Краязнаўчы п’едэстал

Папулярнасць гомельскай абласной краязнаўчай алімпіяды з кожным годам узрастае. Мерапрыемства набывае новых сяброў, у тым ліку і з суседняй Бранскай вобласці. Шэсць школ гэтага расійскага рэгіёна, у прыватнасці з Навазыбкаўскага і Клімаўскага раёнаў, удзельнічалі ў краязнаўчай алімпіядзе Добрушскага раёна, якая праходзіла на базе Насовіцкай школы. Тады расіяне прыехалі да сваіх сяброў з макетам Сцяга Перамогі, капсулай свяшчэннай Навазыбкаўскай зямлі, спісам жыхароў раёнаў, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Гомельшчыны.

Арганізатары абласной румянцаўскай алімпіяды, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 43 Гомеля, — у першую чаргу работнікі Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі — зрабілі ўсё магчымае, каб яна прайшла па-святочнаму і на высокім прафесійным узроўні. Алімпіяда складалася з трох тураў. Першы, завочны, быў прысвечаны збору матэрыялаў аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, запісу іх успамінаў, стварэнню відэафільмаў, адлюстраванню той работы, якую праводзіць школа па патрыятычным выхаванні моладзі. Перамогу ў гэтым туры атрымалі расійскія госці з Замішава Навазыбкаўскага раёна. Яны былі ўзнагароджаны каштоўным падарункам і дыпломам І ступені.
Другі тур быў прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, а трэці — Вялікай Айчыннай вайне. Пытанні для алімпіяды падрыхтавалі супрацоўнікі абласнога музея баявой славы, кафедры гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Прафесійнаму журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення адукацыі, Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, музея баявой славы, абласнога Цэнтра творчасці, выкладчыкі ўніверсітэта і работнікі абласнога Цэнтра турызму, былі задаволены ведамі вучняў, іх цікавасцю да гістарычных падзей.
Насаўляне былі крыху недакладнымі ў другім туры, таму занялі толькі 3-е месца. Больш эрудзіраванымі аказаліся навучэнцы Рагачоўскага і Лельчыцкага раёнаў. А вось па веданні падзей Другой сусветнай вайны наша каманда значна апярэдзіла астатніх. На вялікі жаль, па выніках трох тураў лепшыя краязнаўцы Насовіцкай школы Дзяніс Пабедзін (11 клас), Яна Бондарава (10 клас) і Максім Пазнякоў (9 клас) занялі толькі 3-е агульнакаманднае месца сярод 29 каманд вобласці. Да найвышэйшай прыступкі п’едэстала крыху не хапіла.

Віктар СЕРПІКАЎ,
педагог дадатковай адукацыі
Насовіцкай сярэдняй школы Добрушскага раёна, кіраўнік каманды.