Крэатыўныя ўрокі англійскай мовы

Сённяшні выпускнік школы павінен умець адаптавацца да самастойнага жыцця, быць гатовым да зменлівых умоў свету і праблемных сітуацый, умець разгледзець іх з розных бакоў і знайсці рацыянальны спосаб іх вырашэння. Поспех тут залежыць ад здольнасці выкарыстоўваць неабходную інфармацыю ў хуткім тэмпе. Такая здольнасць называецца крэатыўнасцю.

Кожнае дзіця валодае творчым патэнцыялам. Творчасць праяўляецца ў захапленнях. Дзеці майструюць, малююць, пішуць вершы, вядуць дзённікі, фатаграфуюць, калекцыяніруюць і г.д.

Што садзейнічае развіццю крэатыўнага мыслення школьнікаў? На сваіх уроках імкнуся прытрымлівацца такіх прынцыпаў пабудовы заняткаў, якія стымулююць развіццё асноўных якасцей крэатыўнасці: спрыяльная псіхалагічная атмасфера, добразычлівасць настаўніка, дапамога дзецям у выяўленні іх ідэй, заахвочванне, магчымасць самастойнага пошуку рашэнняў і інш.

Сучасная метадычная навука прапаноўвае шмат прыёмаў, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей дзяцей. Так, вывучэнне англійскай мовы, гісторыі, культуры і традыцый англамоўных краін дапамагае развіваць творчыя здольнасці школьнікаў на канкрэтным жыццёвым матэрыяле.

На пачатковым этапе навучання ўзроставым і псіхалагічным асаблівасцям дзяцей найбольш адпавядае творчая работа з вершамі і песенькамі, а таксама іх выкананне па ролях. Рыфмаваныя тэксты дапамагаюць лёгка і хутка засвойваць незнаёмыя словы і ліквідаваць фанетычныя цяжкасці. Так, песенька “Rainbow” дапамагае дзецям хутка запомніць колеры, “Old McDonald” — назвы жывёл, “Heаd, shoulders, knees and toes” — часткі цела. Акрамя таго, музычныя паўзы і фізкультхвілінкі знімаюць псіхаэмацыянальнае напружанне вучняў.

З вялікай цікавасцю дзеці складаюць дыялогі на тэму “Знаёмства”, “У гасцях” і “У кафэ”, інсцэніруюць іх, выкарыстоўваючы карцінкі, фотаздымкі і цацкі. Старэйшыя вучні ахвотна складаюць тэматычныя крыжаванкі, у тым ліку з ілюстрацыямі.

Пры выкарыстанні метаду складання аповеду па фотаздымках і карцінках перавагу аддаю незвычайныя выявам. Аповед дзеці складаюць па-рознаму: з абмеркаваннем у групе ці самастойна, калі кожны вучань запісвае па чарзе па адным сказе.

У якасці псіхалагічнай разгрузкі часта выкарыстоўваю гульню “Show or Explain” (“Пакажы ці растлумач”). Адзін вучань выходзіць да дошкі і тлумачыць пэўнае слова з дапамогай жэстаў. Астатнія імкнуцца здагадацца, якое слова тлумачыцца. Лексічныя адзінкі грунтуюцца на раней засвоенай тэме. Адказы прымаюцца толькі па-англійску.
Вельмі эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення: правільныя і няправільныя сцвярджэнні, пераблытаныя лагічныя ланцужкі, ключавыя тэрміны, суаднясенне элементаў і аб’яднанне іх у пары.

Прапаноўваю дзецям заданне, якое патрабуе прадоўжыць гісторыю па ланцужку, уявіць, як магла закончыцца гісторыя, апісаць пейзаж па праслуханай музыцы, скласці рэцэпт любімай стравы і яе рэкламу.

Практыкаванне “Free Writing” уяўляе сабой сказ з незвычайнай ідэяй, якую неабходна завяршыць. Гэтае заданне выклікае цікавасць у вучняў, бо з’яўляецца асобасна арыентаваным і актывізуе граматычную тэму, якая вывучаецца. Так, пры вывучэнні тэмы “Умоўны лад” прапаноўваю завяршыць сказы: “If I were the President, I would…”, “If I were a bird I would…”, “If I won a lottery, I would…”, “If I lived in a big city, I would…”

У старшых класах мэтазгодна разважаць над цікавымі цытатамі і выказваннямі. Так, у 11 класе пры вывучэнні тэмы “Сям’я” прапаноўваю паразважаць над думкамі вядомых людзей: “All happy families are alike; each unhappy family is unhappy in its own way” (Leo Tolstoy), “Family is the most important thing in the world” (Princess Diana), “Family means no one gets left behind or forgotten” (David Ogden Stiers), “A man travels the world over in search of what he needs, and returns home to find it” (George Moore), “To understand your parents love, you must raise children yourself” (Chinese proverb).

Прапаноўваю дзецям зрабіць паэтычны пераклад верша на рускую мову, прыдумаць сітуацыю да ідыёмы, напісаць сачыненне на тэму “Школа будучыні”, “Дом маёй мары”, “Калі б я быў прэзідэнтам” і інш.

Надзвычай цікавым заданнем з’яўляецца завяршэнне лімерыка. Вучням даюцца 1, 2 і 5 радкі, а 3 і 4 радкі неабходна прыдумаць. Напрыклад:
1. There was a Young Lady of Niger,
2. Who smiled as she rode on a tiger;
3 ……………………………………
4 …………………………………..
5. And the smile on the face of the tiger.
(3. They returned from the ride
4. With the Lady inside,)
Прапаноўваю вучням у якасці дамашняга задання зрабіць паэтычны пераклад лімерыкаў.
Дзеці ахвотна сачыняюць сінквейны (пяцірадкоўі) па зададзенай тэме. Line 1: One word (the title).
Line 2: Two words (describing the title).
Line 3: Three words (describing an action or containing three present participles). Line 4: Four words (expressing a feeling).
Line 5: One word (a synonym for the title).
Вось прыклад сінквейна па тэме “Hobby” ў 6 класе:
Hobby
Interesting, popular, favourite.
Collect, play, read.
Tastes differ.
Free time.
А вось сінквейн па тэме “Friendship” у 7 класе:
Friend
Reliable, true.
Cares, helps, supports.
Never lets you down.
Second self.

Гэтыя прыёмы фарміруюць творчую асобу і развіваюць арыгінальную мысліцельную дзейнасць вучняў, неабходную для далейшай плённай жыццядзейнасці і адаптацыі ў сучасным свеце.

Валянціна КУЦКО,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Іванава.