Крэатыўныя педагогі і таленавітыя дзеці

Праблема прафесійнай арыентацыі падрастаючага пакалення застаецца актуальнай на сучасным этапе сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага і адукацыйнага развіцця краіны. І таму сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міншчыны адкрывае магчымасці для масавага праяўлення творчых здольнасцей школьнікаў.

На сёння ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці працуе 4036 аб’яднанняў па інтарэсах, якія дазваляюць 56 677 навучэнцам развіваць свае творчыя здольнасці, набываць уменні паспяхова адаптавацца да сучаснага соцыуму, рэалізоўваць сябе ва ўмовах інтэнсіўнага развіцця новых тэхналогій.
Арганізацыя падрыхтоўкі навучэнцаў да выбару прафесii, увядзенне праграм пачатковай прафесійнай адукацыі зыходзячы з патрэб рэгіёна — важная роля ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
На працягу трох гадоў калектыў Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці рэалізуе мэтавую праграму “Я ў свеце прафесій”. Цiкавыя шматлiкiя мерапрыемствы спрыяюць фарміраванню ў вучняў адказных адносін да выбару прафесійнага шляху. Ужо сёння дасягнуты значны вынік: многія выпускнікі цэнтра прадоўжылі навучанне па абранай спецыяльнасці. Так, былыя ўдзельнiкi ўзорнага ансамбля танца “Папараць-кветка” (кіраўнік Ірына Лаўрова) Ягор Кажух, Пётр Бойка, Настасся Жыгальская закончылі Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў і працягваюць сваю прафесійную дзейнасць у Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. Аляксей Мазанік — удзельнік Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Навучэнцам Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў стаў Аляксандр Канановіч, якi выбраў аддзяленне харэаграфіі.
Яскравым прыкладам прафесійнага станаўлення вучняў з’яўляецца вопыт работы аб’яднання па інтарэсах “Школа журналістыкі” Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзiк”. Толькі за апошніх 5 гадоў прафесію журналіста абралі для сябе 19 выпускнікоў. Актыўная жыццёвая пазіцыя навучэнцаў клуба дазволіла ім стаць дэлегатамі рэспубліканскага круглага стала “Дзеці Беларусі”, абласных маладзёжных форумаў, а таксама ўдзельнікамі ўсебеларускіх акцый “Ліст прэзідэнту” і “Пытанне прэзідэнту”.
У Барысаўскім цэнтры дзяцей і моладзі “Унікум” функцыянуе аб’яднанне па інтарэсах “Радыёспорт”. 70% навучэнцаў аб’яднання, якія прызваны на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, служаць у палку сувязі, дзе маюць магчымасць праявіць і выкарыстаць свае веды, атрыманыя на занятках. 27 выпускнікоў аб’яднання выбралі прафесіі, звязаныя з радыёспортам. Многія, прайшоўшы курс навучання радыёспорту, працуюць сувязістамі ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

На працягу 25 гадоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна працуе аб’яднанне “Юныя матацыклісты”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Кулеш. У ходзе заняткаў дзеці вывучаюць Правілы дарожнага руху, знаёмяцца з тэхнікай кіравання матацыклам. Заняткі не праходзяць дарма. Навучэнцы аб’яднання з’яўляюцца частымі прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па хуткасным манеўраванні матацыклам, маюць магчымасць здаць экзамен у ДАІ на атрыманне вадзіцельскага пасведчання.
Удзел у рабоце аб’яднання па інтарэсах дапамагае многім вызначыцца ў выбары прафесіі: 80% навучэнцаў аб’яднання штогод паступаюць у Абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй Дзяржынска, у ліцэі і каледжы Мінска на спецыяльнасці, звязаныя з вывучэннем і кіраваннем транспартнымі сродкамі. Каля 50% навучэнцаў аб’яднання становяцца вадзіцелямі па прафесіі.
Выпускнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Эстрадныя спевы”, “Народныя промыслы”, “Выяўленчае мастацтва і дызайн”, “Самба”, “Дэкаратыўны роспіс”, “Вырабы са скуры” Цэнтра творчасці Смілавіч прадоўжылі навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Мінскім інстытуце кіравання, Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага і інш.
Штогод выпускнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна звязваюць сваю прафесійную дзейнасць з педагагічнай работай і мастацкай творчасцю. Цэнтр ажыццяўляе сваю дзейнасць па напрамках: дэкаратыўна-прыкладная і мастацкая творчасць, культурна-адукацыйная дзейнасць, грамадска-гуманітарны і сацыяльна-педагагічны кірункі.
За значны ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнага мастацтва Беларусі, народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў Мікалай Пратасеня, педагог дадатковай адукацыі творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, узнагароджаны Ганаровай граматай беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У лютым 2013 года калектыў цэнтра за стварэнне ўмоў для развіцця асобаснага і творчага патэнцыялу навучэнцаў, паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Рост сацыяльнага статусу дадатковай адукацыі суправаджаецца яго інтэнсіўным абнаўленнем. На фоне фарміравання новага сацыяльнага заказу вырасла актыўнасць, самадзейнасць устаноў дадатковай адукацыі, варыятыўнасць у змесце і арганізацыі іх дзейнасці.
Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сёння — гэта саюз унікальных педагогаў і таленавітых дзяцей, у якім адлюстраваны майстэрства і прафесіяналізм, радасць зносін і творчы агеньчык, педагагічныя тэхналогіі і вострае пачуццё сучаснасці.
Дваццаць тры педагагічныя праекты па выхаваўчай рабоце рэалізуюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці, з іх два праекты абласнога ўзроўню — у Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці.
Прафарыентацыя навучэнцаў складае сутнасць функцыянавання і развіцця ўстаноў сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі. Дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах дае магчымасць навучэнцам у той ці іншай ступені дакрануцца да свету прафесій.

Таццяна СТРАПКО,
начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы
Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра.