Крыніца натхнення

Шмат у сучасным жыцці цікавага і незвычайнага, але ўсё больш рэдкай з’яўляецца сёння зацікаўленасць старонкамі нашай нацыянальнай спадчыны, культурай беларускага народа, вырабам дэкаратыўна-прыкладных прадметаў і рэчаў, якія існавалі на Беларусі шмат гадоў назад. Далучыць да ведаў аб беларускім прыкладным мастацтве, прывіць любоў, сфарміраваць жаданне атрымліваць навыкі і ўменні ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дазваляе дзейнасць студыі “Крыніца” і яе кіраўнік педагог дадатковай адукацыі Сяргей Іванавіч Азараў Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крыніца” была створана ў 1989 годзе. Асноўным напрамкам яе дзейнасці адразу стала дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Шматгадовая практыка і вопыт работы з рознымі матэрыяламі вызначылі асноўны з іх — гэта гліна, універсальны прыродны матэрыял, які выкарыстоўваецца ў многіх сферах жыцця са старажытнасці і да нашага часу.
Праграма студыі “Крыніца”, аўтарам-распрацоўшчыкам якой з’яўляецца С.І.Азараў, разлічана на 3 гады і пабудавана такім чынам, што навучэнцы знаёмяцца адразу з некалькімі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: мастацкай апрацоўкай дрэва і розных прыродных матэрыялаў, мастацкай керамікай, перагародачнымі эмалямі і ювелірнымі тэхналогіямі. Таксама ў праграме навучання частка часу адведзена на заняткі выяўленчым мастацтвам.За доўгія гады існавання студыі навыкі работы з рознымі матэрыяламі атрымалі сотні хлопцаў і дзяўчат. Некаторыя з іх вырашылі звязаць сваё далейшае жыццё з адпаведнымі дзейнасці студыі прафесіямі. Гэта Гоя Семірэнка, Аляксандр Мароз, Арцём Мароз, Настасся Балута, Глеб Кажадуб, Ягор Кажадуб, Настасся Кулецкая, Данііл Гілеў, Нэлі Сярдзюк, Вольга Гашчук.
Цяпер у студыі налічваюцца 90 навучэнцаў ад 7 да 16 гадоў. Зразумела, сярод іх ёсць розныя і па характары, і па прыродных здольнасцях, па сацыяльным становішчы і наяўнасці прагі да заняткаў творчасцю. Але з першых гадоў навучання педагог арыентуе ўсіх сваіх падапечных на тое, што ў кожнага ёсць магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і паказаць сваё ўменне добра выконваць практычныя і творчыя заданні. Для кожнага знаходзіць патрэбнае слова, патрэбны жэст, інтанацыю, каб звярнуць увагу ў першую чаргу на памылкі і даць неабходныя “каардынаты” для асабістага руху і творчага росту.
Часткай педагагічнай практыкі з’яўляюцца наведванні мастацкіх экспазіцый у Рэчыцкай мастацкай галерэі, якія спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў агульнай эстэтычнай культуры, мастацкага стылю і густу, вобразнага мыслення.
На працягу больш як дваццаці гадоў навучэнцы студыі “Крыніца” разам з педагогам прымаюць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах, выставачна-экспазіцыйнай і конкурснай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных выставах. Пад умелым кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча многія навучэнцы змаглі праявіць свае таленты, працавітасць, жаданне ствараць. Творчыя работы Глеба Кажадуба, Ягора Мінакова, Аляксея Краскоўскага, Дар’і Корж, Кацярыны Маркавец, Настассі Кулецкай, Марыі Стрыжак адзначаліся на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Студыя ўносіць важкі ўклад у фарміраванне фонду пазабюджэтных сродкаў цэнтра творчасці. Сяргей Іванавіч сур’ёзна ставіцца да работы з бацькамі, імкнецца зацікавіць іх адукацыйным працэсам і перспектывамі творчага росту іх дзяцей. У кабінеце, дзе праходзяць заняткі для навучэнцаў, ёсць усё неабходнае абсталяванне, муфельная печ, сфарміравана пастаянна дзеючая выстава работ навучэнцаў студыі. Бацькі маюць магчымасць бесперапынна назіраць за творчымі пошукамі і дасягненнямі сваіх дзяцей.
Імя кіраўніка студыі педагога дадатковай адукацыі Сяргея Іванавіча Азарава добра вядома ў рэчыцкім асяроддзі мясцовых умельцаў, штогод у пачатку навучальнага года да яго ў студыю гатовы запісацца дзясяткі дзяўчынак і хлопчыкаў. Пацвярджэннем таго, што педагог — прызнаны знаўца сваёй справы, з’яўляецца такі факт: яго кандыдатура часта ўключаецца ў склад журы конкурсаў, якія праводзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Сярод вялікай колькасці работ, створаных на занятках у студыі, шмат планавых, прадугледжаных праграмай, і тых, што прадыктаваны творчай думкай, фантазіяй саміх хлопчыкаў і дзяўчынак. Праз работу над імі дзецям адкрываецца цудоўны свет народных звычаяў, праяўляецца зацікаўленасць традыцыйнай народнай і сучаснай культурай. Вопыт работы Сяргея Іванавіча Азарава адкрывае шырокія магчымасці для вырашэння задач эстэтычнага выхавання і развіцця нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў.

Наталля КАЛАЦЭЙ,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці
Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.