Колер развівае інтэлект

Адным з важнейшых напрамкаў дашкольнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне развіцця інтэлектуальнай актыўнасці кожнага дзіцяці. Улічваючы, што дашкольнае дзяцінства — гэта перыяд інтэнсіўнага сенсорнага развіцця дзіцяці, стымуляцыю інтэлектуальнай дзейнасці рацыянальна весці сродкамі колеру. Выкарыстанне гульняў і практыкаванняў з колерам пры арганізацыі адукацыйнага працэсу адкрывае для гэтага шырокія магчымасці.

Мэтанакіраванае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе з дзецьмі 5—6 гадоў гульняў і практыкаванняў з колерам матывуе іх на пашырэнне пазнавальных працэсаў, развівае колераўспрыманне і колерараспазнаванне, развівае інтэлектуальную актыўнасць, павышае камунікатыўны ўзровень, ўзбагачае сенсорны і эмацыянальны вопыт.У гульнях і практыкаваннях на знаёмства з колерам і каляровымі адценнямі ў дзяцей узбагачаецца слоўнікавы запас назвамі колераў і іх адценняў, развіваецца нестандартнае мысленне, фарміруецца ўменне задаваць пытанні, разважаць. Для знаёмства з колерамі і колеравымі адценнямі выкарыстоўваецца практыкаванне “Назаві, на што падобна”. У гульнявой форме дзецям прадастаўляецца цікавая інфармацыя аб колеры. Спачатку педагог сам апісвае колер: да якой колеравай групы належыць пэўнае адценне, з колерам якога прадмета яго можна параўноўваць. Напрыклад, можна сказаць, што жоўты колер — гэта колер яечнага жаўтка, колер сонейка, а шакаладны — гэта карычневы, колер шакаладу. У гульнявым практыкаванні “Назаві, што бывае такога колеру” дзіцяці прапаноўваецца палітра колераў. Напрыклад, чырвоным бывае капялюшык у грыба, клубніцы і г.д. Гульня “Дружная сямейка” дапамагае дзіцяці даведацца аб разнастайнасці адценняў аднаго колеру. Для гульні выкарыстоўваюцца карткі з усімі адценнямі аднаго колеру (6—10 картак) і некалькі картак з іншых груп колераў. Напрыклад, карткі з адценнямі чырвонага колеру (і іншых каляровых адценняў) раскладваюцца на падлозе каляровым бокам уверх, як быццам гэта восеньскія лісточкі. Дзецям прапаноўваецца сабраць з іх “букет”, выбіраючы толькі чырвоныя адценні. Лішнія колеры застаюцца на падлозе. Сабраныя адценні называюцца манахромнымі. Яны ўсе дружныя і гарманічна выглядаюць разам.
Гульні і практыкаванні на колераўспрыманне і колерараспазнаванне развіваюць назіральнасць, мысленне, зрокавую памяць і ўспрыманне, дапамагаюць усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі паміж прадметамі і з’явамі, актыўнасць. Пры дапамозе гульні “Цёпла — холадна” ў выхаванцаў замацоўваюцца паняцці цёплых і халодных колераў. Дзецям прапаноўваецца сабраць усе халодныя кропелькі, каб атрымалася асенняя лужына (каток, заледзянелае возера). Тое ж можна зрабіць з цёплымі праменьчыкамі і сонечнымі зайчыкамі. Прапаноўваючы дзецям гульнявое практыкаванне “Колькі колераў на карціне?”, педагог дае ўстаноўку назваць карціну, прааналізаваць і адказаць на пытанні (назваць колеры, якія з іх галоўныя, размясціць у шэраг ад самых светлых да самых цёмных). Выкарыстоўваюцца рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, рэкамендаваныя вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі (І.Хруцкі “Кветкі і садавіна”, А.Гугель “Блакітная вада”, І.Шышкін “Раніца ў сасновым бары”, П.Канчалоўскі “Бэз” і г.д.).

З цікавасцю дзеці гуляюць у “Падарожжа па карце”. Для гэтага раскладваецца вялікая геаграфічная карта і прапаноўваецца павандраваць: паплаваць у блакітных акіянах, палазіць па карычневых гарах, наведаць белую Антарктыду… Дзеці паказваюць на карце самыя высокія горы свету — яны цёмна-карычневых адценняў, самыя глыбокія месцы ў акіянах — цёмна-сінія. Падбіраюць пры гэтым карткі адпаведных колераў. Таксама можна арганізаваць гульню з палітычнай картай свету, на якой прапаноўваецца, напрыклад, знайсці “зялёную” Беларусь, “бэзавую” Украіну, “ружовую” Расію (там жывуць сябры) і г.д.Гульні-даследаванні з колерам развіваюць даследчыя паводзіны, гіпатэтычнае мысленне, дапамагаюць дзецям даследаваць навакольны і ўнутраны свет. Напрыклад, у гульні-практыкаванні “Як ты думаеш…” выхаванцы вучацца разважаць і праяўляць інтэлектуальную актыўнасць, задаючыся пытаннямі “Якога колеру раніца (дзень, вечар, ноч)?”, “Якога колеру лета (восень, вясна, зіма)?”, “Якога колеру радасць (казка, спакой, млявасць)?”. У практыкаванні “Падбяры фон для кветак” перад выхаванцамі стаіць задача размясціць прапанаваныя кветкі (дзьмухавец, дэльфініум, хрызантэму, ружу, гваздзік і г.д.) так, каб яны здаваліся больш яркімі. У практыкаванні “Вясёлка” выхаванцы даследуюць і называюць колеры вясёлкі і падбіраюць прадметы такога ж колеру са свету рэчаў, раслін, мінералаў, жывёл і аргументуюць свой адказ. Напрыклад, аранжавы — абрыкос, апельсін, сарафан і г.д. У гульні “Цуд колеру” педагог называе прадмет, ад якога ўтворана назва колеру. У скарбонцы педагога назвы колераў, якія ўтварыліся ад садавіны, агародніны, ягад — абрыкосавы, малінавы, вішнёвы, маркоўны, бурачны і г.д.; ад мінералаў і камянёў — бірузовы, жамчужны, рубінавы, смарагдавы; кветак і раслін — васільковы, цыкламенавы, салатавы; металаў — залаты, бронзавы, стальны; прадуктаў харчавання — малочны, шакаладны, кававы, сметанковы. Выхаванцы разгадваюць колер, знаходзяць картку з гэтым колерам, аргументуюць свой адказ. Асабліва падабаецца дзецям гульня “Колеразгадайка”. Для гульні выкарыстоўваюцца ваўчок і кругі з рознакаляровымі сектарамі. Круцячы ваўчкі і змешваючы колеры, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць адзін колер, называюць яго.

Вынікам гульняў-даследаванняў з колерам стаў даследчы праект выхаванца Яўгена Ірчыца “Тры колеры — мноства адценняў”, які быў адзначаны дыпломам пераможца ў намінацыі “Даследчая работа ў дзіцячым садзе” творчага конкурсу “Рассударики”.

Святлана АЛЕКСА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды Гродзенскай вобласці.