Канікулы з розумам

У гонар якога беларуса названы адзін з галоўных хрыбтоў Кардыльераў? Плошча з якой назвай ёсць амаль ва ўсіх гарадах былога СССР? Юныя ўдзельнікі адкрытага гарадскога турніру па інтэлектуальных гульнях “Несцерка”, які прайшоў 27 кастрычніка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, ведаюць, што адказ на першае пытанне — Ігнат Дамейка, а на другое — “Дружба народаў”.

Ужо 16-ы раз навучэнцы 8—11 класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі з’язджаюцца ў сталіцу, каб паказаць свае веды, а таксама даведацца шмат новага на фестывалі, які названы ў гонар знаходлівага персанажа вядомай беларускай п’есы. 59 каманд змагаліся за перамогу ў чатырох этапах турніру. Кожны з этапаў меў асаблівую форму правядзення і сваю тэму. Першы інтэлектуальны бой пад назвай “Медыяазбука” скіраваў увагу ўдзельнікаў на мультымедыйны экран, дзе паказваліся заданні на кожную літару алфавіта. У наступным этапе “Медыяшкатулка” трэба было зразумець прынцып аб’яднання чатырох выяў і знайсці сярод іх лішнюю. Трэці этап “Свая гульня”, а таксама апошні этап “Што? Дзе? Калі?” былі арганізаваны як адаптаваныя версіі тэлевізійных праектаў, што давала навучэнцам магчымасць адчуць сябе сапраўднымі знатакамі. Адказы каманды давалі на спецыяльных бланках, якія потым збіраліся назіральнікамі. Дарэчы, яны яшчэ сачылі за тым, каб больш як 300 хлопцаў і дзяўчат не карысталіся падказкамі.Журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Беларускай лігі інтэлектуальных каманд, а таксама супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, рабіла падлік правільных адказаў і пасля кожнага этапу выстаўляла ўдзельнікам балы. Каманды былі падзелены па ўзроставых катэгорыях: ювеналы (8—9 класы) і юніёры (10—11 класы). Лепшыя тры каманды з кожнай узроставай катэгорыі былі ўзнагароджаны медалямі ва ўсіх чатырох этапах турніру. Трэба адзначыць, што журы дазваляла знатакам звяраць свае бланкі з правільнымі адказамі, каб школьнікі былі ўпэўнены ў справядлівых падліках. Па выніках фіналу ў гэтым годзе лепшымі сярод малодшых удзельнікаў турніру стала каманда “Салянка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, а сярод старэйшых — каманда з Мазыра “Не забудзься”. Пераможцы разам са шчодрымі апладысментамі атрымалі кубак “Несцерка-2015”.
“Заняць прызавое месца не проста, — дзеліцца выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд” Віталь Аляксандравіч Захарык. — Дзеці на працягу года рыхтуюцца да турніру, мадэлююць сітуацыі гульняў, разбіраюць пытанні, якія былі на фестывалях мінулых гадоў”.
Інтэлектуальны турнір “Несцерка” быў арганізаваны Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Восеньскія канікулы”. Сярод іншых адметных падзей цыкла — гарадскі турнір радыёкіруемых аўтамадэляў “Юны аўтамадэліст”, што адбыўся 25 кастрычніка. На спецыяльнай пляцоўцы сабраліся юныя тэхнікі, якія прадставілі свае мадэлі, а таксама ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па заездах на вызначаны час. Акрамя гэтага, у мастацкай галерэі “Палац” гэтай установы дадатковай адукацыі была адкрыта гарадская выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Традыцыі і сучаснасць”. На экспазіцыі выстаўлены лепшыя работы дзяцей, што займаюцца ў палацы і яго філіялах, а яшчэ творчыя работы іх педагогаў.
“Мерапрыемстваў вельмі шмат, — паведаміла загадчык сектара аддзела інфармацыйнага забеспячэння і рэкламы Іна Уладзіміраўна Білічэнка. — Мы ўсіх запрашаем весела, з карысцю і разумна правесці восеньскія канікулы”.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.