіндромам дэфіцыту ўвагі, якія маюць маўленчыя праблемы. У некаторых назіраюцца спадарожныя і другасныя адхіленні: адмоўныя асобасныя праяўленні, парушэнні эмацыянальна-валявой сферы (павышаная ўзбудлівасць, растарможанасць, сензітыўнасць, замкнутаць, негатывізм і інш.). Нярэдка сустракаюцца расстройствы ўвагі і мэтанакіраванага ўспрымання, а таксама зніжэнне агульнай працаздольнасці.

Аўтаматызацыя гукаў — адзін з самых стомных этапаў карэкцыйнага працэсу, вынік якога часам складана спрагназаваць. Асабліва складана гэты працэс праходзіць пры такіх цяжкіх парушэннях маўлення, як рыналалія, дызартрыя, заіканне. Для прыцягнення дзяцей да актыўнага ўдзелу ў карэкцыйных лагапедычных занятках варта выкарыстоўваць гульнявыя прыёмы, камбінаваць формы работы, мяняць дыдактычны матэрыял. Самы адказны момант — аўтаматызаваць толькі што пастаўлены гук. Яго вымаўленне вельмі няўстойлівае: дзіця вымаўляе новы гук то правільна, то са скажэннем. На гэтым этапе работы добра выкарыстоўваць дапаможнік з гульнявым полем у выглядзе спіралі, лабірынта, складанага ўзору, па якім можна весці пальчыкам і вымаўляць патрэбны гук.


Для аўтаматызацыі гука [ж] гульнявое поле можа быць у выглядзе кветак, па якім лятае пчолка, збіраючы мёд; для гука [л] — выява аблокаў, злучаных паміж сабой спіральнай лініяй, і самалёта ў кутку гульнявога поля; для гука [р] — выява машыны і гаража на супрацьлеглых канцах гэтага лабірынта. На гульнявым полі дзіця можа дзейнічаць з дробнай цацкай з кіндар-сюрпрыза: жук, лятаючы ад кветачкі да кветачкі, гудзіць; караблік плыве па намаляваным моры, падаючы гудок: “Л-л-л”; вавёрачка, скачучы па намаляваных дрэвах, цокае: “Ц-ц-ц”.

Пры аўтаматызацыі гука ў складах можна выкарыстоўваць заданне на развіццё дробнай маторыкі, графічных навыкаў, пачуцця рытму ў дзяцей. Дзіця прамаўляе склад з гукам, які аўтаматызуецца, націскаючы пальчыкам на кнопачку. Колькі кнопачак — столькі паўтораў. Дзіця намотвае стужачку, вяровачку, шнурочак на пальчык, прагаворваючы склады і чыстагаворкі. Дзеці малююць плоцік (вертыкальныя палачкі) з адначасовым прагаворваннем складоў. Дзіця перабірае ружанец (буйныя пацеркі, пластмасавыя пацеркі, нанізаныя на лёску), прагаворваючы маўленчы матэрыял; прагаворвае склад столькі разоў, колькі паказвае стрэлка гадзінніка. Дзеці з задавальненнем спяваюць склады, націскаючы на клавішы цацачнага піяніна: “Ла-ло-лу-лы”. Дапаможнік “Лесвічка” ўдала выкарыстоўваецца пры аўтаматызацыі свісцячых гукаў. Пальчыкамі ходзім па лесвічках і спяваем патрэбныя склады. У гульні “Песенька” дзіця спявае гукавую мелодыю, выкарыстоўваючы замест слоў склады з гукам, які адпрацоўваецца. Можна выкарыстоўваць разнастайныя рашоткі для мыцця з мэтай пальчыкавай гімнастыкі (крочачы па клетачках, па кружочках) і прагаворваючы склады. У час вымаўлення складоў дзеці перакладаюць з рук у рукі, пракочваюць мячык з шыпамі ў вароты. Калі ёсць метраном, то дзіця можа прагаворваць складовыя рады ла-ло-лу-лы і кла-кло-клу-клы пад зададзены лагапедам рытм метранома. Перадача рытму, рытмічнага малюнка слова вельмі важна пры заіканні, дызартрыі, пры любых парушэннях складовай структуры слова. З гэтай мэтай можна прапанаваць дзецям перадаваць простыя і складаныя рытмічныя малюнкі. Выкарыстоўваюцца зрокавыя мадэлі для перадачы пэўнага рытмічнага малюнка: //-///, ///-//, /-///, ///-/.


Вельмі зручна выкарыстоўваць заламініраванае гульнявое поле (змясціць у файл). На такім гульнявым полі можна маляваць маркерам, фламастарам на воднай аснове. Так, пасля кожнага вымаўленага складу з гукам [ж] дзіця падмалёўвае вожыку калючкі; малюе дожджык (кап-кап-кап), які ідзе з хмаркі; падмалёўвае кропелькі з крана самавара, вымаўляючы склады з гукам [ч], а падмалёўваючы нітачкі да паветраных шарыкаў, адпрацоўвае склады з гукам [ш].

На наступным этапе, калі з’яўляецца магчымасць замацоўваць новы гук у слове (у розных пазіцыях), рэкамендуецца выкарыстоўваць кардонна-друкаваныя гульні ўласнага вырабу. На адваротным баку сілуэтных выяў моркваў, грыбочкаў, матылькоў, вожыкаў, рыбак, бочачак, шарыкаў, клубкоў, жаб, шышак малюю або наклейваю прадметныя карцінкі з пэўным гукам. Паводле правіл гульні, неабходна перавярнуць сілуэтную выяву і выразна вымавіць слова. Гульні-спаборніцтвы дазваляюць уключаць у гульню 2—4 дзіцяці, павышаць іх цікавасць да маўленчай дзейнасці.

Дзякуючы гульнявым прыёмам, сур’ёзная лагапедычная работа па аўтаматызацыі гукаў ператварецца ў цікавы працэс.

Ірына ЖАРЧАНКА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 45 Магілёва.