Кіраўнік, рэжысёр і проста сябар

42 сезоны існуе пры Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі ўзорны тэатр-студыя “Равеснік”. Пяць пакаленняў студыйцаў змянілася за гэтыя гады, паказана больш за шэсцьдзясят спектакляў, заваявана мноства ўзнагарод… Але самае галоўнае для кожнага тэатрала і тэатра ў цэлым — прызнанне гледача. І гэтае прызнанне ў юных акцёраў ёсць. Яно было раней і, без сумненняў, будзе заўтра, таму што ў “Равесніка” добры павадыр.

Рэжысёр і нязменны кіраўнік тэатральнай студыі Алена Уладзіміраўна Казлова — улюбёны ў тэатр і бязмерна адданы сваёй справе чалавек. За аснову ў рабоце яна бярэ тэзіс французскага спевака, вакальнага педагога і тэарэтыка сцэнічнага мастацтва Франсуа Дэльсарта, які казаў, што “мастацтва павінна прыводзіць у дзеянне спружыны жыцця, схіляць розум, пераконваць сэрца”. А калі так, то яе выхаванцы павінны не проста іграць ролю, а жыць ёю, не проста гаварыць са сцэны вывучаны тэкст, а несці кожнае слова з самага сэрца. Адным словам, яны павінны любіць мастацтва так, каб гэтае пачуццё магло заразіць кожнага гледача ў зале.

Без перабольшання можна сказаць, што гады, якія Алена Уладзіміраўна аддала дзіцячаму тэатру, былі не марныя. Сёння “Равесніку” ёсць чым ганарыцца. Яшчэ ў 1983 го-дзе юнацкая тэатр-студыя атрымала званне ўзорнага калектыву і пасля неаднаразова пацвярджала яго. Шмат разоў узорны тэатр станавіўся пераможцам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У скарбонцы “Равесніка” — дыпломы Малога тэатра СССР і Саюза пісьменнікаў СССР (1985, 1987), дыплом лаўрэата Рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня” (1998), дыпломы фестывалю “Славянскае скрыжаванне”, у тым ліку і дыплом лаўрэата фестывалю за лепшую мужчынскую ролю. У сакавіку гэтага года тэатр-студыя быў удастоены дыплома “Жамчужына года”, заснаванага Музеем гісторыі Гомеля. І гэта толькі невялікая частка ўзнагарод калектыву.

А для А.У.Казловай, як любога кіраўніка, найвышэйшай узнагародай з’яўляецца тое, што тут, у палацавым тэатры-студыі, пры яе непасрэдным удзеле нарадзіліся новыя імёны: акцёр тэатра і кіно (Мінск) Сяргей Юрэвіч, гераіня тэлесерыяла “Институт благородных девиц” Таісія Увядзенская, актрыса музычна-рамантычнага тэатра Стаса Намулу (Масква) Карына Туганбаева, акцёр Тэатра беларускай арміі Ігар Шугалееў.
Як усё атрымліваецца ў Алены Уладзіміраўны? Калегі кажуць, што сакрэт у яе ўменні знайсці і развіваць закладзеныя ў дзецях здольнасці, ісці за іх талентамі, а не супраць іх. Станіслаўскі вельмі добра заўважыў, што кожны рэжысёр, каб быць паспяховым, павінен сам быць крыху акцёрам. Можа, гэта яшчэ адзін сакрэт нашай гераіні? Алена Уладзіміраўна яшчэ вучаніцай 8 класа прыйшла ў Народны тэатр Палаца культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання (цяпер гэта будынак Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек). З таго часу так і засталася звязана з тэатрам.

Мастацкім кіраўніком Палаца культуры ў той час была Рэната Уладзіміраўна Макаранка, таленавіты чалавек, добрая і чулая жанчына. Менавіта яна, па словах А.У.Казловай, адыграла велізарную ролю ў яе станаўленні як прафесіянала. А кіраўнікі тэатра, Аляксандр Міхайлавіч Брыцко і Ірына Пятроўна Матросава, прывілі сваёй выхаванцы добры густ, навучылі разбірацца ў адчуваннях.
Мастацтва захапіла дзяўчыну, яна разумела, што без тэатра яе жыццё не можа быць поўным. Так яна стала студэнткай рэжысёрскага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта культуры і мастацтва, пасля заканчэння якога і прыйшла працаваць у Палац піянераў у якасці кіраўніка тэатральнай студыі. Пачынаючы справу, Алена Уладзіміраўна вырашыла, што тэатр павінен не толькі вучыць і выхоўваць, але і прыносіць радасць, здзіўляць. Магчыма, таму і рэпертуар тэатра-студыі “Равеснік” разнапланавы. Разам з сур’ёзнымі і злабадзённымі п’есамі (“Страсці па Варвары” В.Кучкінай, “Дарагая Алена Сяргееўна” Л.Разумоўскай, “Рыжая п’еса” К.Драгунскай) у рэпертуары ёсць і класічныя вадэвілі (“Урок дочкам” І.Крылова, “Бяда ад пяшчотнага сэрца” В.Салагуба), якія застаюцца актуальнымі і цяпер. Асобная тэма — класіка літаратуры. Часта калектыў звяртаецца да тэмы вайны (“Адпачынак па раненні” В.Кандрацьева , “Мой бедны Марат” А.Арбузава і іншыя).

Кожны год тэатр радуе сваіх гледачоў новымі прэм’ерамі. Апошнія з іх — “Безыменная зорка” М.Себасцьяна, “Жужа з Будапешта” Л.Жухавіцкага, “Пагаворым пра дзівацтвы кахання” Г.Мамліна, “Адам ажэніцца з Евай” Р.Штраля, “А ўсё ж такі яна круціцца” А.Хмеліка, “Ноч пасля выпуску” В.Цендракова, “Дуэль” М.Баджыева.
Усё гэта — вынік велізарнай працы педагога і выхаванцаў, вынік пераемнасці пакаленняў, якая існуе ў калектыве, цёплай сяброўскай атмасферы, адчування агульнага дома, які называецца тэатр-студыя “Равеснік”.

Наталля ЛУТЧАНКА.