Крылатая вясна

У студзені гэтага года навучэнцы сярэдняй школы № 2 Чавус, якія з’яўляюцца членамі школьнага лясніцтва “Лясныя рабінзоны”, уступілі ў клуб “Крылаты дазор”.

Юных даследчыкаў непакоіў той факт, што сучасная відавая разнастайнасць нашых лясоў і вадаёмаў мала вывучана. Для таго каб лепш пазнаць прыроду роднага краю і прыцянуць як мага больш людзей да актыўнай яе аховы, клуб рэгулярна атрымлівае неабходныя матэрыялы (інфармацыйныя буклеты, тэматычныя плакаты, паштоўкі і многае іншае) ад Рэспубліканскага цэнтра ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), а таксама ўдзельнічае ў акцыях арганізацыі і праводзіць мноства цікавых мерапрыемстваў.
Напярэдадні Міжнароднага дня птушак навучэнцы 5—8 класаў школы арганізавалі паход “Птушкі роднага краю” ў рамках кампаніі “Жывая вясна”. Падчас мерапрыемства дзеці навучыліся быць назіральнымі, успрымаць прыгажосць прыроды, пазнаваць віды птушак і жывёл, правільна паводзіць сябе ў лесе.
Паўдзельнічаць у праекце “Жывая вясна” могуць не толькі навучэнцы школ, але і ўсе неабыякавыя да прыроды беларусы. Трэба назіраць за пэўнымі птушкамі і рэгістраваць даныя ў базе праекта. У наглядальнай кампаніі ўдзельнічаюць 35 еўрапейскіх краін і ПАР, а па выніках праекта будзе складзена падрабязная карта пра ход вясны ў розных рэгіёнах. Завяршыцца кампанія 21 чэрвеня.
Акрамя назіранняў за птушкамі, навучэнцы нашай школы праводзяць мноства цікавых спаборніцтваў, экалагічных гульняў. Напрыклад, у 3—4 класах праходзіў конкурс малюнкаў “Птушкі — нашы сябры”. У 6-х класах праводзіліся заняткі “Экалагічнае свята — Дзень птушак”. Заняткі былі накіраваны на фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей, паглыбленне ведаў пра птушак Беларусі, на развіццё ўвагі, назіральнасці, даследчых здольнасцей. Падчас заняткаў праводзіліся вясёлыя гульні, напрыклад, “Курыца”, “Пінгвін” і інш. Іх апісанне ёсць на сайце АПБ, можна пагуляць у іх усёй сям’ёй і даведацца шмат цікавага пра віды птушак. Навучэнцы 7-х класаў праводзілі растлумачальную работу сярод навучэнцаў пачатковых класаў, раздавалі ім самастойна распрацаваныя лістоўкі-памяткі. Вельмі важна, каб з першых гадоў навучання дзецям прывівалі любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе.
Ахова птушак Бацькаўшчыны — гэта больш за 100 рэалізаваных прыродаахоўных праектаў, каля 15 000 гектараў паўторна забалочаных тарфянікаў, 50 выяўленых у Беларусі тэрыторый, важных для птушак. За кожнай акцыяй стаіць вялікая работа, а цяпер наш раён уносіць у яе свой уклад.

Максім ШКРЭДАЎ,
навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Чавус.