Канферэнцыя як вынік навучальнага года

Кожная ўстанова адукацыі можа ганарыцца сваімі таленавітымі навучэнцамі — тымі, хто цікавіцца навукай і любіць даследчую дзейнасць. Дзейнасць такіх вучняў не абмяжоўваецца ўрокам, бо педагогі зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці развіваліся, спрабавалі сябе ва ўменні самастойна рабіць невялічкія адкрыцці і прэзентаваць іх шырокай аўдыторыі.

Адна з найбольш эфектыўных форм работы па выяўленні, развіцці і падтрымцы адораных навучэнцаў — школьныя навукова-практычныя канферэнцыі, якія ў многіх установах даўно сталі традыцыйнымі. Гомельская сярэдняя школа № 57 не выключэнне. Чацвёрты раз прайшла тут навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў 5—11 класаў. Магчыма, гэта яшчэ даволі малады ўзрост, але ж зусім не гэты аспект ляжыць у аснове работы мерапрыемства. Сёння арганізатары з упэўненасцю адзначаюць павышэнне ўзроўню навукова-даследчых вучнёўскіх работ, што адлюстроўваецца ў падыходзе да складання структуры даследаванняў, у пастаноўцы мэт і задач, у рабоце над многімі важнымі аспектамі пры правядзенні і прэзентацыі праекта. Да таго ж прыкметна павялічылася аналітычная частка зместу, і, што асабліва каштоўна, у многіх дзяцей значна ўдасканаліліся навыкі апрацоўкі і сістэматызацыі крыніц інфармацыі.
Правядзенне канферэнцыі стымулюе дзяцей, і з кожным годам яны ставяць сабе больш складаныя задачы, каб, заручыўшыся падтрымкай створанага ў школе навуковага таварыства “Праметэй”, працаваць над сур’ёзнымі і цікавымі тэмамі.
Майская школьная навукова-практычная канферэнцыя — гэта і ёсць вынік работы “Праметэя” за навучальны год. Падрыхтоўка да яе пачынаецца яшчэ ў верасні. Нехта толькі вызначаецца з тэмай, а нехта пачаў рыхтаваць прэзентацыю. Ёсць і такія юныя навукоўцы, якія рыхтуюць свае даследчыя работы ў час летніх канікул. Адным словам, як вучні, так і настаўнікі працуюць на працягу ўсяго года.
— Канферэнцыя стымулюе навучэнцаў на працэс пазнання, надае ім упэўненасць у сваіх сілах, выклікае жаданне вучыцца, — дзеліцца думкамі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.М.Малай. — Гэта крок да самастойнасці, пошук свайго месца ў жыцці, актыўнае ўключэнне ў працэс самаадукацыі, павышэнне ўзроўню ведаў.
Сёлета канферэнцыя складалася з чатырох секцый: гісторыі, геаграфіі, біялогіі; англійскай мовы; рускай мовы і літаратуры; матэматыкі, інфарматыкі, фізікі. Як бачна, ахоплена большасць школьных прадметаў, а значыць, кожны вучань можа знайсці свой інтарэс.
Як правіла, многія навучэнцы прымаюць удзел у канферэнцыі з году ў год. Улічваючы недахопы мінулых работ і атрыманы раней вопыт, яны імкнуцца давесці свае першыя навуковыя спробы да больш высокага ўзроўню. Сёлета свае доследы на канферэнцыі прадстаўлялі як навучэнцы, якія маюць вопыт у выступленнях на канферэнцыях, так і пачынаючыя даследчыкі. Усяго на суд школьнай грамадскасці і журы былі прадстаўлены 22 работы. Патрабаванні былі строгія: час выступлення ўдзельніка быў строга абмежаваны, абарона работ абавязкова павінна была суправаджацца аўдыя-, відэаматэрыялам.
Школьная канферэнцыя праходзіла на працягу тыдня, кожнай секцыі — свой дзень. І вось вынікі падведзены, імёны пераможцаў агучаны. Чатырнаццаць навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені. Астатнія атрымалі пахвальныя водзывы ўдзельніка канферэнцыі. Таксама былі адзначаны падзякамі навучэнцы, якія аказалі дапамогу ў арганізацыі прэзентацый вучнёўскіх работ.
Чацвёртая школьная навукова-практычная канферэнцыя — гэта агляд самага яркага і цікавага, што зроблена навучэнцамі за апошні год ва ўсіх відах навукова-даследчай, практычнай і творчай дзейнасці, — гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Пакуль усё адбываецца толькі на ўзроўні нашай школы, але з часам мы хацелі б выйсці на міжшкольны ўзровень.
За летні перыяд работы будуць дапрацаваны і ў наступным навучальным годзе прадстаўлены на конкурсах і канферэнцыях розных узроўняў. Гэта адно з важных правіл мерапрыемства: не складзіраваць навуковыя даследаванні дзяцей, а даваць ім новае развіццё.

Наталля ЛУТЧАНКА.