Краязнаўства як школа патрыятызму

Адным са сродкаў грамадзянска-патрыятычнага і маральнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца школьнае краязнаўства. Падчас краязнаўчай работы ў дзяцей фарміруецца інтарэс да вывучэння гісторыі краіны, роднага горада, вёскі. Любоў да Радзімы пачынаецца з канкрэтных ведаў пра вуліцу, раён, горад, вёску, дзе мы жывём. Гэтыя веды школьнікі могуць атрымаць у краязнаўчым гуртку.

У нашай школе дзейнічаюць гісторыка-краязнаўчы гурток і клуб “Патрыёт”. У гуртку займаецца 15 чалавек. У пачатку кожнага навучальнага года выбіраецца стараста гуртка і яго намеснік. Гурткоўцы размяркоўваюцца па асноўных напрамках работы: гістарычнае краязнаўства, гісторыя роднага краю і баявой славы, этнаграфія. Гурткоўцы выконваюць абавязкі экскурсаводаў, краязнаўцаў-даследчыкаў, адказных за перапіску і членаў лектарскай групы.
Работа гуртка пачалася з таго, што мы вырашылі напісаць гісторыю роднай вёскі Бездзеж. На працягу двух гадоў збіраўся матэрыял па гісторыі населенага пункта, пра яго помнікі гісторыі і культуры, вядомыя мясціны. Сабраны матэрыял быў аформлены ў выглядзе альбома. Адначасова збіраліся і старыя рэчы. Навучэнцы прыносілі прадметы побыту (гаршкі, збаны, міскі, прасы, лямпы), прылады працы (верацёны, сярпы, калаўроты, рыдлёўкі) і адзенне бездзежскіх жыхароў (сарочкі, андаракі, каніцы, чапцы, курткі).
Вялікі інтарэс уяўляюць шматлікія рэчавыя і пісьмовыя помнікі: фотаздымкі, дакументы, успаміны, дзённікі, узнагароды і інш. Усе матэрыялы ўважліва вывучаюцца, адбіраюцца і абагульняюцца. Вызначаецца гістарычная каштоўнасць і значнасць кожнага экспаната. Гурткоўцы рэстаўрыруюць і апрацоўваюць знаходкі, праводзяць экскурсіі.

Задача гуртка — пашырыць магчымасці самастойнай работы з экспанатамі, дакументамі, большасць з якіх звязаны з пошукавай дзейнасцю. Займаючыся краязнаўствам, школьнікі адчуваюць грамадскую карысць пошукавай справы. Гэта павышае самаацэнку дзяцей, прымушае іх паверыць ва ўласныя сілы, фарміруе актыўную жыццёвую пазіцыю.
Пошукавая дзейнасць гурткоўцаў уключае збор, апрацоўку, сістэматызацыю і захоўванне матэрыялаў, вядзенне перапіскі і прапаганду вынікаў пошуку. Для большай эфектыўнасці работы наладжваюцца кантакты з рознымі арганізацыямі і ўстановамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, сведкамі ваенных падзей, настаўнікамі гісторыі і бацькамі дзяцей. Юныя краязнаўцы неаднаразова звярталіся па дапамогу да насельніцтва.
Важным сродкам актывізацыі пошукавай работы з’яўляецца напісанне творчых сачыненняў і эсэ на ўроках: “З табой побач франтавікі”, “Нам дарогі гэтыя забыць нельга”, “Ордэн у тваім доме” і “Усё для фронту, усё для перамогі”.
Краязнаўчая работа ў школе праводзіцца на ўроках, факультатыўных занятках і ў пазаўрочны час. Формы пазакласнай работы вельмі разнастайныя: тыдні гісторыі і краязнаўства, гістарычныя вечарыны, алімпіяды, канферэнцыі, паходы, экскурсіі, злёты, спаборніцтвы, акцыі, вахты памяці, сустрэчы з ветэранамі і інш. Урачыста праходзіць свята “Беларусам я завуся, родным краем ганаруся”. Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у акцыях рознага ўзроўню.
Навучэнцы рыхтуюць рэфераты на розныя тэмы: “Палкаводцы Вялікай Айчыннай вайны”, “Гарады-героі Савецкага Саюза”, “Найбуйнейшыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны: бітва за Маскву, Сталінград, Курская бітва, абарона Брэсцкай крэпасці”. На аснове сабраных матэрыялаў пішацца “Летапіс Вялікай Айчыннай вайны”. Вялікую работу краязнаўцы вядуць таксама па ахове гістарычных помнікаў. Так, навучэнцы шэфствуюць над помнікамі загінуўшым землякам у вёсках Бездзеж, Заклеценне і Какорыца. Нядаўна, дзякуючы дапамозе Драгічынскага райвыканкама, адрэстаўрыравана мемарыяльная калона, узведзеная ў памяць пра трагічныя падзеі 6 верасня 1771 года, калі адбылася бітва паміж барскімі канфедэратамі на чале з гетманам М.Агінскім і атрадам рускага палкоўніка Албішава. У выніку тых падзей было спалена мястэчка.

