Крыніца радасці і шчасця

У сучасным грамадстве запатрабаваны творчыя асобы з нестандартным поглядам на вырашэнне розных праблем. Таму ўзнікаюць новыя прафесіі, звязаныя з творчасцю: дызайнер, праграміст, мадэльер і іншыя.

У школе выкладаюцца прадметы, якія знаёмяць вучняў з рознымі відамі творчасці. Развіваць творчыя здольнасці дзяцей пачынаю з першых школьных дзён на асабістым прыкладзе. Па-першае, нестандартна афармляю класны куток у выглядзе эпізоду з любімага дзіцячага мультфільма “Маша і Мядзведзь” і куток “Пачытайка”, дзе за прачытаную кнігу дзеці атрымліваюць папяровую моркву і “садзяць” яе ў агарод Машы. Па-другое, пры падрыхтоўцы свят удзяляю вялікую ўвагу афармленню памяшкання і з’яўляюся актыўным удзельнікам гэтых свят. Па-трэцяе, прымаю актыўны ўдзел у розных конкурсах.Развіццё мастацкіх здольнасцей малодшых школьнікаў адбываецца на ўроках малявання. Акрамя традыцыйных тэхнік малявання, актыўна выкарыстоўваю і нестандартныя: маляванне з соллю, бульбяныя штампы, спалучэнне акварэлі і манных круп з клеем ПВА, маляванне з кляксы, маляванне на шкле гуашшу з мылам з перанясеннем малюнка на паперу, маляванне па сырой паперы, маляванне далоні “Настрой” і афармленне дзіцячых работ у адну пад назвай “Сонейка”.
Заняткі творчасцю дапамагаюць развіваць мастацкі густ і логіку, спрыяюць фарміраванню прасторавага ўяўлення. Падчас работы з рознымі матэрыяламі дзеці ствараюць карысныя і эстэтычна значныя прадметы і вырабы для ўпрыгажэння інтэр’ера. Так, з простай бутэлькі і салёнага цеста вучні з вялікім захапленнем ствараюць вазы, з вядзёрцаў, салёнага цеста і з дапамогай тэхнікі дэкупаж — домікі для кветак, рыхтуюць падарункі для мам у тэхніцы вышывання атласнымі стужкамі. Большая частка работ афармляецца ў калектыўнае пано, якое ўпрыгожвае класны куток “Наша творчасць”. Сярод іх — калектыўнае пано “Марское дно”, створанае ў тэхніцы парванай паперы.
Сучасныя дзеці чакаюць ад настаўнікаў новых нестандартных відаў работы з паперай, тканінай і іншымі матэрыяламі. На ўроках працоўнага навучання і ў пазакласнай дзейнасці выкарыстоўваю пляценне з газетных трубачак, якое вельмі нагадвае саломапляценне. Самае складанае ў гэтай рабоце — нарыхтоўка трубачак. Але ўжо ў 3—4 класах дзеці лёгка спраўляюцца з гэтай задачай. У названай тэхніцы была створана калектыўная работа “Вянкі”, якая выкарыстоўваецца на святах і падчас выступленняў танцавальнага гуртка.
Тэатральная творчая дзейнасць дапамагае пераадолець розныя псіхалагічныя бар’еры, авалодаць пластыкай рухаў, сфарміраваць прыгожую паставу, паставіць голас і дыкцыю. З першых школьных дзён дзеці ўдзельнічаюць у інсцэніроўках казак і літаратурных твораў, святах “Развітанне з Букваром”, “Дзень імянінніка”, “8 Сакавіка”, “Любімыя цацкі” і інш. Вялікую ролю ў фарміраванні творчых здольнасцей школьнікаў адыгрывае ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Так, даследчая работа “Лялечны тэатр “Батлейка” заняла на ёй прызавое месца. Лізавета Казадой стварыла скрынку-тэатр і лялькі, зацікавіўшы сваёй работай усіх вучняў пачатковых класаў. А пастаноўка тэатра ўразіла гледачоў, заінтрыгаваўшы іх сваёй таямнічасцю.
У любой творчай дзейнасці максімальна праяўляецца асоба дзіцяці. Пры паглыбленнні ў калектыўны творчы працэс вучні атрымліваюць вопыт і навыкі супрацоўніцтва і пазітыўнага партнёрства, калектыўнага ўзаемадзеяння. Такія навыкі фарміруюцца і на занятках танцавальнага гуртка, кіраўніком якога я з’яўляюся. Даю дзецям прастору для творчасці шляхам выканання розных заданняў: “Рухі розных жывёл”, “Танец-настрой”, “Танец сябровак”, “Танцы казачных герояў” і “Скажы рухамі”. Праз 3 гады работы дзеці становяцца актыўнымі памочнікамі ў падборы рухаў да танцавальных нумароў і стварэнні касцюмаў для выступленняў. Вельмі палюбіліся школьнікам танцы “Малінкі”, “Мыццё”, “Мар”, “Кветкі” і “Чабатуха”.
Ад таго, наколькі свядома, творча, з жаданнем будуць вучыцца дзеці ў пачатковай школе, залежыць у далейшым самастойнасць іх мыслення, уменне звязваць тэарэтычны матэрыял з практычнай дзейнасцю. Імкнуся насычаць урокі заданнямі творчага характару. Так, на ўроках літаратурнага чытання часта выкарыстоўваю заданне “Пісьменнік”, у якім па зададзеным пачатку дзеці складаюць тэкст; заданне “Рыфмоўшчыкі”, дзе дзеці падбіраюць да слоў рыфмы і складаюць вершы; заданне “Складзі загадку”, творчы пераказ ад імя героя, стварэнне кадраплана да тэксту і інш.На ўроках фізічнай культуры дзеці атрымліваюць творчыя дамашнія заданні. Напрыклад, прыдумаць ранішнюю гімнастыку з мячом, шырокай стужкай, любімай цацкай, аркушам паперы, скакалкай і інш. Любяць дзеці і падбіраць спартыўныя рухі для казачных персанажаў, жывёл, птушак, дрэў, ствараць гімнастыку для рухавых перапынкаў.Вялікую ўвагу ў пачатковых класах настаўнікі звяртаюць на асаблівасці ўзросту малодшых школьнікаў, старанна падбіраюць дыдактычныя гульні і практыкаванні для павышэння якасці навучання. Такія гульні спрыяюць развіццю здольнасці думаць нестандартна, творча. На ўроках матэматыкі з дапамогай кардонных вожыкаў і раздатачнага матэрыялу дзеці складаюць задачы, прыклады, няроўнасці, уяўляюць сябе футбалістамі і натуралістамі, рыхтуюць заданні для Кузі або выпраўляюць яго памылкі.
Творчая асоба здольна стварыць прыгажосць вакол сябе з самых простых прадметаў і бачыць гэтую прыгажосць. Так, на экскурсіях звяртаю ўвагу дзяцей на колеры і гукі прыроды, збіраю прыгожыя фотаздымкі і разглядаю іх разам з дзецьмі.
Творчасць пранізвае ўсе віды дзейнасці, павышаючы яе якасць. Творчасць — самы вялікі талент, якім прырода ўзнагародзіла чалавека на бясконца доўгім шляху яго развіцця, самая каштоўная крыніца радасці і шчасця.

Таццяна ЛІНКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Аснежыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.