Краязнаўчы матэрыял на ўроках англійскай мовы

Сёння міжкультурныя зносіны на замежнай мове з’яўляюцца надзвычай актуальнай тэмай, бо многія людзі падарожнічаюць па свеце, наведваюць краіны ў дзелавых мэтах і для адпачынку, кантактуюць з людзьмі розных нацыянальнасцей. У такіх умовах чалавек павінен ведаць культуру і гісторыю роднага краю, каб весці дыялог на роўных з замежнікамі. Не бывае дыялогу культур, калі людзі не могуць нічога расказаць пра сваю радзіму і яе славутыя мясціны.

Улічваючы гэта, узнікае неабходнасць вывучэння роднага краю, яго гісторыі, культуры, традыцый, жыцця народа і яго побыту на ўроках замежнай мовы праз выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу. На сваіх занятках вяду мэтанакіраваную работу па фарміраванні ў навучэнцаў уменняў прэзентаваць сваю краіну і яе культуру сродкамі англійскай мовы ва ўмовах міжкультурных зносін.
Дзякуючы выкарыстанню краязнаўчага матэрыялу ў дзяцей развіваецца камунікатыўная кампетэнцыя. Да такога матэрыялу звяртаюся пры вывучэнні тэмы Family, калі вучні расказваюць пра членаў сваёй сям’і, месца іх нараджэння і работы, а таксама пра продкаў. Ліцэісты прыносяць старыя фотаздымкі з сямейных альбомаў, якія з’яўляюцца цудоўнай крыніцай для атрымання інфармацыі пра родны край, яго гісторыю, культуру і побыт людзей.
Тэма Environment дапамагае вучням ацаніць прыроднае багацце роднага краю. На ўроках па гэтай тэме дзеці абмяркоўваюць экалагічныя праблемы, якія існуюць на Жабінкаўшчыне, знаходзяць шляхі іх вырашэння, працуюць над праектам Small actions can change the world.
Вывучэнне тэмы My Homeland — Belarus праходзіць у форме ўрокаў-падарожжаў у розныя куткі нашай Радзімы. Вучні з дапамогай камп’ютарных прэзентацый, інтэрнэт-рэсурсаў і даведачнай літаратуры рыхтуюць віртуальныя экскурсіі па Жабінцы і Брэсце. Многія дзеці выкарыстоўваюць таксама фота- і відэаздымкі, зробленыя падчас наведвання розных мясцін Беларусі. Напрыканцы вывучэння тэмы дзеці працуюць над праектам A web page model: распрацоўваюць інтэрнэт-старонку пра Жабінку, традыцыі і звычаі яе жыхароў, знакамітых землякоў і яркія падзеі з жыцця горада.
Пры вывучэнні тэмы News звяртаемся да матэрыялаў мясцовай газеты “Сельская праўда”. Абмяркоўваем цікавыя публікацыі, пастаянныя рубрыкі. Вучням вельмі падабаецца метад незакончаных сказаў, калі, напрыклад, неабходна дапісаць сказ If I were a reporter of our local paper I would… (калі б я працаваў журналістам у мясцовай газеце, я б…). Дзеці выказваюць прапановы, як зрабіць газету больш цікавай, каб яна прыцягвала ўвагу маладзёжнай аўдыторыі. Пры гэтым вучні паўтараюць правілы ўжывання ўмоўных сказаў.
Беларуская зямля дала свету шмат выдатных людзей. Жабінкаўшчына вядомая тым, што на яе тэрыторыі ў сваім сямейным маёнтку жыў нацыянальны герой ЗША, Францыі і Польшчы Тадэвуш Касцюшка. Сёння там дзейнічае краязнаўчы музей Жабінкаўскага раёна. Асобная кампазіцыя ў ім прысвечана нашаму земляку.
У 10 класе пры вывучэнні тэмы Famous people вучні рыхтуюць паведамленні пра Т.Касцюшку, вывучаюць яго біяграфію, цікавыя факты з жыцця. У выніку была падрыхтавана віктарына Interesting facts from Kostiushko’s life.
Урокі-экскурсіі робяць захапляльным вывучэнне тэмы Tourism. У пазакласнай дзейнасці вучні вельмі любяць хадзіць у паходы, ездзіць на экскурсіі. Асабісты вопыт дзяцей робіць урокі цікавымі і каштоўнымі для іх саміх. Ліцэісты вывучаюць турыстычныя аб’екты Жабінкаўшчыны: помнікі архітэктуры (старыя цэрквы), прыроды (унікальныя расліны, якія растуць на тэрыторыі раёна) і Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, складаюць англамоўныя турыстычныя маршруты.
Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу ў пазакласнай рабоце па замежнай мове дазваляе стварыць атмасферу маўленчых зносін, максімальна набліжаных да натуральных умоў, пашырае кругагляд дзяцей, развівае іх пазнавальную актыўнасць, павышае матывацыю да вывучэння мовы і культуры іншай краіны. У ліцэі сталі традыцыйнымі англамоўныя святы (British and Belarusian Christmas), тэматычныя вечарыны (Belarusian traditions), канферэнцыі (пра гісторыю ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” з нагоды яго 50-годдзя), фестывалі беларускай і замежнай кухні, вусныя часопісы пра землякоў і віртуальныя падарожжы My native town — Zhabinka.
Краязнаўчы матэрыял на ўроках англійскай мовы выкарыстоўваю ўжо некалькі гадоў. Практыкаванні краязнаўчага характару прыемна разнастайваюць заняткі, уносяць у іх элементы рэальнага жыцця, павышаюць якасць навучання, выконваюць усе дыдактычныя функцыі. Краязнаўства адкрывае шырокія магчымасці для самастойнай пошукава-даследчай дзейнасці вучняў і нават невялікіх адкрыццяў. Акрамя таго, краязнаўства дапамагае дзецям асэнсаваць гістарычнае развіццё грамадства, зразумець узаемасувязь мясцовага і агульнага, а ў выніку зразумець сучаснасць, выпрацаваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Алена ЦАЛЬ,
настаўніца англійскай мовы ліцэя Жабінкі.