У наваколлі Бездзежа шмат гістарычных помнікаў і мясцін. Так, на самым высокім узгорку за вёскай устаноўлены памятны знак адной з кропак Дугі Струвэ. Пад аховай дзяржавы знаходзіцца мясцовая царква, адноўлены каталіцкі касцёл. У 1999 годзе адкрыты музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, дзе сабраны ўнікальныя матэрыялы ткацтва і вышыўкі майстрых з Бездзежа і суседніх вёсак.
Школьнікі часта сустракаюцца з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Успаміны ветэранаў запісваюцца на магнітафон, дыктафон і іншыя носьбіты інфармацыі. Гэтыя матэрыялы складаюць фанатэку “Гавораць ветэраны і народныя мсціўцы”.
Гурткоўцы з’яўляюцца актыўнымі турыстамі і праваднікамі па мясцінах баявой славы Драгічыншчыны. Некалькі гадоў назад актывісты клуба “Патрыёт” ажыццявілі зімні лыжны паход па мясцінах партызанскага руху і генацыду (маршрут Бездзеж — Хомск — Заточча — Заклеценне — Бездзеж). У групу ўвайшлі 10 навучэнцаў 7-8 класаў. За час паходу адбыліся тры экскурсіі. Школьнікі пабывалі каля 6 помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, ачысцілі іх ад снегу і прывялі ў парадак. Але асабліва запомнілася дзецям сустрэча з ветэранам, жыхаром Хомска М.Я.Галахам, які расказаў ім пра трагічныя падзеі 1941 і 1943 гадоў. Навучэнцы з заміраннем сэрца слухалі аповеды пра варварскія акцыі карнікаў у Хомску і Заточчы.
У гуртку няма дзяцей, якія не любілі б спорт. Восенню школьнікі трэніруюцца па тэхніцы веласіпеднага турызму, а зімой катаюцца на лыжах. Гурткоўцы часта гуляюць у школьнай спартзале ў баскетбол і валейбол, а на стадыёне — у футбол. Кожны ўмее распальваць вогнішча і арыентавацца на мясцовасці, ведае і выконвае правілы тэхнікі бяспекі, можа аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу, умее карыстацца неабходным турыстычным інвентаром і гатаваць ежу ў паходных умовах. Тэарэтычныя веды навучэнцы неаднаразова пацвярджалі практычнымі справамі, дзе заўсёды праяўлялі сябе згуртаваным калектывам. Так, за ўдзел у абласным конкурсе зорных паходаў школьнікі атрымалі дыплом І ступені ад Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.
Гурткоўцы сабралі цікавыя матэрыялы пра Здзітаўскую абарону і абарону Дняпроўска-Бугскага канала, пра гібель некаторых камандзіраў партызанскіх атрадаў, партызанскі аэрадром у вёсцы Сварынь і інш. Некалькі гадоў краязнаўцы збіралі матэрыялы пра баявы шлях 61-й арміі І Беларускага фронту, бо менавіта яе падраздзяленні вызвалялі Драгічынскі раён.

Юныя гісторыкі-краязнаўцы актыўна ўдзельнічаюць у святкаванні розных юбілеяў і знамянальных дат, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. Дзеці выступаюць дастойна не толькі на ўзроўні раёна, але і вобласці, краіны. Найбольш актыўныя навучэнцы — Святлана Юшкевіч, Настасся Ласко, Аляксандр Чайкоўскі, Іна Ярмац, Ірына Лукашчык, Юлія Кузенька, Марына Янушчык, Кацярына Страпко, Алеся Юшкевіч, Алеся Грэчка і Святлана Супрун.
Удзел у паходах, экскурсіях, навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах па краязнаўстве дапамагае навучэнцам у выбары будучай прафесіі. Радуе, што многія юныя краязнаўцы выбіраюць у далейшым прафесію настаўніка гісторыі.
Патрыятызм нельга прывіць прымусова. Майстэрства педагога заключаецца ў тым, каб расказаць пра вернасць Айчыне, гуманізм і грамадзянскі гонар без павучанняў і рэкамендацый. Толькі ўласным прыкладам і павагай да людзей і роднай зямлі можна далучыць школьнікаў да агульначалавечых маральных каштоўнасцей.
Краязнаўства — гэта цудоўная школа выхавання грамадзянскасці і фарміравання асноў жыццёвага самавызначэння. Краязнаўства трэба разумець шырока: гэта і наша мінулае, і наша сённяшняе, якое фарміруе нашу будучыню. Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе краязнаўчага матэрыялу дазваляе выхоўваць у дзяцей павагу да малой Радзімы, яе мінулага, культурных каштоўнасцей і землякоў, а таксама фарміраваць веды пра побыт, заняткі, гаспадарчае жыццё і абрады продкаў. Сувязь моладзі з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай дапамагае ёй не толькі ацаніць мінулае і сённяшняе, але і пазнаць сябе ў жыцці, вызначыцца ў будучыні.

Раман ЧАЙКОЎСКІ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Бездзежскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна.